Роздум пра Нобеля і невымоўнае

Альфрэд Нобель найперш вынайшаў дынаміт. Калі дынаміт прамаўляе, спачатку бачыш у далёкай і невымоўнай цішыні выбух; аглушальная хваля прыходзіць потым. Мы яшчэ не ўсвядомілі, што значыць Нобелеўская прэмія па літаратуры, прысуджаная Святлане Алексіевіч; мы нават яшчэ не пачулі.



alfred_nobel_6.jpg

Раней гучалі перасцярогі, што прэмія гэтая пахавае беларускую мову. Што беларуская мова, і без таго кволая, канчаткова счэзне і знікне, а на колішняй тэрыторыі Беларусі застанецца адно руская. Сцвярджаю: наадварот, мова беларуская — і беларуская культура — будзе квітнець і ўзбагачацца, а вось мове імперыі не пазайздросціш.

Імперыя — савецкая, як крывавейшая спадкаемца расійскай — размаўляла на рускай мове. І нялюдская імперыя сёння атрымала паразу ад крохкай жанчыны з чулым сэрцам, якая для абароны чалавека скарысталася самай эфектыўнай імперскай зброяй.

Зброя гэтая напоўніцу заявіла пра сябе ў ХІХ стагоддзі. І «выбуховы» ваенны пакт, закладзены пад прышлае, быў заключаны нават не з Буніным, першым рускім пісьменнікам — Нобелеўскім лаўрэатам, а з заснавальнікам сучаснай рускай літаратуры — Пушкіным.

«Вольналюбівы лірык» праслаўляў перамогі імперыі, што душыла паўстанне ў Рэчы Паспалітай, і марыў пра час, калі «славянские ручьи сольются в русском море». Чалавек, які ганарыўся, што ён «милость к падшим призывал», чамусьці быў упэўнены, што вучыць на памяць ягоныя вершы заўжды будуць і тунгус, і фін (ці ведае хто з іх пра расійскага «пиита»?), і «друг степей калмык» (у нататках фігуравалі яшчэ грузін і кіргіз, якія запавету здрадзілі).

Проста на захопленых землях спачатку атабарваўся расійскі штык. Потым у засені штыка з’яўляўся паэт, які зацягваў сваю «вольналюбівую» песню. «Вольналюбства» гэтае ў ніякім разе не распаўсюджвалася на права неімперскіх народаў вызначаць свой уласны лёс. Усе абавязаныя былі карыстацца «вольналюбівай» імперскаю мовай.

Штык і пяро заключылі сталы саюз, імперыя ішла пад ручку з рускай мовай. Калі ў нетрах рускай літаратуры гучала спачуванне да маленькага чалавека, то абалонка яе — якая і дазваляла голасу існаваць — была зробленая з канцылярскіх рэляцый, жалезнага ляскату і крывавага поступу.

Так, спачуванне Шолахава — другога Нобелеўскага лаўрэата рускай літаратуры — цалкам абмінула літаратурных дысідэнтаў Сіняўскага і Даніэля, якіх ён марыў пакараць, як у «помныя 20-я». Салжаніцын — сведак Архіпелагу Гулаг — даваў парады «ўладкавання Расіі», незалежнасці Беларусі пры гэтым ні ў якім разе не прадугледжвалася.

Нават Іосіф Бродскі адзначыўся жаданнем «плюнуць у Днепр», раздражнёны ўкраінскай вольніцай. І гэта сказаў чалавек-выгнанец, які кшталтаваў рускую паэзію і быў абраным «средством языка к продолжению своего существования».

Урэшце імперскі «язык» прыйшоў у Беларусь. Усталёўваўся ён, падаўляючы паўстанні і бязлітасна рабуючы маёнткі інсургентаў. Нягледзячы на гэтае беларуская мова прарасла праз штыкі.

У ХХ стагоддзі пытанне з мовай вырашалася проста: куляй у патыліцу. У 1937 годзе, калі чырвоная імперыя беснавалася, сноўдалі чорныя варанкі і збіралі ахвяры. Колькі ахвяраў было? Толькі ў адну кастрычніцкую ноч у Мінску застрэлілі сотню: паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў.

Беларуская мова была амаль забітая. Беларуская душа выжыла.

Героі Алексіевіч — пераважна тутэйшыя людзі. Сотні галасоў, ахайна сабраныя, запісаныя, прапушчаныя праз уласнае сэрца. Гэта калектыўныя дакументальныя споведзі «зачараваных смерцю» жанчын-снайперак мінулай вайны і «цынкавых хлопчыкаў» з Афганістану, гэта супольная «чарнобыльская малітва» на раскладзенай радыеактыўнай зямлі, гэта «час сэканд-хэнд» чырвонага чалавека, які пестуе і нясе ў сабе катастрофу.

Алексіевіч адмовілася ад мантажу дакумента і фікцыі. Толькі дакументальны голас і някідкае тлумачэнне — як дакумент. Яна не складала кніг на беларускай мове — што дадало б манеўру аўтарскага тлумачэння — і аскетычна засяродзілася на гутарках, як яны гучаць.

Так, імперыя размаўляла на рускай мове. І гэтая мова ўжо распадаецца.

Ёсць у кнігах Алексіевіч нешта невымоўнае. Самае невыноснае і страшнае ў яе кнігах — не запісанае словамі. У дакументальным кінацыкле «У вайны не жаночы твар», пастаўленым Віктарам Дашуком паводле сцэнараў Алексіевіч, ваенная кінахроніка прадстаўленая як насланнё, як вязкі сон без усялякіх слоў. І гэта найлепшае ўвасабленне кніг.

Гераіні Алексіевіч часта маўчаць. У гэтым маўчанні, падкрэсленым рэмаркамі, боль, пакуты, прастрэленае навылет жыццё — і ціхая, нячутная прысутнасць амаль знішчанай мовы, схаванай пад руінамі імперскага «языка».

Менавіта боль і пакуты выклікаюць шал у імперцаў. Сёння імперыі не трэба ўжо гуляць у ніякае спачуванне: у дактрыне Пуціна, папаразнесенай крыкамі забойцы-тэлевізара, рускі «язык» — гэта і ёсць штык, які мусіць дабіваць ворага. Але словы Алексіевіч, наадварот, ламаюць лязо штыка.

Для людзей, якія стала пажылі за Савецкім Саюзам, кнігі Алексіевіч — гэта пакутлівы, але вельмі неабходны хірургічны дотык да ранаў. Гэта цяжкая праца з калектыўнымі траўмамі, псіхатэрапія болю, зварот да сумлення.

Тыя, каго закрануў Савецкі Саюз толькі ўскрайкам, — у сітуацыі складанейшай. Колішняе савецкае почасту не паспела прарасці глыбока ў іхнія душы. Многія людзі сярэдняга веку — «унутраныя еўрапейцы», што старанна, як могуць, вымалёўваюць сваё чароўнае кола. Яны аточаныя з усіх бакоў помнікамі і стодамі савецкага.

Але ад сабраных у кнігах галасоў «чырвонага чалавека» вылазяць са сценаў старыя здані. Статуі катаў жывяцца стогнамі ахвяраў, дэманы расплюшчваюць вочы і нават голас аўтаркі гучыць тады аўтарытарным загадам: усё, што ні ёсць савецкага, кідаецца на небараку, ягоны крохкі свет рушыцца. Смерць наступіла, аніякай надзеі няма.

Параза такога ўспрымання звязаная з абставінамі і «языком». Найлепей успрымаць кнігі Алексіевіч, калі савецкае адышло, ці далёка — гэта гарантуе эстэтычную дыстанцыю. Пераклады таксама гэтую дыстанцыю задаюць. Але кнігі Алексіевіч — гэта не столькі эстэтыка, колькі этыка, што абараняе чалавека, зняволенага насланнём.

Што да цэтлікаў прыналежнасці, то ў беларускую культуру аўтаматычна ўваходзіць усё — ці добрае, ці дрэннае — напісанае ў Беларусі на беларускай мове. З напісанага на іншых мовах уваходзіць усё, што беларуская літаратура пажадае ўзяць. Дакладней, самае лепшае. У гэтым лепшым кнігі Алексіевіч займаюць пачэснае месца — і Святлану Алексіевіч у Беларусі ўжо не адабраць.

У сваю чаргу, Алексіевіч вызваляе схаванае ў рускай мове спачуванне ад абавязковых імперскіх абдымкаў. Нашы суседзі могуць скарыстацца гэтым вынаходніцтвам, але пакуль няма ніякіх пазнакаў, што гэта адбудзецца.

Калі беларускі дар будзе адрынуты, Расія знікне. Яе накрые выбуховая хваля.