Праваабаронцам стала вядома меркаваная дата растрэлаў фігурантаў справы «чорных рыэлтараў»
Праваабаронцы "Вясны" даведаліся меркаваную дату прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.
![Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года. Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.](/img/v1/images/smiarotnae_ryeltary_2017_12_18_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.
Як паведамілі сваякі асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палуду, з ночы 19 па 20 лістапада ў камеры "смяротнікаў" ён застаўся адзін. Было вядома, што да гэтага часу яго сукамернікам з'яўляўся Сямён Беражны. Мяркуецца, што ў гэтую ноч растралялі і Ігара Гершанкова.
Андрэй Палуда патлумачыў: "Згодна з працэдурамі, прадугледжанымі беларускім заканадаўствам, мяркуемую дату прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў сваякі могуць даведацца толькі з дакументаў, якія выдаюць ім дзяржаўныя органы. Дакумент аб прывядзенні смяротнага прысуду ў выкананне выдае суд першай інстанцыі, які вынес гэты прысуд, а органы ЗАГС – пасведчанне аб смерці".
Нагадаем, пра выкананне смяротных прысудаў у адносінах да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога праваабаронцам "Вясны" стала вядома 27 і 28 лістапада. Пра гэта паведамілі іх сваякі. Гэтую інфармацыю маці Ігара Гершанкова падцвердзілі ў Магілёўскім абласным судзе.
На дадзены момант у Беларусі выканання смяротнага прысуду чакаюць два чалавекі: Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў.
spring96.org