Случчанам не ўдалося беларусізаваць мясцовую «малочку», але яны не здаюцца

Жыхары Слуцка звярнуліся да Слуцкага сыраробчага завода з просьбай пазначаць інфармацыю на этыкетцы або ўпакоўцы малочнай прадукцыі для спажыўцоў па-беларуску, або на беларускай і рускай мове адначасова. І вось што ім адказалі.

img_20210129_104912_logo.jpg


У сваім звароце случчане звярнулі ўвагу вытворцы, што «ў Беларусі ў адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі існуюць дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская.

Разам з тым, упакоўка і этыкетка малочнай прадукцыі ўтрымлівае рускую, іншыя замежныя мовы, але не мае інфармацыі на беларускай мове.

Гэта пазбаўляе магчымасці беларусаў, для якіх беларуская мова з’яўляецца роднай і якія выкарыстоўваюць яе ў сваім паўсядзённым ужытку, атрымліваць інфармацыю аб тавары на той дзяржаўнай мове, якой яны карыстаюцца. 
Такім чынам дадзеная катэгорыя грамадзян Беларусі дыскрымінуецца па моўнай прыкмеце, а арт. 17 Канстытуцыі — парушаецца».


img_20210129_101941__1_.jpg


Напісалі, падпісалі, даслалі зварот, атрымалі і адказ. Ён грунтуецца на існаванні дзвюх дзяржаўных моваў і праве прадпрыемства згодна заканадаўству прымяняць у інфармацыйным афармленні прадукцыі рускую і (альбо) беларускую мову. Падсалоджаны гэты горкі для беларускамоўных случчан адказ абяцаннем улічваць пажаданні пакупнікоў пры распрацоўцы новых этыкетак.


200172400442_114321.jpg


 Вось вам і дзве дзяржаўныя мовы ў дзеянні. За каментаром карэспандэнт НЧ звярнулася да Аліны Нагорнай, адной з каардынатараў кампаніі «Умовы для мовы».
— Асноўная праблем тут — юрыдычна непісьменнае ўспрыманне двухмоўя, — гаворыць Аліна Нагорная. — Дзве дзяржаўныя мовы гэта не значыць, што прадпрыемствы, чыноўнікі, навучальныя ўстановы могуць абіраць адну мову для грамадзян. Дзве дзяржаўныя мовы — гэта значыць, што павінны аднолькава забяспечвацца правы як рускамоўных, так і беларускамоўных грамадзян.

Каардынатарка кампаніі распавяла, што ўжо даволі працяглы час займаецца кампаніяй за беларусізацыю ўпакоўкі малочнай прадукцыі.
— Я часцей сустракаю беларускую мову на ўпакоўках польскай, расійскай, літоўскай і нават фінскай прадукцыі, чым на беларускай, — кажа Аліна. — Сапраўды, беларускія вытворцы дыскрымінуюць сваіх жа спажыўцоў па моўнай прыкмеце, бо не даюць ім магчымасці атрымаць інфармацыю аб прадукце па-беларуску.     

img_20210129_104813_logo.jpg

Але кампанія мае і пазітыўныя вынікі. Аліна Нагорная распавяла, што беларускую мову на ўпакоўкі і этыкеткі дадала прадпрыемства «Мазырскія малочныя прадукты», «Ляхавічок» перакладае этыкетку, Маладзечанскі малочны камбінат плануе працу па нанясенню беларускай мовы, ААА «Здравушка-Мілк» паабяцала разгледзець прымяненне беларускай мовы на ўпакоўцы пры планаванні новай лінейкі ў канцы 2021 года. Але ёсць шмат прадпрыемстваў, якія ўпарта супраціўляюцца беларусізацыі прадукцыі. Сярод іх агракамбінат «Сноў», «Белалакт», «Белсыр», «ДанонБел», «Мілкавіта», «Савушкін прадукт», Слуцкі сыраробчы камбінат і іншыя.

img_20210129_104700__1__logo.jpg

200117600012_404382_logo.jpg

Тварог " Стары Менск" - Гродненская ААТ " Малочны прадукт"
Пазітыўным з’яўляецца таксама і тое, што да кампаніі ўжо далучыліся больш за 100 чалавек, у тым ліку і сябры Слуцкага ТБМ, якія даслалі свае звароты не толькі на мясцовы камбінат, але і на іншыя прадпрыемствы.Па словах Аліны Нагорнай, людзі пачалі разумець, што варта дасылаць звароты — выказваць пажаданні пакупнікоў, каб нешта змяняць да лепшага.

— Што рабіць, калі прадпрыемства адмаўляецца дадаць беларускую мову?

— Абскарджваць ў выканкамы і ў міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. А таксама можна падаваць заявы па артыкулу 9.22 КаАП у суд – за парушэнне заканадаўства аб мовах, бо прадпрыемства стварае перашкоды ў карыстанні дзяржаўнай мовы.
Ініцыятарка беларусізацыі малочнай прадукцыі звярнула ўвагу, што распрацоўка і выраб новай этыкеткі або ўпакоўкі не патрабуе істотных выдаткаў і не падвышае кошт прадукцыі. Гэта адзначыў і гендырэктар «Лідскага піва» Аўдрыус Мікшыс:

«У нас аддрукаваная этыкетка захоўваецца на складзе максімум некалькі месяцаў, затым мы друкуем новую, — выказаўся гендырэктар. — Дадаць беларускую мову не складана. Гэта тым больш нічога не каштуе у параўнанні з павагай да роднай мовы».

Варта адзначыць, што пасля аналагічнага звароту да КВУП «Мазырскія малочныя прадукты», гэтае прадпрыемства менш чым за два месяцы распрацавала для 15 найменняў выпускаемай прадукцыі новую этыкетку, на якую была дададзена інфармацыя на беларускай мове. Распрацоўка і вытворчасць новай этыкеткі не пацягнула ў прадпрыемства дадатковых выдаткаў, а кошт прадукцыі не павысіўся.

— Што яшчэ можна зрабіць, каб беларускай мовы навокал было больш?
— Мы стварылі тэлеграм–бот “Случак” sluchakbot. Ён мае прыклады зваротаў для абароны беларускай мовы і сваіх моўных правоў. Там ёсць беларускамоўныя бланкі і дакументы, таксама там можна пачытаць пра тыя ўстановы, дзе ўжо можна пачуць беларускую мову ў адказ. Карыстайцеся ім і беларускай мовы вакол нас будзе больш!