Святлану Алексіевіч у школе будуць праходзіць па рускай літаратуры
Творчасць беларускай пісьменніцы змесцяць у раздзел «Рускамоўная літаратура Беларусі».
Фота Сяргея Гудзіліна
Пра тое, што дзве кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры гэтага года — «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва» — вернуцца ў школьную праграму, Міністэрства адукацыі паведаміла на наступны дзень пасля абвяшчэння рашэння Нобелеўскага камітэта. З наступнага года творы Святланы Алексіевіч будуць праходзіць 11-класнікі і ў профільных, і ў базавых класах.
Праўда, вывучаць творчасць беларускай пісьменніцы будуць… па рускай літаратуры. Яе кнігі змясцілі ў раздзел «Рускамоўная літаратура Беларусі». Дарэчы, яшчэ ў 90-х Алексіевіч была ў школьных праграмах па беларускай літаратуры, але вывучалі яе дзеці ў перакладах на беларускую мову.
Дарэчы, у 11-м класе на літаратуру — і рускую і беларускую — адводзіцца зусім няшмат гадзін. У першым паўгоддзі ў школьнікаў на тыдзень два ўрокі рускай літаратуры і адзін урок беларускай, а ў другім наадварот — адзін урок рускай і два беларускай літаратуры. А на ўсіх рускамоўных аўтараў Беларусі адводзіцца ўсяго адзін урок. Цяпер за гэты час школьнікі павінны даведацца імёны Анатоля Андрэева, Сяргея Трахімёнка, Алега Ждана, Веньяміна Блажэннага і яшчэ з дзясятак аўтараў.