Сёмы дзень нямецкай эканомікі ў Беларусі

«Прафесійныя кадры для эканомікі — канцэпцыі, досвед, перспектывы» — гэта галоўная тэма Сёмага дня нямецкай эканомікі ў Беларусі, які пройдзе 8 кастрычніка 2013 года. Ён ладзіцца пад патранатам пасла Германіі ў Беларусі Вольфрама Мааса.



20130925_151457.jpg

Апроч дыпламатычнай місіі Германіі, арганізатарамі Дня нямецкай эканомікі з’яўляюцца Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі на чале з Уладзімірам Аўгусцінскім і Нямецка-беларускі эканамічны клуб пад старшынствам Клаўса Баера.

Да ўдзелу ў мерапрыемствах запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі і Германіі, беларускага ўраду, а таксама федэральных міністэрстваў Германіі, Саюза нямецкіх гандлёва-прамысловых палатаў, установаў адукацыі, галіновых саюзаў і арганізацыяў, установаў адукацыі.

Як адзначыў 25 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў прадстаўнік пасольства Германіі Марцін Гізэ, сёлетняя тэма Дня нямецкай эканомікі ў Беларусі абрана невыпадкова. «Сучаснае прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у адпаведнасці з актуальнымі патрэбамі — аснова эфектыўнай эканомікі, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку. З прычыны дынамічнага эканамічнага развіцця ў свеце неабходна пастаянна надаваць увагу пытанням падрыхтоўкі і размеркавання спецыялістаў з улікам спецыфічных асаблівасцяў той ці іншай краіны, — сказаў дыпламат. — Не толькі фірмы, якія з’яўляюцца чальцамі Нямецка-беларускага эканамічнага клуба, адзначаюць цяперашнім часам дэфіцыт спецыялістаў у многіх галінах — вытворчасць, паслугі, менеджмент». 

У рамках Дня нямецкай эканомікі маюць адбыцца прэзентацыі і дыскусія аб канцэпцыях ды вопыце прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў.

Па словах Клаўса Баера, сам Дзень нямецкай эканомікі будзе складацца з чатырох частак. Пачнецца ён з пленарнага пасяджэння, у якім мяркуецца ўдзел дэпутата новаабранага нямецкага Бундэстага, а таксама кіраўніка аднаго з упраўленняў нямецкага міністэрства эканомікі. Запланаваны ўдзел у мерапрыемствах і прадстаўнікоў беларускіх уладных структураў. Клаус Баер нагадаў, што асноўнымі партнёрамі з беларускага боку з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі (РІПА).

У другой палове дня адбудзецца прэзентацыя практычнага досведу ў арганізацыі прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Клаус Баер адмыслова прапанаваў наведаць Мінскі дзяржаўны ліцэй №12 (будаўніцтва), дзе ўжо рэалізуюцца праекты дуальнай адукацыі, пра якую, на вялікі жаль, мала хто ведае. «Раней нават заходнія партнёры вельмі моцна крытыкавалі Германію за развіццё дуальнай адукацыі, арыентаванай на прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў. Цяпер жа яны просяць, каб мы ім патлумачылі, як нам удалося гэта ўсё арганізаваць», — адзначыў кіраўнік Нямецка-беларускага эканамічнага клуба і выказаў упэўненасць, што нямецкі досвед у гэтым пытанні будзе вельмі карысны і для Беларусі.

Марцін Гізэ звярнуў увагу на тое, што Сёмы дзень нямецкай эканомікі ў Беларусі адбываецца ў час тыдняў Германіі ў нашай краіне. У гэты час будзе багата культурніцкіх ды іншых мерапрыемстваў, пра якія можна даведацца на сайце дыпламатычнага ведамства: http://www.minsk.diplo.de/