Падпішыце паштоўкі зняволеным падчас уручэння прэміі Аляхновіча!

Лаўрэатаў прэміі за найлепшыя літаратурныя творы, створаныя на падставе асабістага турэмнага досведу, абвесцяць у Мінску 10 снежня. «Новы Час» запрашае далучыцца да цырымоніі і пасля яе падпісаць віншавальныя паштоўкі для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі за кратамі.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_5_logo_1.jpg

Цырымонія, якую ладзяць Беларускі ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода, пачнецца 10 снежня а 18:00. Да гэтага, а 16.00, адбудзецца адкрыццё праваабарончай пляцоўкі «Вясны» пад назвай «Тэрыторыя правоў».
Адметна, што імпрэзы пройдуць у 70-ю гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. «Новы Час» запрашае адзначыць гэты дзень добрай справай — падпісаннем святочных паштовак, якія мы падрыхтавалі, вязням беларускіх турмаў. Проста прыйдзіце і пасля ўручэння прэміі напішыце колькі цёплых словаў тым, хто ў гэтыя перадкалядныя дні пазбаўлены святаў у коле блізкіх людзей. Ім патрэбная наша падтрымка!
Прэмія імя Францішка Аляхновіча прысуджаецца за найлепшыя творы аўтарам, якія былі зняволеныя. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.
Першым лаўрэатам прэміі быў Ігар Аліневіч (кніга «Еду в Магадан», 2013). Таксама ў розныя гады прэміі Аляхновіча атрымлівалі Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў, Леанід Пятрэнка, Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута і Ірына Халіп.
Чакаем вас 10 снежня па адрасе: Мінск, вул.Ложынская, 16 пакой 404 (станцыя метро «Уручча»). Шукайце круглявы будынак з надпісам «Preston». І ў ім на першым паверсе размяшчаецца прастора «Тэрыторыя правоў», уваход у якую можна знайсці па стрэлках ніжэй:

unnamed_76.jpg