Страціўшы Украіну, Праваслаўная царква становіцца шараговай рэлігійнай арганізацыяй

Праваабаронца і экспертка па справах рэлігіі Наталля Васілевіч у размове з Паўлам Мацукевічам для «Цэнтра новых ідэй» расказвае пра тое, як сёння сябе адчувае Беларуская праваслаўная царква, што такое «рускі свет» і хто сёння ўплывае на прыняцце рашэнняў у БПЦ.

Сафійскі сабор у Полацку. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сафійскі сабор у Полацку. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Што сёння з сябе ўяўляе Беларуская праваслаўная царква? Колькі сапраўды вернікаў сярод тых, хто проста называюць сябе праваслаўнымі?

— Пра колькасць вернікаў cказаць складана, бо ў БПЦ не вядзецца аніякай статыстыкі і ўліку. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца даныя сацыялагічных даследаванняў, у якіх лічбы таксама адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, як фармулююцца пытанні. 

Лічыцца, што да праваслаўных сябе адносяць ад 70 да 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Паводле іншых даследаванняў, калі людзі адказваюць на пытанні, наколькі для іх важная наогул рэлігія ў жыцці, як яна ўплывае на паўсядзённасць, ці практыкуюць яны малітвы, наведванне храмаў, то лічбы выходзяць настолькі сціплымі, што Беларусь аказваецца на адным з самых апошніх месцаў у Еўропе па ўзроўні ўплыву рэлігіі на жыццё. 

Можна сказаць, што, паводле самых аптымістычных ацэнак, толькі 100-150 тысяч чалавек актыўна ўдзельнічаюць у царкоўным жыцці. І што для іх гэта значыць больш чым проста згадаць раз на год, якая сёння дата. Таму вельмі вялікая разбежка паміж фармальна праваслаўнымі і рэальна вернікамі. У сучасных умовах яе асабліва складана ацаніць. 

Кожны год публікуецца колькасць зарэгістраваных рэлігійных суполак. На пачатак гэтага года іх налічвалася звыш 3400, палова з іх адносіцца да праваслаўнай царквы. Гэта адзіная больш-менш аб'ектыўная лічба, якой можна ўпэўнена апераваць.

Для параўнання БПЦ з іншымі памеснымі цэрквамі ў іншых краінах прывяду такі факт: у Беларусі існуе толькі адна рэальна дзеючая семінарыя — у Жыровічах, а таксама духоўная акадэмія ў Мінску. У суседняй Украіне сем духоўных семінарый у адной толькі Украінскай праваслаўнай царкве, раней звязанай з Маскоўскім патрыярхатам. У агульнаправаслаўным маштабе БПЦ — гэта параўнальна невялікая арганізацыя, у Беларусі ў прынцыпе параўнальная нават з пратэстантамі ці каталікамі, калі казаць пра актыў вернікаў. 

— З чым звязаны рэлігійная пасіўнасць грамадства і ці абмежаваны ўплыў царквы на паўсядзённае жыццё? Дэфіцыт яркіх прапаведнікаў у тэлевізары ці справа ў чымсьці іншым?

— Цэлы шэраг фактараў. Калісьці я рабіла аналіз медыякантэнту на прадмет таго, што наогул царква прапануе людзям, пра што яна гаворыць. Я аналізавала пытанні, якія людзі дасылаюць у газеты і часопісы па рэлігійнай тэматыцы. Аказалася, што большасць пытанняў тычыцца нейкіх рытуальных рэчаў. Напрыклад, ці трэба пераасвячаць кватэру пасля рамонту, ці можа жанчына ў крытычныя дні паднесці сваё дзіця да прычасця, ці можна здзейсніць паніхіду не на саракавы дзень пасля смерці, а ў іншую зручную дату, якія кветачкі, куды прынесці, колькі штук, куды шкарлупіну ад яек выкідваць і гэтак далей. 

Гэта значыць, людзі бачаць у царкве інстытут, які мае кампетэнцыю толькі ў рытуальных рэчах і можа больш-менш кампетэнтна расказаць, дзе і каму якую свечку паставіць, дзе і як маліцца, якому святому. Кола пытанняў, з якімі людзі ў Беларусі звяртаюцца да царквы, абмежаванае прыкладна такімі.


Глядзіце таксама

Святарам гэта таксама зручна, яны ў гэтай сферы адчуваюць сябе як рыба ў вадзе. Менавіта ў гэтых пытаннях яны прафесіяналы, адказваюць упэўнена і кампетэнтна, незалежна ад таго, што яны гавораць. Калі ж пытанні тычацца іншых аспектаў жыцця, то сітуацыя іншая. Альбо тое, што яны будуць гаварыць, будзе гучаць радыкальна ці некампетэнтна. Адказы могуць быць занадта банальнымі і таму нездавальняючымі, альбо занадта складанымі, якія чалавек не зможа ўспрыняць. Да таго ж, у самой царквы няма пула сфармуляваных адказаў на актуальныя пытанні па-за рытуаламі.

Пачынаючы з кавіда, калі Царква ў Беларусі падтрымала наратыў уладаў, якія фактычна адмаўлялі небяспеку эпідэміі, пры тым, што людзі масава хварэлі і паміралі, давер да БПЦ упаў. Пасля жніўня 2020 года ў людзей у цэлым склалася ўражанне, што Царква на баку рэжыму Лукашэнкі, хоць гэта не зусім так. 

На самай справе БПЦ зрабіла вялікі крок наперад у параўнанні са сваімі ранейшымі ўстаноўкамі. У ёй адбыўся такі ж пераварот, як у цэлым у беларускім грамадстве. Аднак паколькі ўлады былі зацікаўленыя, каб толькі карцінка падтрымкі трансліравалася, і па шэрагу іншых фактараў склалася ўражанне, што БПЦ за Лукашэнку. Акрамя гэтага, адбылася змена кіраўніцтва, а менавіта — прыйшоў мітрапаліт Веніямін, які сапраўды падтрымлівае Лукашэнку. Па сукупнасці ўсяго гэтага натхненне ад рэлігійнага жыцця ў многіх людзей сышло, яны перасталі хадзіць у царкву.

— Вайна, мабыць, пагоршыла сітуацыю, асабліва пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы адносна вайны?

— Так, вайна пагоршыла гэта ўсё праз ролю патрыярха Кірыла. Ва Украіне гэта адбылося ў большым маштабе, у нас — у меншым. Многія людзі ва Украіне былі вельмі лаяльныя да патрыярха, глядзелі на яго як на духоўнага лідара — а ён ім здрадзіў апраўданнем вайны і аддаў у рукі гвалтаўнікоў і забойцаў. І ніяк за іх не заступіўся. У выніку для многіх стала немагчымым прамаўляць гэтае імя на набажэнствах, як гэта было прынята. Яно стала гучаць як жалезам па шкле. 

У Беларусі на хвалі непрымання пазіцыі РПЦ многія святары сышлі па-за штат, не жадаючы прадстаўляць такую царкву. Хтосьці спрабуе атрымаць свецкую адукацыю, каб быць больш незалежным. Хтосьці спрабуе з'ехаць за мяжу. Яны застаюцца праваслаўнымі, хочуць служыць Богу, але не ў гэтай царкоўнай структуры. Хтосьці наадварот застаецца, кіруючыся іншымі меркаваннямі: каб у людзей, якія насуперак усяму шукаюць у царкве суцяшэнне і духоўную дапамогу ў сітуацыі рэпрэсій у краіне і вайны побач, была магчымасць усё гэта знайсці.

— Ці шмат такіх святароў? Ці дастасавальна да царквы сацыялагічнае дзяленне грамадства на «ябацек», «змагароў» і «нейтралаў», і хто з іх пераважае ў БПЦ?

— У цэлым гэта «нейтралы», вядома. «Ябацек» мала, але паколькі ў іх больш рэсурсаў цяпер, яны нічым не рызыкуюць, а наадварот у фаворы і ў звязцы з уладамі працуюць, адпаведна, іх уплыў большы. 

«Нейтралы» маўчаць, але мімікрыруюць больш пад «ябацек», нават імі не з'яўляючыся. Іх маўчанне часам бывае гучным як у адзін, так і ў другі бок. Зараз маўчанне абумоўлена рэпрэсіямі. У вышэйшым царкоўным кіраўніцтве БПЦ лічаць за лепшае ў такіх рэпрэсіўных умовах дэманстраваць лаяльнасць. Пры гэтым мы бачым, што ў беларускім епіскапаце, напрыклад, рэдкія выпадкі адкрытай падтрымкі вайны. БПЦ у гэтым пытанні ідзе ў фарватары Лукашэнкі, а не Маскоўскага патрыярхату, які расшыфроўвае СВА як «святая ваенная аперацыя». 


Глядзіце таксама

Мітрапаліт Веніямін не выказваецца адкрыта на гэты конт, арыентуючыся больш на пазіцыю беларускіх уладаў, а не сваіх царкоўных у Маскве. Ён тыповы «ябацька», але хутчэй як дэпутат Марзалюк, чым як актывістка Бондарава. Нават, калі мітрапаліт за «рускі свет» і адзінства Беларусі і Расіі, але Лукашэнка такія пазіцыі публічна не прагаворвае, то і Патрыяршы экзарх усяе Беларусі таксама не будзе. 

Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый з'яўляецца іншым прыкладам — ён генеруе тэорыі змовы з любой нагоды. У сваю чаргу, Архіепіскап Гродзенскі Арцемій выступіў супраць гвалту і беззаконня беларускіх уладаў, а таксама супраць вайны, праз што трапіў у няласку і быў скінуты са сваёй кафедры.

— БПЦ з'яўляецца падраздзяленнем Рускай праваслаўнай царквы, гэта значыць знаходзіцца ў падпарадкаванні ў маскоўскага патрыярха. Аднак, атрымліваецца, што ўплыў не настолькі вялікі, як прынята думаць. На што ўплывае Маскоўскі патрыярхат у Беларусі?

— Складанае пытанне. На Маскоўскі патрыярхат таксама нешта ўплывае. І там таксама ёсць розныя трэнды, якія адбываюцца, напрыклад, з пропаведзяў і атрымліваюць самастойнае жыццё. Я б не пераацэньвала магчымасці Маскоўскага патрыярхату проста распрацоўваць нейкую стратэгію і нешта прасоўваць мэтанакіравана. У яго няма такога інтэлектуальнага рэсурсу. Традыцыйны наратыў пра Святую Русь не павінен успрымацца як нешта абавязкова звязанае з «рускім светам», дзе Масква — гэта цэнтр. Наадварот, у Святой Русі цэнтрам можа з'яўляцца і Кіеў. 

Безумоўна, нейкія наратывы трапляюць у наша беларускае поле — у прыватнасці наратыў пра «традыцыйныя каштоўнасці», які пераважае над усімі іншымі. Гэты наратыў у прынцыпе падзяляецца грамадствам у краінах Усходняй Еўропы, і не толькі. Ён выкарыстоўваецца ў культурных войнах паміж крытыкамі і прыхільнікамі сучаснай заходняй цывілізацыі вакол пытанняў полу, сэксуальнай арыентацыі, фемінізму, ювенальнай юстыцыі, абортаў і гэтак далей. Эмацыйна гэта вельмі моцна зараджаныя тэмы, на якіх гуляе дзяржава, супрацьпастаўляючы і абараняючы ад «бязбожнага» Захаду свой свет, дзе тата п'е і маму б'е, але гэта тата і мама, а не як у заходніх рэаліях, у якіх нібыта цяпер толькі «бацька нумар 1» і «бацька нумар 2». Царква добра ўпісваецца ў гэтую барацьбу на баку ўладаў. Прычым гэта тычыцца не толькі БПЦ, але ўсіх хрысціян — і каталікоў, і пратэстантаў.

Напрыклад, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 2020-м выступіў супраць гвалту, да таго разам са Свята-Елісавецінскім манастыром збіраў подпісы ў падтрымку забароны ЛГБТ-прапаганды або чагосьці падобнага. Ужо пасля свайго выгнання і вяртання ён пісаў ва Усебеларускі народны сход пра неабходнасць забароны абортаў і фіксавання шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.

— Усё-ткі, калі казаць пра ўплыў, вобразна кажучы, мітрапаліт Веніямін, прачнуўшыся ранкам і памаліўшыся, перш за ўсё чытае «Пул першага» ці сайт Маскоўскага патрыярхату?

— Напэўна, стэлефаноўваецца з Наталляй Качанавай па інструкцыі. Я думаю, што, вядома, прыходзяць інструкцыі і з Маскоўскага патрыярхату. Проста цяпер, хутчэй за ўсё, усе гэтыя інструкцыі не супярэчаць адна адной.

Гэта значыць, пакуль няма канфлікту паміж рэжымам Лукашэнкі і рэжымам Пуціна, не будзе канфлікту паміж мітрапалітам Веніямінам і патрыярхам Кірылам. Як толькі паміж Лукашэнкам і Пуціным здарыцца сур'ёзны канфлікт, можна будзе даведацца, на чыім баку Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Я мяркую, што мітрапаліт Веніямін гуляе ў камандзе Лукашэнкі, а не патрыярха Кірыла. 


Глядзіце таксама

— Дзе перасякаюцца «рускі свет» і праваслаўе (калі перасякаюцца)?

— Ёсць такія ідэі ў праваслаўі, якія добра мантуюцца з ідэалогіяй «рускага свету». Напрыклад, ужо згаданая мной ідэя Святой Русі, якая, наогул кажучы, з'яўляецца антыімперскай. Яна ўзнікла ў 19 стагоддзі ў Расійскай імперыі, дзе царква была часткай імперскага апарату. У гэтых умовах інтэлектуалы і візіянеры таго часу спрабавалі сфармуляваць альтэрнатыву такой царквы праз рамантызацыю мінулага і старажытных святых, якія жылі на Русі. Акрамя гэтага, ідэя Святой Русі, якую ў сваіх мэтах выкарыстоўвае патрыярх Кірыл, магла быць наадварот антываеннай — якая асуджае братазабойчую вайну, што якраз разбурае Святую Русь.

Канцэпцыя «рускага свету», на мой погляд, калі гаварыць зусім шчыра, сама па сабе не з'яўляецца дрэннай. Цяпер яна вельмі таксічная, заражаная дэструктыўнай ідэяй дамінавання, улады, нейкага кансерватыўнага павароту, «суверэнітэту» ў супрацьстаянні «гегемоніі Захаду». З іншага боку, сама па сабе яна мала чым адрозніваецца ад ідэі еўрапейскага адзінства і іншых праектаў падобнага роду. У іншым «сусвеце» — там, дзе няма сучаснай Расіі, пуцінскага рэжыму і патрыярха Кірыла, яна магла б мець права на існаванне, нават спрацаваць на дэмакратызацыю, канцэпцыю партыцыпатарнай дэмакратыі.

У любым выпадку, цяпер нам галоўнае спыніць вайну, вызваліцца ад расійскага ўплыву, таму што ён вельмі дэструктыўна ўплывае на нашу краіну, наш народ. А далей лёс «рускага свету» будзе бачны — магчыма, «рускі свет» трансфармуецца ў нешта іншае альбо зусім маргіналізуецца.

— Ці ўяўляе РПЦ у сённяшнім выглядзе на чале з патрыярхам Кірылам і пры тым характары ўзаемадзеяння з Крамлём пагрозу для Беларусі?

— Дзеянні РПЦ уплываюць на палярызацыю ў грамадстве. Колькасць «нейтралаў» у дачыненні да РПЦ змяншаецца. Ёсць меншасць, якая ў любым выпадку слухае і прымае ўсё, што зыходзіць ад патрыярха Кірыла. Павялічваецца іншая частка грамадства, для якой усё, што робіць і вяшчае РПЦ, гэта «ту мач», і якая не хоча мець з ёй нічога агульнага. Я думаю, такіх людзей большасць у Беларусі. 

Прапаганда РПЦ не гэтак уплывовая, таму што яна занудная і завуаляваная. Пропаведзі Кірыла не карыстаюцца попытам, наадварот раздражняюць і абураюць. Тыя, хто прымае, напрыклад, ідэю вайны, тым патрэбныя словы іншага ўзроўню напалу і эмоцый. Патрыярх Кірыл ніколі не быў запальваючым прапаведнікам і харызматычнай асобай для паствы, ён, хутчэй, такі бюракрат ад рэлігіі, чые словы прапускаюцца міма вушэй. Гэта ўжо з пачатку вайны яго пачалі слухаць — і менавіта тыя, хто стаяць на антываенных пазіцыях, каб зафіксаваць падтрымку вайны.

Лукашэнка заўсёды думаў, што Праваслаўная царква за яго. І вось мітрапаліт Павел, які наогул з Расіі, з Разані, выступае з пропаведдзю, у якой асуджае гвалт, наведвае ў бальніцы збітых людзей. Лукашэнка быў у шоку. Лічба крыху большая за два дзясяткі праваслаўных святароў, якія трапілі пасля выбараў 2020 года пад рэпрэсіі за сваю пазіцыю, можа не моцна ўражваць. Але, па-першае, гэта толькі публічныя выпадкі, па-другое, гэта выпадкі, якія дайшлі да рэпрэсій — яшчэ далёка не да ўсіх актыўных дабраліся. А па-трэцяе, калі ўлічыць, што пачыналі фактычна з нуля, а прыйшлі да больш чым двух дзясяткаў, то прагрэс значны.

Проста цяпер у царкве няма адэкватнай формы выказвання пратэсных настрояў, праз якую чалавек не толькі мог бы адвесці душу, але на нешта паўплываць. Але ідзе схаваны супраціў, далёка не заўсёды выходзіць у публічную сферу. І калі прыйдзе момант, уся маўклівая нязгода, якая назапашваецца, выйдзе вонкі, і мы ўбачым, што ў прынцыпе ў Беларускай праваслаўнай царкве вельмі шмат актыўных людзей, якія выступаюць за дэмакратыю і не хочуць быць звязанымі з Маскоўскім патрыярхатам і патрыярхам Кірылам і наогул з нашым усходнім суседам.


Глядзіце таксама

— Цяпер шмат каму бачыцца выратаванне ад усіх бед у поўным разрыве з Расіяй — у выхадзе з саюзных дагавораў і ўсіх інтэграцый з ёй, адмове ад рускай мовы. Аддзяленне БПЦ ад РПЦ упісваецца ў гэтую логіку, але наколькі яно апраўданае, калі мітрапаліт Веніямін больш слухае Качанаву, чым патрыярха Кірыла?

— Тут якая штука: калі мітрапаліт Веніямін зараз слухае больш Качанаву, чым Кірыла, гэта яшчэ не азначае, што, калі прэзідэнтам будзе Святлана Ціханоўская, ён стане слухаць яе, а не Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Гэта іншы расклад.

БПЦ залежыць ад РПЦ у значнай меры ў кадравых пытаннях. Таму што, напрыклад, нябожчыка архіепіскапа Гродзенскага Арцемія, у якога, як я ўжо казала, была свая пазіцыя, які адкрыта выступаў і супраць вайны, і супраць гвалту, і супраць беззаконня — дык вось яго проста зрынулі рукамі Маскоўскага патрыярхату. Але, як мне здаецца, калі б у Беларусі былі супраць зрушэння, напрыклад, беларускія біскупы, у Масквы б нічога не атрымалася. Ініцыятыва ішла з Беларусі — ад Лукашэнкі.

Тое самае тычыцца папярэдніка Веніяміна — мітрапаліта Паўла, якога зрушылі пасля 2020 года. Ён жа наогул рускі чалавек, прыбыў з Разані і ў Расію ж з'ехаў. Мітрапаліт Павел і той павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах пазней за патрыярха Кірыла і пад ціскам апошняга.

— Мабыць, слухаў «Еўрарадыё», а не інструкцыі з Масквы…

— Жывучы ў Мінску, ён бачыў і слухаў горад, які пратэставаў, бачыў настроі сярод святароў, вернікаў і прыхаджанак, і яго «павяло». 

— Што наконт настрояў, якія падводзяць да думак пра аўтакефалію для БПЦ?

— Першая ідэя мітрапаліта Паўла, калі ён прыехаў у Беларусь, была пра тое, каб папрасіць большай аўтаноміі для Беларускай праваслаўнай царквы. Хоць ён з Расіі. Чаму так? Натуральнае жаданне мець больш улады і менш залежнасці ад рашэнняў іншых вышэйстаячых начальнікаў. Гэта ніяк не звязана з нацыянальнай ідэяй або геапалітычнай арыентацыяй.

У Беларусі праблема ў іншым. Пытанне аб аўтакефаліі цяпер вельмі моцна негатыўна зараджанае, хоць сама па сабе аўтакефалія — гэта прынцып, на якім будуецца сістэма кіравання ў праваслаўнай царкве, у адрозненне ад каталіцкай. Гэта нармальна, калі ў нейкай геаграфічнай вобласці пачынае дзейнічаць свой Сінод, прызнаны іншымі праваслаўнымі цэрквамі, у якіх таксама ёсць свае сіноды і прадстаяцелі. 

Аднак украінскі досвед расколу і стварэння аўтакефаліі выклікае ў беларускіх царкоўных колах трывогу. Тое, у якім раздраі цяпер аказалася ўкраінскае праваслаўе, як на вернікаў і святароў моцна цісне грамадства і дзяржаўная ўлада, успрымаецца ў Беларусі як досвед негатыўны, які няма жадання паўтараць. Нават тым, хто ў прынцыпе не хацеў бы быць у падначаленні Маскве, хацелася б каб працэс атрымання аўтакефаліі адбываўся добраахвотна, без ціску, гвалту, захопаў храмаў і лішніх эмоцый; без нянавісці і нанясення адно аднаму глыбокіх ран.

Цяпер наогул не зразумела, ці будзе існаваць Маскоўскі патрыярхат пасля вайны і ў якой форме; якія ў яго будуць рэсурсы ўплыву на навакольныя краіны, які ўплыў на сусветнае праваслаўе і на хрысціянства. 

Без Украіны РПЦ ператвараецца з праваслаўнага гегемона ў невялікую царкву, параўнальную з іншымі памеснымі цэрквамі. І чым больш будзе слабець Маскоўскі патрыярхат, тым менш актуальным будзе ад яго аддзяляцца, і тым менш ён будзе цікавы расійскім уладам. У інфраструктуру ж аўтакефаліі трэба ўкладваць шмат рэсурсаў, звязаных з неабходнасцю прызнання з боку іншых памесных праваслаўных цэркваў, з забеспячэннем рэцэпцыі гэтага факту царкоўным народам. Між тым, гэтыя рэсурсы можна ўкласці ў рэальную незалежнасць, напрыклад у развіццё ўласных школ багаслоўскай адукацыі, у сваю ўласную хрысціянскую культуру, ва ўдзел у міжхрысціянскім дыялогу.

Наогул беларускаму праваслаўю, як ні дзіўна, вельмі моцна дапамагае развіццё беларускага каталіцтва — адно падцягвае іншае.


Глядзіце таксама

— Цяпер з прыцэлам на Новую Беларусь пішуцца чарнавікі рэформ, якія ахопліваюць розныя кірункі. Якая рэформа патрэбна рэлігійнай сферы?

— Я таксама пішу. На мой погляд, важна імплементаваць існуючыя міжнародныя стандарты ў сферы свабоды рэлігіі. Гэта значыць, гарантаваць асобным вернікам і іх рэлігійным арганізацыям права на свабоду рэлігіі або перакананняў. Хоць бы той мінімум, які апісаны ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах Еўропы. Безумоўна, нам трэба стаць таксама ўдзельнікамі Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Мне здаецца, гэта ўжо дало б станоўчы вынік. 

Першае, што павінна зрабіць дзяржава ў адносінах з рэлігійнымі арганізацыямі, — гэта абмежаваць свой уплыў. Гэта базавая рэч. 

Другое — адмяніць усе рэпрэсіўныя нормы па абавязковай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый і абмежаванні па іх дзейнасці. 

Трэцяе — неабходна перагледзець органы кіравання рэлігійнай сферай. Не павінна быць аніякага нагляднага і рэгулючага органа, якім цяпер з'яўляецца Упаўнаважаны па справах рэлігій. Замест яго павінен з'явіцца іншы ўпаўнаважаны — амбудсмен — па свабодзе рэлігіі, які будзе прадстаўляць інтарэсы рэлігійных арганізацый, маніторыць сітуацыю ў сферы рэалізацыі свабоды рэлігіі або перакананняў, сачыць за дзейнасцю дзяржаўных органаў і выносіць свае рэкамендацыі па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы і дзяржаўнай палітыцы ў гэтай сферы, аналізаваць пытанні мовы варожасці ў СМІ ў дачыненні да рэлігіі, дапамагаць вырашаць спрэчныя пытанні. 

— Як у выпадку адсутнасці нагляднага органа засцерагчыся ад сектанцтва? 

— Складанае пытанне, таму што часам цяжка вызначыць, дзе мяжа, пасля якой пачынаецца дэструктыўная рэлігійнасць. Павінна быць у цэлым добрае заканадаўства, якое будзе з такімі праявамі рэлігійнай дзейнасці змагацца — як змагаецца з махлярствам ці іншымі злачынствамі. 

На самай справе, мала чым адрозніваюцца «чорныя рыэлтары» ад тых, хто пад выглядам рэлігійнай арганізацыі спрабуе «адціскаць» у даверлівых грамадзян кватэру. Або шлюбныя аферысты не моцна адрозніваюцца ад аферыстаў рэлігійных — і тыя, і іншыя выкарыстоўваюць пачуцці і эмоцыі людзей у злачынных мэтах. Гэта якраз сфера адказнасці ГУБАЗіКа, які ў нас цяпер займаецца пераследам палітычных апанентаў, а павінен сачыць, каб не парушаліся правы грамадзян, у тым ліку пад выглядам рэлігійнай дзейнасці.