«Поспех нашай безнадзейнай справы». Памяці Людмілы Аляксеевай
З Расіі прыйшла сумная вестка — на 92-м годзе жыцця пакінула гэты свет легендарная дысідэнтка і праваабаронца Людміла Аляксеева. Гэтае інтэрв'ю з Людмілай Міхайлаўнай было апублікавана ў НЧ у 2011 годдзе.
Яна не баялася турмы і лагераў за савецкім часам, не баіцца ўлады, міліцыі цяпер. Але гераічным чалавекам жывая легенда праваабарончага руху Людміла Аляксеева сябе не лічыць. Называе сябе баязлівай — ёсць фобіі вышыні і глыбіні. З гумарам расказвае пра пагрозы арышту і вымушаную эміграцыю ў часы СССР. «Я — першакрыніца. Першакрыніца ў жывым выглядзе... У яшчэ жывым выглядзе», — жартуе Людміла Міхайлаўна падчас сустрэчы ў Мінскім офісе Беларускага Хельсінскага камітэту.
Візіт у Беларусь Людмілы Аляксеевай, старшыні Маскоўскай Хельсінсккай групы — гэта праява салідарнасці з праваабаронцамі, з тымі, хто пацярпеў ад рэпрэсій цяперашняй улады за сваё іншадумства.
У маленькім пакойчыку офісу Беларускага Хельсінскага камітэту, дзе і адбывалася сустрэча, задушна, цесна. І ціха. Атмасфера ўвагі да мужнасці гэтай маленькай і крохкай жанчыны ў гадах.
— Днём нараджэння праваабарончага руху я прапанавала лічыць 5 снежня 1965 года, калі на Пушкінскай плошчы прайшоў першы ў краіне мітынг з патрабаваннем выконваць Канстытуцыю. Мітынг быў пад лозунгам «Паважайце савецкую канстытуцыю!» Яшчэ адзін лозунг — «Патрабуем галоснага суда над пісьменнікамі Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем!». Яны друкаваліся пад псеўданімамі на Захадзе. Ведалі, што гэта пагражае ім карамі, але кожны чытач хоча мець пісьменнікаў, а пісьменнік — чытачоў.
Потым я прачытвала гэтыя кнігі і нічога надта антысавецкага не пабачыла. Яны пачалі публікавацца ў 1956-м, а доблесныя чэкісты раскрылі толькі праз 9 год. Хаця дзве-тры сотні чалавек у Маскве добра ведалі, хто хаваецца за гэтымі імёнамі. Канспіратары мы былі яшчэ тыя, а калі больш дакладна, то ніякія, — пачынае экскурс у гісторыю праваабарончага руху краін былога СССР Людміла Міхайлаўна пасля знаёмства з моладзевай аўдыторыяй.
— І ў сталінскія часы былі выпадкі, калі людзі заступаліся на судзе за абвінавачваемых. Рабілася гэта ці па вялікай наіўнасці і неразуменню, чым гэта пагражае, ці з маральнага абавязку, — тлумачыць акалічнасці 45-гадовай даўніны дэмаршу савецкіх грамадзян. — Улады не заўважылі, што за 12 гадоў пасля смерці Сталіна настроі ў грамадстве змяніліся. Людзі падпісваліся пад зваротамі з патрабаваннем патлумачыць, за што былі арыштаваныя пісьменнікі, называлі сваё імя, адрас.
Патрабавалі свабоды слова. Гэта першае грамадзянскае права, якое запатрабавалі савецкія людзі. Права пісьменнікам пісаць, а чытачам — чытаць. Чалавек 20 выйшла. У асноўным студэнты, бо грамадзянскі зварот набралі на друкарцы і раскінулі па гуманітарных інстытутах. Але намнога больш было людзей, і я ў тым ліку, якія спачувалі, — узгадвае слынная праваабаронца.
Яна зазначае, што спецслужбісты і міліцыянты адразу ж схапілі дэманстрантаў незапланаванай уладамі вулічнай акцыі. Аднак вымушаныя былі адпусціць людзей, бо не ведалі, у чым пакараць тых, хто хоча павагі да савецкай Канстытуцыі. Дарэчы, адкрытага суда тады дамагліся. Але гэта не зашкодзіла адправіць пісьменнікаў у лагеры.
Ужо з іх лістоў стала зразумела, што ў краіне ёсць лагеры для «палітычных» з адпаведнай кампаніяй асуджаных, — пісалі, як «літоўскі святар запрашаў на гарбату, а забаўны ўкраінец намаляваў цудоўны партрэт». Людміла Міхайлаўна падкрэслівае, што свабода сходаў гарантавалася савецкай Канстытуцыяй. Аднак адна з заснавальніц праваабарончага руху іранічна заўважае, што «існаваў добры жарт: Канстытуцыя гарантуе свабоду сходаў, але ніхто не ведае, ці гарантуецца свабода пасля». І дадае: «Мы ўсе адзін аднаго ведалі. Гэта была не праваабарончая супольнасць, а садружнасць. Канешне, гуртавала і адчуванне небяспекі».
На Пушкінскую плошчу Людміла Міхайлаўна выходзіла з мірнымі акцыямі пратэсту і ў наш час. А 31 снежня 2010 года яе нават завезлі ў Цвярское аддзяленне міліцыі Масквы — акурат туды забіралі ў 1965 годзе ўдзельнікаў снежаньскай вулічнай акцыі.
На пытанне аб моладзі Беларусі, якая з’язджае, бо не бачыць тут будучыні, Людміла Міхайлаўна пакідае рэмарку: «Я магу вас парадаваць — з Расіі таксама з’язджаюць». І крыху распавядае пра ўласную эміграцыю з Савецкага Саюза, якая выявілася не такой безнадзейнай і катастрафічнай, як тое падавалася:
— Калі я з’язджала, то ўжо была не моладзь (Людміле Міхайлаўне было на той момант 50 год. У студзені 1977 года, пасля ператрусаў на кватэры Аляксеевай, канфіскавалі самвыдат і замежную праваабарончую літаратуру. У адмысловай заяве ТАСС яе разам са старшынёй МХГ Юрыем Арловым і пісьменнікам Аляксандрам Гінзбургам абвясцілі агентамі антысавецкага Народна-працоўнага саюза — В. Х.). Эміграцыя — не спосаб барацьбы, але чалавек мае на гэта права. Як гаворыць старая прымаўка, рыба шукае, дзе больш глыбока, а чалавек — дзе яму лепш. Так заўжды было і будзе. Ніхто не мае права прымушаць чалавека жыць там, дзе ён не хоча з тых ці іншых прычын. Я з’ехала не таму, што хацела ці ратавалася ад арышту, хаця гэта фактычна быў мой паратунак ад лагераў.
Я з’ехала ў 1977 годзе, большасць маіх сяброў на той момант ці ўжо адседзелі, ці яшчэ сядзелі. І як справядліва заўважыў адзін мой прыяцель, калі вашы знаёмыя праводзяць адпачынак у Парыжы, то вам падаецца, што гэта нармальна. А калі вашы знаёмыя сядзяць па лагерах і турмах, то вам падаецца, што не будзе нічога незвычайнага, калі і вы там апынецеся.
Мне так і падавалася — падумаеш, лагер, ну, адсяджу пяць-сем гадоў, я здаровая, працаваць змагу. Калі пасля не дазволяць жыць у Маскве — Расія вялікая, знойдзецца месца. А за мяжой — мовы не ведаю, дыпломы не прызнаюць. Кім я там буду? І галоўнае — тады эміграцыя была назаўсёды, цяпер, канешне, можна з’ехаць і вярнуцца, як не спадабаецца. І вось я думала: лагер жа на пяць-сем год, а эміграцыя — назаўсёды. Гэтае страшнае слова «назаўсёды». Але мой муж адседзеў у сталінскія часы пяць гадоў па палітычным артыкуле і бясконца цвердзіў з веданнем справы, што лагер — не месца для жанчыны, — спакойна распавядае Людміла Міхайлаўна, і прызнаецца, што баялася зусім не зняволення.
— Да гэтага я спакойна ставілася. Іншая справа, што калі б я трапіла ў лагер, то сапсавала б жыццё блізкім. Мужа б выгналі з працы, і ён быў бы вымушаны вазіць мне перадачы, невядома дзе зарабляючы на іх грошы. Сыну з-за мяне не далі паступіць у аспірантуру. І да ўсяго мае родныя не проста ведалі пра маю дзейнасць. Аднойчы была магчымасць з Грузіі прывезці сто асобнікаў падпольна надрукаванай кнігі «Архіпелаг Гулаг» Салжаніцына. Я б сама не змагла яе забраць, дык папрасіла сына і мужа, каб яны прыйшлі і дапамаглі. І вось калі б нас тады злавілі, то сын і муж маглі б сесці толькі за тое, што любяць сваю маці і жонку, што не дазваляюць ёй насіць цяжкія торбы. Разуменне, што я сапсую жыццё блізкім, паўплывала на маё рашэнне. У выніку я выдатна вывучыла англійскую мову, напісала кнігу, пачала выступаць па радыё.
У эміграцыі Людміла Аляксеева напісала кнігу «Гісторыя іншадумства ў СССР». «Майму мужу Мікалаю Вільямсу — без яго гэтая кніга не была б напісана», — гаворыцца ў эпіграфе да «першай спробы сістэматызаванага апісання сучаснага іншадумства ў Савецкім Саюзе».
У 1993 годзе Мікалай Вільямс і Людміла Аляксеева вярнуліся ў Расію. «Без перабольшвання я магу сказаць, што ад таго часу і да гэтага моманту ёсць найбольш шчаслівы, асэнсаваны перыяд майго жыцця, — прамаўляе Людміла Міхайлаўна, і ў выразе твару з’яўляецца няўлоўны водблеск супакаення — так гавораць пра шчаслівае перажытае і дарагое. — Я не пісьменнік, я арганізатар па натуры. Мне падабаецца працаваць, выцягваць людзей з тых пераплётаў, куды яны трапляюць. А кнігу я напісала ў эміграцыі, бо чым там яшчэ займацца?»
Спадарыня Аляксеева з гумарам глядзіць на крутыя віражы свайго лёсу і папярэджвае, што ўзрост — не нагода для страхаў: «На маё 75-годдзе я сказала гасцям — толькі адна жанчына была аднаго са мной узросту, астатнія маладзейшыя, — каб не баяліся старасці, бо самае цікавае ў іх наперадзе. Калі людзі выходзяць на пенсію, то ў большасці з іх шлях паміж аптэкаю і домам, ну і да крамы бывае. А я вось, бачыце, да вас прыехала...»
Характар Аляксеевай спалучае прынцыповасць і гуманізм. «Я ўвогуле мірны чалавек, а ў 83 гады мая мірнасць вырасла да незвычайных памераў, — іранізуе спадарыня Людміла. І гаворыць, што калі справа тычыцца жыцця чалавека, якое ёсць першаснай каштоўнасцю, усе сродкі добрыя. «Чалавечае жыццё найбольш важнае. Трэба выцягваць з турмаў, а ўжо потым займацца рэабілітацыяй, — выказвае сваю пазіцыю наконт таго, як дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў кіраўніца Маскоўскай Хельсінскай групы. — Калі Захад зможа ў гэтым дапамагчы, трэба сказаць «дзякуй». У 1979 годзе прэзідэнт ЗША Картэр дамовіўся — і з савецкіх лагераў вызвалілі 5 палітычных вязняў, у тым ліку і сябра Маскоўскай Хельсінскай групы Аляксандра Гінзбурга. У снежні 1986 года Савецкі Саюз, як і зараз Лукашэнка, быў у вельмі цяжкім эканамічным становішчы. Яму важная была падтрымка Захаду. І пад ціскам Захаду цягам 1987 года 3 тысячы чалавек былі вызваленыя».
«Але найперш вызваліць гэтых людзей маглі б самі грамадзяне краіны, калі б было масавае патрабаванне. Шчыра, я думаю, што патрабаванне знізу будзе ўзрастаць. І людзі, якім далі такія вялікія тэрміны, іх цалкам не адбудуць. На жаль, у вас пакуль няма масавасці. Гэта з’яўляецца з цягам часу. Мубарак таксама 40 гадоў сядзеў, толькі пасля гэтага з’явілася масавасць. Ваш Лукашэнка яшчэ не сядзіць 40 гадоў... Але зараз гісторыя рухаецца хутчэй. Глядзіш — і вам не спатрэбіцца чакаць яшчэ 23 гады. Раней усё адбудзецца», — настройвае беларусаў на аптымістычны лад легендарная праваабаронца.
Людміла Міхайлаўна за Савецкім часам была паспяховым чалавекам, мела адукацыю, працу, сям’ю. Бацькі гадавалі ў ёй дух савецкага чалавека, які мусіць быць удзячны дзяржаве за набыткі свайго жыцця. Дык што прывяло фактычна ў апазіцыю да ўладаў?
— Проста брыдка стала ўдзельнічаць у ілжы, якая працінала ўсю краіну. Я дарослы чалавек, і сама вырашаю, што мне чытаць, як жыць, з кім сябраваць. І дзядзькі-цёткі, якія гэта навязваюць, не выклікаюць у мяне ні павагі, ні жадання іх пераймаць. Калі я нарадзілася ў гэтай краіне ў гэты час, то я пражыву так, каб мне не было сорамна за сябе ні перад кім. Я пражыву гэтае жыццё, як вырашыла сама. Нічога палітычнага. Гэта быў маральны рух супраць ілжы, прыніжэння чалавека. У нас быў тост: вып’ем за поспех нашай безнадзейнай справы. Прайшло 45 гадоў — і вынікі ўсё ж заўважныя. Урэшце я веру, што кожны чалавек напрыканцы свайго жыцця мусіць не шкадаваць аб тым, як ён жыў. І не думаць, што яго жыццё было толькі для таго, каб нечага нахапаць, — рэзюмуе жывая легенда свайго часу, жанчына, на якую нават прадстаўнікі цяперашняга цынічна-іранічнага пакалення глядзяць з пачцівасцю.