«Ахоўнік пачаў плакаць. Сказаў, што яму сорамна». Сведчанні яшчэ аднаго вязня слуцкага лагера
Чарговыя сведчаньні былога вязня лагера для пратэстоўцаў, створанага ў жніўні на тэрыторыі ЛПП № 3 пад Слуцкам публікуе «Свабода».
Суразмоўца пажадаў застацца ананімным, яго кантакты ёсць у рэдакцыі. Ён па-ранейшаму непакоіцца за сваю будучыню.
Увечары 9 жніўня жыхара аднаго з райцэнтраў Мінскай вобласці затрымалі ля стэлы, пасля чаго адвезлі на Акрэсціна. Там ён правёў трое сутак, змяніў некалькі камер, атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у масавай акцыі пратэсту.
«Выйшлі і пабачылі плот з калючым дротам, вышкі»
«На Акрэсціна мяне трымалі трое сутак прыкладна, — расказвае сведка. — У камеры было 27 чалавек. Суд прайшоў там жа, незразумелы зусім. А пасля суду прыйшоў ці то следчы, ці то яшчэ нехта. І сказаў, што ўсіх, каго асудзілі, будуць выпускаць. Мы ўзрадаваліся. Але нас вывелі, пашыхтавалі і паведамілі, што павязуць у Жодзіна. Пагрузілі ў шэрыя аўтазакі. У шчыліну можна было бачыць, куды мы едзем. У нейкі момант я зразумеў, што паварот на Жодзіна мы праехалі, што нас вязуць некуды не туды».
Суразмоўца гаворыць, што праз пэўны час аўтазакі з шашы звярнулі ў лес. У той момант вязень зусім не разумеў, што адбываецца. Ён кажа, што калона аўтазакаў была вельмі вялікай. Па дарозе можна было зразумець, што некалькі аўтазакаў сапсаваліся. Камусьці з асуджаных канваіры давалі пакурыць, вады, пазваніць дадому нават. А нехта усю дарогу да Слуцку ехаў тварам у падлогу.
«Калі мы выйшлі, то пабачылі плот, калючы дрот, вышкі, — кажа суразмоўца. — Ахоўнікі нам патлумачылі, што тут быў ЛПП. Сказалі паводзіць сябе нармальна, тады ў нас усё будзе таксама добра. На вышках ахоўнікі былі, ахова з сабакамі, вайскоўцы з аўтаматамі хадзілі. Пасля прыезду мы чакалі каля 40 хвілін, магчыма, каля гадзіны. Пасля нас адвялі ў душ, крыху патрымалі на вуліцы і завялі ў барак. Ад гэтага месца спачатку было вельмі не па сабе. На Акрэсціна хоць і было вельмі жорстка, але там з аўтаматамі я нікога не бачыў».
Калона аўтазакаў вязе затрыманых пратэстоўцаў у новы лагер пад Слуцкам
«Вялікае памяшканне з двухпавярховымі ложкамі»
Суразмоўца кажа, што быў здзіўлены стаўленню аховы. Расказвае, што калі загледзеўся на сабаку аднаго з жаўнераў, то да яго падышоў афіцэр і ветліва папрасіў глядзець уніз, а не на вайскоўцаў.
Па словах былога вязня, у параўнанні з Акрэсціна гэта быў піянерскі лагер. Была нават крама на тэрыторыі. Ахоўнікі сказалі прывезеным пратэстоўцам, што яны могуць там нешта купіць сабе, калі хочуць. Але грошай не было ні ў кога, усё забралі на Акрэсціна. Суразмоўца кажа, што пазнаў лагер па раней апублікаваных Свабодай фотаздымках. Гэта было дакладна тое самае месца.
«Барак быў падобны на вайсковую казарму, — працягвае аповед сведка. — Адно вялікае памяшканне з двухпавярховымі ложкамі. У кожнага чыстая пасцельная бялізна. У бараку была нават прыбіральня; хто хацеў, мог памыць адзенне. Выводзілі пакурыць, калі хто меў цыгарэты. Для мяне быў шок, калі я ўначы прачнуўся і папрасіў цыгарэту ў маладога вайскоўца, які нас ахоўваў. Зусім малады, ці то толькі прыйшоў на кантракт, ці то ўвогуле тэрміновай службы. Мы курылі ля барака, ён пачаў распытваць, што з намі адбылося. Я расказваў пра ўсё. І ён пачаў плакаць. Паказаў на пагоны, сказаў, што яму сорамна».
Па словах сведкі, людзей у слуцкі лагер прывозілі пераважна 13 жніўня, калоны аўтазакаў прыязджалі некалькі разоў, нават позна ўвечары.
Ахова была і ўнутры баракаў, службоўцы ўнутраных войскаў знаходзіліся ў бараку з дубінкамі. Аднак не выкарыстоўвалі іх, з затрыманымі абыходзіліся нармальна. Прасілі не хадзіць у вялікім праходзе паміж шэрагамі ложкаў, але камунікаваць паміж сабой не забаранялі, можна было перамяшчацца паміж суседнімі ложкамі. У прыбіральню выводзілі па 5 чалавек.
Вызвалілі суразмоўцу 14 жніўня, адным з першых. Ахоўнік назваў яго прозвішча, потым вывелі да брамы і адпусцілі пасля падпісання паперы з абавязаннем не ўдзельнічаць больш у пратэстах.
«Улады рыхтуюцца да новых пратэстаў, такія лагеры могуць з’явіцца зноў»
«Канваіры нам казалі, што гэта ЛПП, — расказвае сведка. — Для алкашоў, груба кажучы. Мы бачылі тых, хто быў там да нас. Але ім забаранілі з намі размаўляць. Мы маглі выйсці ў агароджаны дворык ля барака, папрасіць цыгарэту ў гэтых людзей. А яны стаялі і адыходзілі адразу, нават не падымалі на нас вачэй. Высветліць у адміністрацыі, чаму мы там знаходзіліся, мы не спрабавалі. Я для сябе пасля Акрэсціна вырашыў, што не варта ўвогуле такімі рэчамі займацца. Зразумела, што абсалютная большасць з нас там была ні за што».
Суразмоўца кажа, што, калі даведаўся пра выказванні аб магчымым стварэнні лагераў для пратэстоўцаў, то адразу падумаў пра Слуцак. Ён лічыць, што гэта непрымальна і дзіка ў ХХІ стагоддзі.
«Ужо тады, у жніўні, гэта выглядала дзіка, — кажа ён. — Калі нас прывезлі, то гэта была проста нібы вайсковая казарма. Але, пакуль мы там знаходзіліся, гэта паўтара дні, усё абнеслі плотам, нацягнулі калючы дрот. Літаральна за вечар і раніцу. Ужо тады гэта стала падобна да лагера. Я падумаў, ну ладна. Магчыма, нейкія захады бяспекі. Але калі цяпер пачуў пра лагеры для тых, хто зараз выходзіць на мітынгі... Я тады зразумеў, што ўсё да гэтага ідзе. Яны рыхтуюцца да новых пратэстаў увесну, такія лагеры могуць зноў арганізаваць».