
Лукашэнка ў анлайн-фармаце сустрэўся з Пуціным. Яны падпісалі 28 інтэграцыйных карт, якія цяпер называюцца «праграмамі». Што там — ніхто не ведае і пакуль каментаваць не бярэцца. Але як увогуле ацэньваць вынікі самой сустрэчы?
«Што падпісалі, мы так і не ведаем, мяркуючы па злітай транспартнай саюзнай карце — там збольшага тэхнічныя дакументы з масай дэталей пра будучую гарманізацыю і ўніфікацыю, — адзначыла акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова. — Агулам да публікацыі дакументаў гаварыць складана, але цырыманіяльнае падпісанне адбылося.
Гэта саступка Лукашэнкі, які яшчэ два гады таму не хацеў падпісваць карты. Але і з расійскага боку, мяркуючы па сціслым змесце карт, шмат саступак: ніякіх наднацыянальных органаў не плануецца. Пры гэтым дыстанцыйны характар падпісання не дазволіў дамовіцца аб новым крэдыце».
«Расія дамагаецца ўсяго, чаго яна хоча ў рэалізацыі сваіх інтарэсаў у Беларусі. Гэта транзіт Беларусі ў Расію, паступовы, але транзіт, — сказаў былы дыпламат Павел Мацукевіч. — Падпісанне не значыць, што заўтра ўжо мы станем часткай Расіі — гэта не ў яе інтарэсах.
Расію задавальняе, што фармальна гэта незалежная дзяржава, суб’ект міжнародных адносін з голасам у ААН. Але яна кантралюе тут ужо шмат чаго. Па факце, мы замыкаем ключавыя экспартныя пазіцыі, якімі, заўважу, гандлюем з трэцімі краінамі, на Расіі.
У нас ужо два вучэбна-баявыя цэнтры, Лукашэнка працягнуў дамовы арэнды па ваенных аб’ектах. Расія дабіваецца ад беларускіх улад усяго, чаго яго яна хацела — прычым невялікая цаной.
Што ад гэтага Беларусі? Я б паставіў пытанне інакш: што ад гэтага Лукашэнку. Гэта трэба яму, каб дзякуючы расійскай падтрымцы ўтрымалася яго ўлада».
«Беларусы не ініцыявалі гэты працэс, беларусы не прымалі ўдзелу ў абмеркаванні, не ацэньвалі гэтую авантуру і не давалі Лукашэнку паўнамоцтваў займацца перамовамі за сваёй спінай, — лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі. — Таму падпісанне гэтых дакументаў — яго прыватная ініцыятыва.
Гэтыя дакументы не прызнаюцца цывілізаванымі краінамі, іх прызнае толькі Расія. Але любая падтрымка нелегітымнай улады будзе каштаваць тым, хто яе падтрымлівае».
На ўмовах ананімнасці наконт сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна «Нашай Ніве» выказаліся таксама дзеючы дыпламат і высокапастаўлены сілавік з сістэмы МУС.
«Нахілілі…. І як цяпер сваім у вочы глядзець? Тым, каму Качанава ды Сяргеенка яшчэ з чэрвеня 2020-га расказвалі, як нас цісне Расія і як толькі Лукашэнка можа гэтаму супрацьстаяць. Гэта перад выбарамі яны гаварылі абмежаванаму колу кіраўнікоў сілавых органаў», — выказаўся дзеючы сілавік з сістэмы МУС.
«Фактычна, Расія падтрымала аслаблены мінскі рэжым, каб узмацніць геапалітычны кантроль над Беларуссю, — сказаў «Нашай Ніве» дзеючы дыпламат. — У той жа час падпісаныя 28 праграм ахопліваюць толькі эканамічныя пытанні, дзе Беларусь вызначыла свае інтарэсы задоўга да 2020 года.
Варта чакаць, што прадпрыемствы дзвюх краін у выніку будуць працаваць у аднолькавых падатковых і юрыдычных умовах. Выключэннем з эканамічнай часткі з’яўляецца прыняцце Вайсковай дактрыны гэтак званай "Саюзнай дзяржавы".
Беларускіх вайскоўцаў можна павіншаваць: яны цяпер фактычна ў адзінай вайскова-стратэгічнай прасторы з Расіяй, чаго так не хацелі сярэднія афіцэры.
Акрамя таго, на пасяджэнні прагучала прызнанне з боку Лукашэнкі Крыма як часткі Расіі: папрасіцца ў Крым — гэта дэ-факта прызнанне.
Час задаць пытанне: улады пачалі ў краіне пагром, каб у сухім астатку аддацца Расіі? Гэта выглядае як здрада рэшце сваіх прыхільнікаў».
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»