У Гродне размаўляюць пра турыстычную прывабнасць літоўска-беларускага памежжа

Дні Літвы ў Беларусі пачаліся 3 траўня ў Мінску. У іх межах 6–7 траўня ў Гродне праходзяць сустрэчы, прысвечаныя турыстычнаму патэнцыялу Літвы.



get_img57.jpg

Эвалдас Ігнатавічус

У часе побыту ў Гродне новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус  паведаміў, што літоўскі бок зацікаўлены ў распрацоўцы сумесных турыстычных праектаў.

Асабліва цікавым для абодвух бакоў мог бы стаць абмен замежнымі турыстамі. Для гэтага трэба распрацаваць сумесны турпакет для людзей, зацікаўленых у наведванні беларуска-літоўскага памежжа — сказаў амбасадар на сустрэчы ў аблвыканкаме.

Гэтак, у блізкія да Гродна Друскенікі прыязджае шмат турыстаў са Скандынавіі, якіх маглі б зацікавіць храмы і замкі Гарадзеншчыны.

Працяг абмеркавання турыстычных магчымасцяў дзвюх краін адбудзецца ў свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест”.

У часе сустрэч былі агучаныя таксама некаторыя лічбы адносна гандлёвага супрацоўніцтва Гродзеншчыны і Літвы. Гэтак, за першыя тры месяцы 2013 года таваразварот паміж вобласцю і Літвой павялічыўся на 11,8% у параўнанні з мінулым годам. Доля Літвы ў таваразвароце вобласці складае 4,2% (экспарту — 4,4%, імпарту — 3,8%). На Гродзеншчыне працуе 132 арганізацыі з літоўскім капіталам.

Дні Літвы ў Беларусі прымеркаваныя да старшынства Літвы ў Еўрасаюзе, якое будзе мець месца ў другой палове года.

www.t-styl.info

Здымак ctv.by