Пуцін, go home?
Здаецца, адным сваім выступам перад расійскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё, пра што так марылі беларускія ультранацыяналісты. У параўнанні з тым, што Лукашэнка «прад’явіў» былому прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, крычалка «Чамадан — вакзал — Расія» выглядае дзіцячым лепятаннем. Зараз адносіны з Расіяй, прынамсі, у беларускага прэзідэнта, сапсаваліся надоўга.

Здаецца, адным сваім выступам перад расійскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё, пра што так марылі беларускія ультранацыяналісты. У параўнанні з тым, што Лукашэнка
«прад’явіў» былому прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, крычалка «Чамадан — вакзал — Расія» выглядае дзіцячым лепятаннем. Зараз адносіны
з Расіяй, прынамсі, у беларускага прэзідэнта, сапсаваліся надоўга.
Паводле словаў Лукашэнкі, менавіта Пуцін «замарозіў» беларусаў у 2004-м. «Гэта рашэнне было прынята тагачасным прэзідэнтам Пуціным», — сказаў ён. Больш за
тое, менавіта Пуцін сарваў пабудову Саюзнай дзяржавы. «Хіба была б праблема ў хуткім прасоўванні стварэння і развіцця Саюзнай дзяржавы, калі б была на гэта воля Пуціна і Лукашэнкі? Не было
такой волі, і гэты працэс шмат у чым прытармазіўся. Не Лукашэнкі ў гэтым віна», — заявіў беларускі прэзідэнт. І яшчэ Лукашэнка заявіў, што Расія сама вінаватая ў тым, што Беларусь
да гэтага часу не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. «Мы адназначна занялі пазіцыю Расійскай Федэрацыі, падтрымаўшы на ўсіх узроўнях. Па вялікім рахунку, мы даўно павінны былі
прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію — не мае значэння, што там адбылося, — тым самым падтрымаўшы нашага саюзніка. На жаль, сам саюзнік вінаваты ў тым, што мы дагэтуль не вырашылі
гэтае пытанне», — заявіў Лукашэнка.
Адказ на гэтыя словы не прымусіў сябе доўга чакаць. На сустрэчы прэм’ераў Расіі і Беларусі — Пуціна і Сідорскага, якая адбылася на гэтым тыдні, расійскі экс-прэзідэнт і
прэм’ер дэманстратыўна «не заўважаў» словы Лукашэнкі, і ніяк не каментаваў ягоныя выказванні. Нібыта беларускага прэзідэнта не існуе ў прыродзе. Але ж Пуцін не пакінуў без
увагі іншы аспект беларуска-расійскіх адносінаў. Беларусь карыстаецца «самымі льготнымі ў СНД і ў свеце» цэнамі на энерганосьбіты з Расіі, зазначыў Пуцін, адкрываючы 6 кастрычніка
перамовы з беларускім калегам Сяргеем Сідорскім. Паводле слоў Пуціна, паніжаныя пошліны на нафту забяспечваюць загрузку беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і дазваляюць ім ажыццяўляць
дастаткова вялікі аб’ём экспарту, які «прыносіць значныя даходы ў цвёрдай валюце ў беларускі бюджэт».
«Халодная сустрэча» Пуціна з Сідорскім выклікала значную плынь каментараў. Прыкладам, некаторыя эксперты мяркуюць, што ў такой сітуацыі пасяджэнні Савета міністраў і Вышэйшага
дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якія плануецца правесці ў Маскве ў кастрычніку і лістападзе адпаведна, непажаданыя.
«Па-першае, спадар Пуцін не сцвярджаў, што пасяджэнне Саўміна 28 кастрычніка і на самай справе адбудзецца, а па-другое, гаварыў аб Вышэйшым дзяржсавеце так, як быццам на ім ніхто, акрамя
Сяргея Сідорскага, прадстаўляць Беларусь не будзе і, галоўнае, не зможа. (І на самой справе, цяжка сабе ўявіць, што Аляксандр Лукашэнка пасля ўсяго сказанага ім як ні ў чым не бывала прыедзе ў
Маскву, а расійскае кіраўніцтва яго як ні ў чым не бывала прыме. Гэта значыць, у інтарэсах і таго, і другіх не бачыцца адзін з адным)», — піша расійская газета
«КоммерсантЪ». Звычайна «Ъ» ведае, пра што гаворыць, а бяззменны карэспандэнт газеты з «крамлёўскага пулу» Андрэй Калеснікаў мае шырокае кола
знаёмых у Адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Менавіта ён і падаў інфармацыю пра мажлівы зрыў сустрэчы беларускага і расійскага прэзідэнта.
Іншы адказ Беларусь атрымала і ад віцэ-прэм’ера ўрада Расіі, міністра фінансаў Аляксея Кудрына 5 кастрычніка. Расія не дасць Беларусі апошні транш крэдыту ў памеры 500 мільёнаў долараў, але
будзе прасоўваць інтарэсы краіны па міжнароднай лініі — па атрыманні займаў ад МВФ і антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер урада Расіі, міністр фінансаў Аляксей
Кудрын 5 кастрычніка ў Стамбуле, дзе праходзіць гадавая сесія МВФ і Сусветнага банка. «Пакуль мы не разглядаем працяг крэдыту Беларусі (апошні транш на 500 мільёнаў долараў з заяўленага
раней стабілізацыйнага крэдыту ў 2 мільярда). На двухбаковай аснове не дадзім», — сказаў Кудрын.
Што застаецца рабіць Беларусі? Толькі арыентавацца на Захад альбо падтрымліваць сваю незалежнасць і сваю дзяржаўнасць. І крокі на гэтым напрамку робяцца такія, якіх мы не чакалі нават ад самага
нацыяналістычнага ўрада.
Падчас прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка, прысвечанай Дню работніка культуры, міністр культуры Павел Латушка акрэсліў прыярытэты сваёй дзейнасці, якія шмат каго прымусілі спачатку ўраніць, а потым
падняць сківіцу з падлогі.
Сярод прыярытэтаў былі названыя: даступнасць культуры, як унутранай, так і знешняй; культура як імідж краіны; падтрымка маладых талентаў; захаванне гістарычнай спадчыны. Павел Латушка зазначыў
таксама, што «ў апошні час павялічылася фінансавая падтрымка ўстаноў культуры ў Беларусі». Разам з тым, спадар міністр прапанаваў бізнесу актыўней падтрымліваць культурныя праграмы
і мерапрыемствы, у якасці прыкладаў назваўшы стварэнне сістэмы прадзюсерства ў краіне.
Шмат увагі Латушка надаў міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры, у тым ліку і ў межах «Усходняга партнёрства». «Нас аб’ядноўвае з Літвой і Польшчай адзіная
культурная спадчына», — зазначыў міністр. Супрацоўніцтва з гэтымі краінамі ў галіне рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры было названа прыярытэтным. На гэтыя мэты ў 2010 годзе плануецца
выдзеліць 50 мільярдаў рублёў.
Асобна спадар Латушка згадаў пра супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. «Важна, што аднаўляецца дыялог. Мы будзем актывізаваць яго. Гэта падыход кіраўніцтва нашай дзяржавы»,
— адзначыў міністр і запэўніў, што Беларусь будзе спрыяць адкрыццю беларускіх культурных цэнтраў за мяжой. Найперш у Літве, Расіі, Украіне.
Завяршаючы прэс-канферэнцыю, міністр адзначыў, што плануе правесці рэарганізацыю Міністэрства культуры: «З мэтай актывізаваць працу ўстановы. Яе ўзаемадзеянне з рэгіёнамі». А
развітваючыся з журналістамі, спадар міністр параіў кожны свой дзень пачынаць з беларускага слова: «Важна змяніць стаўленне грамадства да беларускай культуры».
Штосьці вельмі буйное здохла ў лесе, калі беларуская мова і беларуская культура раптам сталі прыярытэтам развіцця грамадства, — хаця б у асобна ўзятым міністэрстве. Дарэчы, Латушка і раней
заяўляў, што Мінкульт павінен стаць узорам для іншых міністэрстваў. Паглядзім, якія наступствы гэта выкліча.