Рэчы пакаранага смерцю Гершанкова даслалі з несапраўднага адрасу

Сям'я пакаранага па справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова атрымала пасылку, у якой знаходзіліся яго асабістыя рэчы. Адпраўленне падпісана невядомым чалавекам, і адрас адпраўлення выклікае пытанні. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з «Вясны».

spring96.org

spring96.org

Маці Ігара Гершанкова знайшла ў скрынцы асабістыя рэчы сына. Пра гэта парталу TUT.BY распавёў праваабаронца «Вясны» Андрэй Палуда.
«Там былі куртка, штаны, красоўкі, сланцы і станок для галення, якімі Гершанкоў карыстаўся ў СІЗА. А таксама здымкі яго дзяцей», — распавёў праваабаронца.
Пры гэтым адпраўленне падпісана невядомым сям'і чалавекам — нейкім «Сідарэнкам Антонам Адамавічам». У радку адрасу паказаны горад Глуск і вуліца Кірава (Магілёўская вобласць), індэкс супадае. Але дома з такім нумарам і кватэрай не існуе.
На гэтай вуліцы наогул няма кватэр з нумарам 102, падказалі TUT.BY у даведцы.
Родныя спрабавалі па спецыяльнай кодавай маркіроўцы са скрынкі ўдакладніць на сайце «Белпошты» шлях паштовага адпраўлення. Высветлілася: на самай справе яно было адпраўлена 29 лістапада з аддзялення ў пасёлку Акцябрскі (Гомельская вобласць).

 belpost.by

 belpost.by

Тое, што пасылка прыйшла з Акцябрскага, пацвярджае пячатка на каробцы. Па дадзеных анлайн-карт, паміж Глускам і Акцябрскім прыкладна 40 км. Маці Гершанкова хоча высветліць, што адбылося.
Нагадаем, у канцы лістапада стала вядома пра пакаранне двух асуджаных па крымінальнай справе «чорных рыэлтараў» з Магілёва: 31-гадовага Сямёна Беражнога і 36-гадовага Ігара Гершанкова. Адной з маці спачатку паведамлялі ў СІЗА, нібыта ён «з'ехаў з рэчамі». Дадзеныя пра выкананне прысуду потым пацвердзілі ў судзе.
Праваабаронцы мяркуюць, што мужчын пакаралі смерцю ў ноч на 20 лістапада. Менавіта тады іншы прысуджаны да смерці застаўся ў камеры адзін, хоць сядзеў з Беражным. Выходзіць, пасылка была адпраўлена на 9 дзень пасля расстрэлу.
Па словах Андрэя Палуды, родным пакараных не заўсёды вяртаюць рэчы, але ёсць выключэнні. Калісьці бацькам Аляксандра Грунова і Паўла Селюна вярнулі турэмныя робы з надпісам «ИМН» (выключная мера пакарання). Хто менавіта і з якога адрасу тады дасылаў — ужо невядома.
Адзначым, што пра месца пахавання родным пакараных не паведамляюць.
tut.by