Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях пастанавіла, што Рамана Пратасевіча пазбавілі волі незаконна

Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях пастанавіла, што Рамана Пратасевіча незаконна пазбавілі волі ў парушэнне шэрагу артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч


Пра гэта паведаміў у сацсетках Мікалай Халезін.

«Пры прызямленні Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега былі затрыманыя беларускімі ўладамі і ўзятыя пад варту супрацоўнікамі КДБ. Пратасевічу не дазвалялі бачыцца з сям’ёй пасля арышту. У яго недастатковы доступ да юрыдычнай дапамогі, яго зносіны з адвакатам і бацькамі адсочваецца. Ёсць важкія падставы меркаваць, што ён падвяргаўся фізічнаму гвалту і псіхалагічнаму ціску, уключаючы пагрозы “экстрадыцыі” прарасійскім сепаратысцкім фарміраванням на Усходзе Украіны, дзе яму маглі пагражаць катаванні або смерць», — адзначаецца ў рашэнні.

Таксама ў рашэнні згадваецца, што ўлады перадалі ў эфір некалькі «прызнанняў», якія, на думку бацькоў Рамана Пратасевіча, былі атрыманыя пад ціскам.

25 чэрвеня 2021 года ўлады абвясцілі, што Пратасевіч і Сапега былі заключаны пад «хатні арышт». Раман Пратасевіч «знаходзіцца пад пастаяннай аховай у невядомым месцы, практычна не кантактуючы са знешнім светам».

Рабочая група па адвольных затрыманнях выказала вельмі сур’ёзную заклапочанасць фізічным і псіхалагічным станам Пратасевіча і звярнулася да ўрада Беларусі з просьбай неадкладна вызваліць яго і даць яму кампенсацыю і іншыя рэпарацыі.

Нагадаем, у канцы траўня пасля фальшывага паведамлення аб небяспецы ў Мінску быў прымусова пасаджаны рэйс Ryanair Афіны-Вільня. Пасля пасадкі ў аэрапорце беларускай сталіцы былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Яны сталі фігурантамі крымінальных спраў. Соф'і Сапега прад'яўлена канчатковае абвінавачанне. Ёй пагражае шэсць гадоў турмы.

Пасадка самалёта выклікала рэзкую рэакцыю ў Еўрасаюзе. У дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя санкцыі. Для айчынных перавозчыкаў было закрыта неба ЕС, а таксама некаторых іншых краін. Еўрапейскія кампаніі сталі аблятаць Беларусь.

8 снежня газета The New York Times са спасылкай на крыніцы і прадстаўніка польскай службы бяспекі Станіслава Жарына паведаміла, што дыспетчар, які ўцёк гэтым летам у Польшчу, распавёў пра падрабязнасці інцыдэнту з самалётам Ryanair. Па словах суразмоўцаў выдання, ён заявіў, што пагроза выбуху на борце лайнера была загадзя ілжывай, а экстраная пасадка — аперацыяй па злове Пратасевіча, арганізаванай беларускай спецслужбай.

На наступны дзень Польшча апублікавала запіс перамоў дыспетчара мінскага аэрапорта і пілота лайнера Ryanair. На ёй чуваць, што дыспетчар і пілот размаўляюць па-англійску, аднак падчас перамоваў супрацоўніка мінскага аэрапорта па-руску кансультуе старонняя асоба — супрацоўнік КДБ.