Блогера Лапшына вызвалілі з азербайджанскай турмы

Памілаваны прэзідэнтам Азербайджана блогер Аляксандр Лапшын, грамадзянін Расіі і Ізраіля, вызвалены з-пад варты.

_97752276__97017071_lapshin.jpg


Пра гэта агенцтву РІА Навіны заявіў адвакат блогера Эдуард Чэрнін, паведамляе bbc.com.
Адвакат удакладніў, што наўрад ці Лапшын будзе дэпартаваны з Азербайджана ў аўторак. Раней Чэрнін казаў, што яго кліент падаў заяву аб экстрадыцыі ў Ізраіль.
У размове з агенцтвам Інтэрфакс адвакат патлумачыў, што ў Баку збіраецца прыляцець маці яго кліента, і менавіта з гэтым звязана затрымка ў экстрадыцыі. Па словах Чэрніна, блогер будзе адпраўлены ў Ізраіль "на працягу аднаго-двух дзён".
Напярэдадні, 11 верасня, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падпісаў распараджэнне аб памілаванні блогера Аляксандра Лапшына, асуджанага на тры гады за наведванне Нагорнага Карабаха без узгаднення з азербайджанскімі ўладамі.
Паводле тэксту дакумента, апублікаванага на сайце кіраўніка дзяржавы ў панядзелак, рашэнне ўступіла ў сілу з дня падпісання.
Памочнік прэзідэнта Азербайджана па грамадска-палітычных пытаннях Алі Гасанаў паведаміў агенцтву "АзерТАдж", што напярэдадні Лапшын спрабаваў забіць сябе, аднак турэмныя наглядчыкі змаглі прадухіліць спробу суіцыду.
Блогера затрымалі ў Мінску ў 16 снежня 2016 года па запыце Азербайджана. 7 лютага 2017 года, насуперак пярэчанням Масквы, ён быў экстрадаваны ў Баку.
Лапшын трапіў у "чорны спіс" Азербайджана з-за таго, што ў 2011 і 2012 гадах ездзіў у Карабах. Такім чынам, палічылі ў Баку, ён парушыў палажэнні законаў "Аб дзяржаўнай мяжы Азербайджанскай рэспублікі" і "Аб пашпартах".
Усяго ў "чорны спіс" Азербайджана былі ўключаныя 667 чалавек, у тым ліку вядомыя мастакі, музыкі, журналісты, пісьменнікі, блогеры і палітыкі, якія наведалі Карабах без апавяшчэння азербайджанскіх уладаў.
Канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй пачаўся ў 1988 годзе, калі населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць заявіла аб выхадзе з Азербайджанскай ССР.
У 1994 годзе пры пасярэдніцтве Масквы было падпісана перамір'е, якое паклала канец актыўным баявым дзеянням у рэгіёне, але якое пакінула Карабах і навакольныя яго раёны пад кантролем Арменіі.