Спадчына ВКЛ — адна на ўсіх!
«Літоўцам варта адмовіцца ад антаганізму ў адносінах з беларусамі і палякамі, каб зблізіць нашы погляды на мінуўшчыну, робячы акцэнт на тым, што нас яднае, а не падзяляе. Спадчына Вялікага Княства належыць усім народам, якія ў ім пражывалі, і гэтым трэба ганарыцца», — падкрэслівае літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус.
Русціс Камунтавічус
Гістарычныя спрэчкі
Размежаванне паміж беларускімі і літоўскімі даследчыкамі ў бачанні мінуўшчыны ВКЛ пачалося з адраджэннем сучасных нацый у пачатку ХХ стагоддзя. Тады гісторыкі і сфармавалі разыходжанні, па якіх дыскутуюць і сёння. Асноўныя з іх: узнікненне «гістарычнай Літвы», вызначэнне яе першай сталіцы, акрэсленне нацыянальнай прыналежнасці палітычнай эліты, назва афіцыйнай мовы ВКЛ і, урэшце, падзел спадчыны ВКЛ.
Усе гэтыя пытанні сталі вельмі актуальнымі ў гістарыяграфіі незалежных Літвы і Беларусі. Даследчыкі дзвюх краін пачалі ствараць сваю ўласную міфалогію ВКЛ, прычым працяглы час, паасобку, без непасрэдных кантактаў і дыскусій.
Пакуль нашы паўночныя суседзі падкрэслівалі літоўскасць ВКЛ, мы спрабавалі зрабіць акцэнты на «старабеларускую мову» як афіцыйную мову Вялікага Княства і на Навагрудак як першую сталіцу гэтай дзяржавы. У сярэдзіне 1990-х гадоў у сувязі з вядомымі падзеямі, беларусы амаль выбылі з барацьбы за спадчыну ВКЛ. У Літве гэта не магло не выклікаць задавальнення. Не трэба было больш змагацца за абгрунтаванне правоў на герб «Пагоня» і супраць беларускасці Вільні.
Аднак сітуацыя змяняецца ў лепшы бок, і ўжо самі літоўцы пачынаюць разумець, што без беларускай спадчыны ВКЛ не магчыма стварыць паўнавартасны летапіс гісторыі гэтай сярэднявечнай дзяржавы. Літоўскія даследчыкі пачынаюць разумець, што іх беларускія калегі — не канкурэнты, а партнёры, якія робяць тую ж працу, што і яны.
Наш чалавек у Літве
Памятаю, на адной з навуковых канферэнцый у Варшаве абмяркоўвалі перспектывы даследавання гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў Літве, Польшчы і Беларусі. Аўдыторыя мерапрыемства была міжнароднай, аднак вырашальны голас мелі палякі і літоўцы. У адзін з момантаў я ўзяў слова і сказаў, што, па вялікаму рахунку, літоўцам хопіць спадчыны ВКЛ на дзесяць пакаленняў наперад, палякаў гэтая тэма датычыцца ўскосна, у рамках Рэчы Паспалітай, а вось каму гэтая тэма сапраўды патрэбна, дык беларусам. Нам не хапае глыбокага аналізу гісторыі старадаўняй беларускай дзяржавы.
І быў прыемна ўражаны, што маё меркаванне было ўспрынята вельмі пазітыўна, а першым, хто выказаўся ў падтрымку, быў дацэнт Ковенскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, дырэктар Інстытута ВКЛ Русціс Камунтавічус.
У рамках цыкла публічных лекцый «URBI ET ORBI», Лятучым універсітэтам была арганізавана публічная лекцыя гэтага таленавітага навукоўца. Спадар Камунтавічус паспрабаваў раскрыць сутнасць супярэчнасцяў, якія існуюць паміж Беларуссю і Літвой у адносінах да мінулага ВКЛ. На яго думку, зараз і ў літоўскім гістарычным асяроддзі, і ў грамадстве пануюць стэрэатыпы, паводле якіх нібыта існуе толькі адно бачанне гісторыі ВКЛ. Усе іншыя распрацоўкі, у тым ліку і беларускія, з’яўляюцца памылковымі.
Камунтавічус лічыць, што такая пастаноўка пытання прыводзіць літоўскую гістарыяграфію ў тупік. «Нам трэба зразумець, што іншыя гістарычныя канцэпцыі, у тым ліку беларуская, узбагачаюць нашу літоўскую гістарыяграфію. 100, 200 гадоў мы, літоўцы, варыліся ва ўласным соку. І вось беларусы прыходзяць і кажуць, што той ці гэты аспект яны бачаць па-іншаму. Да гэтага варта прыслухацца», — падкрэслівае літоўскі навуковец.
Па меркаванню спадара Камунтавічуса, прыйшоў час наноў прачытаць гістарыяграфію суседзяў. Праз глыбокі аналіз літоўцы могуць зразумець, не толькі тое, што адрознівае беларусаў, палякаў і літоўцаў, але і тое, што іх аб’ядноўвае. «На жаль, доўгі час літоўскае грамадства глядзела на Беларусь як на нейкія «крэсы». Вось мы спрачаемся з палякамі, крытыкуем іх за такое стаўленне да ўсходніх суседзяў, а самі працягваем думаць тымі ж катэгорыямі», — адзначыў гісторык.
Польшча і Літва — заклятыя сябры
У Літвы да сённяшняга дня існуюць ідэалагічныя супярэчнасці з Польшчай. Гаворка перш за ўсё пра праблему Вільні і Віленскага краю, якія ў міжваенны перыяд знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Да сённяшняга дня на віленскіх вулачках можна ўбачыць правакацыйныя надпісы па-польску, якія сцвярджаюць, што Вільня — гэта польскі горад, ці па-літоўску, якія абвяргаюць гэты тэзіс.
У цэнтры Коўна адноўлены помнік Вітаўту Вялікаму, які быў пастаўлены яшчэ ў даваенны перыяд. Манумент мае глыбокі ідэалагічны сэнс: Вітаўт стаіць на пераможаных ворагах, сярод якіх татарын, крыжак, маскаль і… паляк. Вось так, спадчына шматвяковай Рэчы Паспалітай, калі палякі, беларусы і літоўцы жылі ў адной краіне, была перакрэслена супярэчнасцямі міжваеннага перыяду. Аднак Літва паступова пазбаўляецца ад гэтых хімер мінулага. І не толькі ў адносінах з Польшчай, але з Беларуссю.
Інстытут ВКЛ — праект з перспектывай
У гэтым сэнсе важную ролю іграе створаны ў Літве Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, дырэктарам якога і з’яўляецца дацэнт Русціс Камунтавічус. «Вялікай праблемай з’яўляецца тое, што літоўская студэнцкая моладзь мала ведае пра Беларусь увогуле, і пра беларускую складовую гісторыі ВКЛ у прыватнасці. Парыж ці Лондан для іх выглядаюць больш прывабнымі, чым Мінск ці Заслаў’е. І гэтую сітуацыю трэба змяняць. Наш інстытут арганізуе экскурсіі для студэнтаў у Беларусь, выступае суарганізатарам беларуска-літоўскіх летніх і зімніх навуковых школ, ладзіць міжнародныя канферэнцыі з удзелам, перш за ўсё беларускіх даследчыкаў, дзеля таго, каб з іх ідэямі пазнаёміліся літоўскія навукоўцы. Важна, каб атрымаўся дыялог паміж беларускімі, літоўскімі і безумоўна польскімі гісторыкамі. Дзеля гэтага мы робім усё», — падкрэслівае спадар Камунтавічус.
Сапраўды, можна спрачацца, а можна і рабіць стаўку на тое, што нас аб’ядноўвае — на еўрапейскія традыцыі, архітэктуру, культуру, славутых гістарычных асоб і, што самае галоўнае, на традыцыі талерантнасці, якімі могуць славіцца народы некалі магутных Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.