«Спрабуюць нацягнуць саву на глобус» — старшыня БАЖ пра разгром TUT.BY

Андрэй Бастунец пракаментаваў «Салідарнасці» жаданне ўладаў прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы партала TUT.BY.

40830031_1621448694621595_8918391524471865344_n.jpg

Працягваецца праца, накіраваная на тое, што называецца "разгром TUT.BY", — заявіў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Спачатку іх пазбавілі статусу СМІ, потым распачалі справу на 15 супрацоўнікаў і звязаных з парталам асоб. Потым быў заблакаваны партал. Цяпер мы бачым, што яны гэта блакаванне спрабуюць абгрунтаваць прызнаннем экстрэмісцкімі матэрыялаў самога сайта.

На самай справе, як і пішуць супрацоўнікі, гэта можа выклікаць вельмі сур'ёзныя, практычна нявырашаныя ў прававым полі праблемы, звязаныя з тым, што прадукцыя TUT.BY размяшчалася на велізарнай колькасці інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку і дзяржаўных.

Старшыня БАЖ не лічыць вылучаныя парталу абвінавачвання правамернымі і аб'ектыўнымі.

Права да гэтага не мае ніякага дачынення. Таму што сярод прэтэнзій, пазначаных у рашэнні камісіі, можна, напрыклад, убачыць высмейванне або негатыўныя ацэнкі каго б там ні было. Але і тое, і іншае цалкам ахоўваюцца свабодай выказвання меркавання.

Калі мы возьмем асноватворны дакумент "Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах" і тыя рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, якія прынятыя ў адпаведнасці з ім, то ўбачым, што СМІ мае магчымасць выказваць не толькі папулярныя або тыя, якія ўхваляюцца ў грамадстве выказванні, але і непапулярныя, і рэзка крытычныя.

Варта адзначыць, што TUT.BY многія абвінавачвалі, хутчэй, у залішняй нейтральнасці. І спроба прызнаць гэтую інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкай падобна таму, што ўвесь час цяпер спрабуюць зрабіць нашы кантралюючыя органы — нацягнуць саву на глобус, — адзначыў Бастунец.

Ён падкрэсліў, што Беларуская асацыяцыя журналістаў у абавязковым парадку працягне інфармаваць усю сусветную грамадскасць пра тое, што адбываецца.

Безумоўна, мы інфармуем ўсе вядучыя і журналісцкія і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца свабодай выказвання меркавання.

Мы праводзім гэтую працу кожны дзень, але такія выпадкі, як з TUT.BY або як крымінальны пераслед журналістаў, — яны першачарговыя, найважнейшыя і самыя значныя.

Мы будзем спрабаваць прыцягнуць да ўсяго гэтага ўвагу як грамадскасці, так і дзяржаўных структур, міжнародных, а таксама мы абавязкова звяртаемся да беларускіх уладаў, але, на жаль, гэтыя нашы звароты застаюцца не пачутымі, — канстатуе старшыня БАЖ.