12 светлых і пазітыўных датаў найноўшай гісторыі Беларусі
У звязку з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч Беларускае Радыё Рацыя пастаралася прыпомніць іншыя станоўчыя даты ў найноўшай гісторыі нашай краіны. Прадстаўляем сваю версію гэтых падзей у храналагічным парадку.

26 студзеня 1990 — Беларуская мова Вярхоўным Саветам БССР была абвешчана ў Беларусі адзінай дзяржаўнай.

27 ліпеня 1990 — Вярхоўным Саветам была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 1991 — Вярхоўны Савет БССР надаў “Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” канстытуцыйны статус і прыпыніў дзейнасць Камуністычнай Партыі Беларусі.

19 верасня 1991 — Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацверджана
“Пагоня”, Дзяржаўным сцягам — бела-чырвона-белы сцяг.

8 снежня 1991 — у Віскулях (Белавежская пушча) былі падпісаныя пагадненні пра дэнансацыю дамовы аб утварэнні СССР і спыненне існавання такой дзяржавы.

30 студзеня 1992 — Беларусь была прынятая ў сябры Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЭ).
8 верасня 1992 — Беларускае згуртаванне вайскоўцаў арганізавала ў Менску на Пляцы Незалежнасьці прыняцце прысягі афіцэрамі на вернасць Бацькаўшчыне. У той дзень склалі прысягу 1135
чалавек.
8 ліпеня 1993 — у Менску пачаўся Першы з’езд беларусаў свету (доўжыўся 8 – 10 ліпеня).


15 студзеня 1994 — у Минск з афіцыйным візітам прыехаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Адбыліся яго сустрэчы з кіраўнікамі дзяржавы Станіславам Шушкевічам, Вячаславам Кебічам, а таксама
прадстаўнікамі апазіцыі — Зянонам Пазьняком і Аляксандрам Дабравольскім. Клінтан таксама наведаў Курапаты.

13 лютага 1994 — у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь як суверэнная дзяржава пад бел-чырвона-белым сцягам дэбютавала на алімпіядзе — зімовых гульнях. У выніку па колькасці медалёў
(два срэбных) заняла 12-е месца з 67 краін-удзельнікаў.

15 сакавіка 1994 — у Мінску на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

8 кастрычніка 2015 — Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч абвешчана лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
