БАЖ звярнулася ў МУС, Мінздароўя, ДВП з просьбаю шпіталізаваць Андрэя Пачобута
Беларуская асацыяцыя журналістаў даслала ліст у МУС, Мінздароўя, ДВП, у якім просіць неадкладна шпіталізаваць Андрэя Пачобута і забяспечыць яму неабходную медыцынскую дапамогу.
Зварот з просьбай шпіталізаваць палітвязня, журналіста Андрэя Пачобута, які ў турме захварэў на Covid-19, а, да таго ж, мае праблемы з сэрцам, накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамент выканання пакаранняў і яго структурныя падраздзяленні — Упраўленне па Мінску і Мінскай вобласці, у турму №8 у Жодзіне, дзе і ўтрымліваецца журналіст.
Прыводзім поўны тэкст звароту:
«ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" стала вядома аб тым, што сябра нашай арганізацыі журналіст Пачобут Андрэй Станіслававіч, які знаходзіцца пад вартай у ПУ "Турма № 8", не атрымлівае вельмі неабходнай яму медыцынскай дапамогі. Сродкі масавай інфармацыі і родныя Андрэя паведамляюць, што ён захварэў на Covid-19, але працягвае знаходзіцца ў перапоўненай камеры з дванаццаццю іншымі падследнымі.
Андрэй Пачобут мае захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Захворванне на каронавірус у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца (у тым ліку абмежаванні сядзець або ляжаць у камеры на працягу дня), ставіць пад пагрозу захаванне здароўя і нават жыццё Андрэя. Акрамя таго, пад рызыкай заражэння аказваюцца ўсе людзі, якія знаходзяцца ў адной з ім камеры, супрацоўнікі папраўчай установы.
Просім неадкладна шпіталізаваць Андрэя Пачобута і забяспечыць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Звяртаем увагу на абсалютную неадпаведнасць самым мінімальным медыцынскім і прававым патрабаванням умоў утрымання ў следчых ізалятарах асоб, віна якіх нават не ўстаноўлена судом. Гэта яшчэ больш недапушчальна ў перыяд пандэміі, паколькі падрываецца здароўе людзей, ставіцца пад пагрозу іх жыццё».