Случчане патрабуюць добраўпарадкаваць вуліцу Якуба Коласа
Глыбокія яміны, патрэсканы асфальт, пакрыўленыя і месцамі паваленыя платы, адсутнасць свету ўначы робяць гэтую вуліцу не толькі непрывабнай, але і небяспечнай для пражывання жыхароў і пешых вандроўнікаў.
Звычайна вуліцам прысвойваюць прозвішчы выбітных людзей, каб ушанаваць іх памяць. З асаблівай ўвагай ставяцца да тых, хто ўпісаў свой радок у гісторыю роднага краю. Імя Якуба Коласа знаёма
кожнаму беларусу з маленства. Вуліцу з яго прозвішчам можна знайсці ў кожным горадзе і вёсцы Беларусі, нават там, дзе Канстанцін Міхайлавіч ніколі не быў.
Слуцк жа знакаміты паэт не толькі наведваў, але і працаваў тут амаль месяц на палітыка-педагагічных курсах: выкладаў методыку і граматыку роднай мовы. Адбылося гэта ў ліпені 1923 года. Па
ўспамінах сведкаў, Якуб Колас атрымаў добрыя ўражанні ад дапытлівых случчан-слухачоў, на адным з літаратурных вечароў у Слуцку першы раз чытаў «Новую зямлю».
Здавалася б, удзячны Слуцк павінен быў па-сапраўднаму ўшанаваць памяць пісьменніка. Ды здарылася іншае. Імем Якуба Коласа назвалі адну з вуліц, што месціцца ў прыватным сектары, а знешні выгляд
вуліцы не ўшаноўвае, а зневажае Памяць аб выбітным беларускім пісьменніку.
Глыбокія яміны, патрэсканы асфальт, пакрыўленыя і месцамі паваленыя платы, адсутнасць свету ўначы робяць гэтую вуліцу не толькі непрывабнай, але і небяспечнай для пражывання жыхароў і пешых
вандроўнікаў. Само імя вядомага аўтара «Новай зямлі» на некаторых шыльдах падаецца на рускай мове.
Па гэтай вуліцы асобы юнага ўзросту раніцой спяшаюцца ў 8-ю школу, дзе іх вучаць ганарыцца выбітным беларусам, а ў другой палове дня з асцярогаю вяртаюцца дадому па ямінах гэтай жа цёмнай
напаўразбуранай вуліцы.
У лістападзе 2014 года актывісты кампаніі «Гавары праўду» урэшце звярнулі ўвагу на своеасаблівы здзек з памяці пісьменніка ў Слуцку. На працягу гэтага тыдня былі сабраныя амаль
150 подпісаў пад калектыўным зваротам случчан з патрабаваннем добраўпарадкаваць вуліцу і не здзеквацца з памяці аб пісьменніку. Пасля заканчэння збору подпісы будуць перададзены ў Слуцкі райвыканкам.
Плануецца даслаць у райвыканкам не меньш за 200 подпісаў.
Спадзяемся, што калектыўная думка гараджан прымусіць кіраўніцтва горада прыняць захады па навядзенню парадку на вуліцы, якая носіць імя беларускага адраджэнца.