Соф'і Сапега прад'яўлена канчатковае абвінавачанне. Ёй пагражае шэсць гадоў турмы
Справа расіянкі Соф'і Сапега неўзабаве будзе перададзена ў суд у Мінску. Беларускі СК выставіў ёй канчатковае абвінавачанне, піша руская служба ВВС са спасылкай на свае крыніцы.
Асноўны артыкул, па якім абвінавачваюць Сапега, — частка 3 артыкула 130 КК Беларусі («Распальванне варожасці»). Ёй пагражае шэсць гадоў турмы — гэта мінімальны тэрмін па гэтым артыкуле з улікам заключанага Сапега дасудовага пагаднення са следствам.
Паводле крыніц, Сапега знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане, яна падаўленая і разгубленая, не спіць па начах.
Толькі пасля абвяшчэння прысуду Сапега змогуць экстрадаваць у Расію. Яе таксама зможа памілаваць Аляксандр Лукашэнка, сказаў ВВС адвакат Антон Гашынскі, які будзе займацца гэтымі працэдурамі па справе Сапега.
Соф'ю Сапега абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі" (прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім), у якім публікуюцца асабістыя даныя сілавікоў. 25 траўня дзяржаўныя каналы паказалі відэа, на якім Сапега прызналася, што яна была рэдактарам "Чорнай кнігі Беларусі".
Са слоў крыніц, у пятніцу Соф'ю Сапега выклікалі ў СК на следчыя дзеянні. Да гэтага з 20 кастрычніка яна знаходзілася пад хатнім арыштам у Лідзе, у кватэры бацькоў, дзе яна прапісаная. Пры гэтым бацькі былі вымушаныя перасяліцца на дачу. Сувязі з дачкой у іх, па словах крыніц, з сярэдзіны кастрычніка не было.
Сапега затрымалі 23 траўня разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTAРаманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню.
Першапачаткова Сапега праходзіла падазраванай па масавых «пратэсных» справах па частцы 1 артыкула 342 КК Беларусі («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і часткі 1 артыкула 293 КК Беларусі («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Тады ёй пагражала да 15 гадоў турмы.
У чэрвені стала вядома, што Сапега і Пратасевіча перавялі з СІЗА ў Мінску пад хатні арышт у дом, дзе яны жылі разам. Пры гэтым Соф'я Сапега як мінімум двойчы сустракалася з бацькамі, паводле звестак крыніц, апошні раз сустрэча праходзіла ў жніўні. Акрамя таго, да сярэдзіны кастрычніка яна рэгулярна гаварыла з імі па тэлефоне.
У верасні Соф'і працягнулі арышт да 25 снежня, распавядала «Бі-бі-сі» маці дзяўчыны Ганна Дудзіч.
Дзе знаходзіцца Раман Пратасевіч, крыніцам «Бі-бі-сі» невядома.