СК спыніў папярэдняе расследаванне справы Ігара Барбашынскага

Галіна Шаравар, маці загінуўшага ў Жодзінскай турме Ігара Барбашынскага, 12 верасня атрымала са следчага камітэта (упраўленне па Мінскай вобласці) паведамленне аб спыненні папярэдняга расследавання.

ihar_barbaszynski_pamjor_u_zodzina__6__logo_1_1.jpg


У паведамленні гаворыцца, што папярэдняе раследванне па крымінальнай справе па факту неналежнага выканання медыцынскімі работнікамі турмы №8 і Жодзінскай гарадской бальніцы сваіх прафесійных абавязкаў, што па неасцярожнасці прывяло да смерці Івана Барбашынскага, спынена 07.09.2017 “в связи с отсутствием в деянии состава преступления, на основании п .2.ч.1 ст.29 УПК Республики Беларусь”.
Маці, як пацярпеўшая, можа азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таксама па яе просьбе можа быць выдадзена копія пастановы аб спыненні папярэдняга раследвання. Таксама следчы па асабліва важных справах, падпалкоўнік юстыцыі А. Канцавы выказаў спачуванне пацярпеўшым Галіне Шаравар і Івану Барбашынскаму ў сувязі са стратай блізкага чалавека.
 Галіна Шаравар, якая столькі месяцаў спадзявалася на пакаранне віноўнікаў смерці сына, не хавае сваіх слёз:
 — Вось так. Здаровы малады чалавек загінуў у турме да суда, і ніхто не вінаваты.
Галіна Паўлаўна гаворыць, што іншага адказу пасля сваёй сустрэчы са следчым яна ўжо і не чакала.
— Ужо па яго паводзінах і характару пытанняў да мяне я зразумела, што сапраўдныя вінаватыя не будуць знойдзены, — распавяла жанчына.


Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухаў лічыць, што ў самім паведамленні аб спыненні крымінальнай справы існуе цікавая супярэчнасць:
— Маці выказваюць спачуванне ў сувязі са стратай блізкага чалавека і тут жа канстатуецца факт, што ў смерці чалавека няма каго абвінаваціць. Неяк дзіўна атрымліваецца: мужчына ў росквіту жыццёвых сіл нечакана памірае, трапіўшы ў папраўчую ўстанову “Турма №8”, а пасля ў Жодзінскую ЦГБ, а вінаватых няма. Па закону і логіцы за жыццё і бяспеку чалавека, заключанага пад варту, адказвае адміністрацыя ўстановы. Папярэдняе следства павінна было даць адказ: хто вінаваты ў смерці Ігара Барбашынскага. Устанавіць гэта проста, нават не патрэбна выходзіць за сцены турмы. Іньшы вынік не пераканаўчы. Ён можа азначаць толькі адно: ўтойванне злачынства і здзяйсненне дзеля гэтага новага злачынства (арт. 427 КК "Службовая падробка" ці арт.428 КК "Службовая халатнасць").
Ва ўсякім выпадку, маці Ігара Барбашынскага трэба дамагацца праўды па факце смерці сына і абскардзіць пастанову аб спыненні крымінальнай справы пракурору Мінскай вобласці, -- выказаў свой погляд на спыненне крымінальнай справы прафесар Пастухоў.
Галіна Барбашынская хоча ведаць праўду пра смерць свайго сына і спадзяецца на юрыдычную дапамогу праваабаронцаў ў вывучэнні матэрыялаў справы і абскарджанні пастановы аб спыненні крымінальнай справы.


Нагадаем, Ігар Барбашынскі памёр у СІЗА 20 верасня 2016 года. 39-гадовы Ігар Барбашынскі, маёр у адстаўцы, займаўся спортам, да свайго арышту ніколі не скардзіўся на здароўе. Але у апошнія дні жніўня, знаходзячыся ў следчым ізалятары, выказаў скаргі на кароткачасовыя страты свядомасці пры аглядзе ў турэмнага лекара.
Затым у сярэдзіне верасня Барбашынскі пад час медычнага агляду паскардзіўся ўрачу-тэрапеўту на значнае пагаршэнне здароўя. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняй цяжкасці. Аднак не змог вызначыцца з дыягназам.
У той жа дзень, позна ўвечары 16 верасня, стан Барбашынскага яшчэ больш пагоршыўся, дзяжурны фельчар турэмнай медчасці зафіксаваў далейшае паніжэнне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпературу (вышэй за 39). Ён выклікаў хуткую дапамогу і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадскую бальніцу з дыягназам: парушэнне мазгавога кровазвароту.
Там Барбашынскі знаходзіўся трое сутак, з 16 па 19 верасня. Яго абследавалі больш грунтоўна і вызначылі, што прычынай пагаршэння здароўя з’яўляецца энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі. Ігара вярнулі назад, у турэмную лякарню. А раніцай 20 верасня ён памёр.
Між тым на целе Барбашынскага былі выяўленыя шматлікія цялесныя пашкоджанні: крывепадцёкі на грудной клетцы і на нагах. Гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмета і мелі тэрмін даўніны каля 3 сутак. Колькасць крывепадцёкаў — 17 — адпавядае колькасці кантактаў з траўміруючым прадметам. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзніклі ад зажыўлення глыбокіх ран месячнай даўніны, меркавана ў перыяд знаходжання яго пад арыштам.
Усе падабязнасці справы братоў Брбашынскіх можна пачытаць па спасылцы.