З Балгарыі высылаюць трох чалавек, звязаных з БПЦ: хто яны?
Балгарыя выслала двух грамадзян Беларусі, звязаных з праваслаўнай царквой, і расійскага святара за тое, што іх дзейнасць «скіравана супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя».
Учора стала вядома, што Балгарыя высылае двух грамадзян Беларусі — служачых Беларускай праваслаўнай царквы. Краіну мусіць пакінуць і святар з Расіі, таксама вядомы беларускім вернікам. «Наша Ніва» расказвае, што гэта за людзі. Адзін з іх арганізоўваў вайскова-патрыятычныя клубы.
Згодна з паведамленнем
Дзяржаўнага агенцтва нацбяспекі Балгарыі, з краіны маюць з’ехаць грамадзянін
Расіі і грамадзяне Беларусі (іх ініцыялы прыводзяцца па-руску — Н. З., Е. П. і В. Б. адпаведна), таксама ім забаронена наведваць Балгарыю цягам пяці гадоў.
Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава патлумачыла, што гаворка ідзе пра настаяцеля падворка РПЦ у Сафіі архімандрыта Васіяна (Мікалая Змеева), сакратара патрыяршага падворка Яўгенія і супрацоўніка храма.
Афіцыйна прычыны высылкі сфармуляваны так: «Меры прыменены ў сувязі з іх дзейнасцю, скіраванай супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя».
Архімандрыту Васіяну Змееву 48 гадоў. У Беларусь ён трапіў у верасні 2015-га, праз паўтара года пасля таго, як туды быў прызначаны іншы расіянін — былы кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел (Панамароў). Пасада Змеева ў Беларусі — прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім экзархаце.
Акрамя гэтага, на той
час ігумену Васіяну далі свой храм — Пакроўскі прыход у Мінску, дзе той
некалькі гадоў служыў настаяцелем. Адзначым, што гэты храм знаходзіцца на
праспекце Пераможцаў і зусім блізка да Драздоў, то-бок гэта нябедны прыход, не
кажучы і пра магчымасць завязаць у гэтым прыходзе належныя сувязі.
У 2016-м Змееву далі сан архімандрыта, а ў сакавіку 2018-га перавялі з Мінска ў Сафію. 12 верасня 2023-га архімандрыту забаранілі ўезд у Паўночную Македонію, таксама з краіны выслалі трох расійскіх дыпламатаў. Тлумачэнне на ўсіх адно — здзяйсненне расіянамі дзеянняў, якія парушаюць Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах.
Праваслаўны публіцыст Ілля Забяжынскі пракаментаваў падзеі вакол Змеева: «Пішуць, што архімандрыт кожны месяц катаўся ў Паўночную Македонію і муціў там у царкоўных колах за падтрымку РФ у вайне. Балгарскі ўрад, а Балгарыя — сябар НАТА і адзін з самых актыўных пастаўшчыкоў зброі Украіне, таксама заклапаціўся праз гэтае пытанне. […] У царкоўным асяроддзі БПЦ я чуў нямала гісторый, як настаяцель рускага падворка ў Сафіі карумпіруе балгарскіх мітрапалітаў фінансава, а таксама праз старыя кадэбэшныя сувязі, падаграваючы іх прапуцінска-кірылаўскія пазіцыі і сімпатыі».
Акрамя рускага архімандрыта, Сафію мусіць пакінуць і протаіерэй Яўген Павяльчук, сакратар падворка РПЦ. Гэты беларус быў прызначаны ў Сафію ў ліпені 2019-га, а да таго служыў у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры — той самы, што аказвае падтрымку расійскай арміі на Данбасе, збірае для яе дапамогу і агітуе пісаць лісты акупантам.
Перад тым, як трапіць у Мінск, Павяльчук служыў у Гродне, дзе адказваў на епархіяльным узроўні за супрацоўніцтва з ваеннымі структурамі.
Падчас свайго служэння Яўген актыўна арганізоўваў у епархіі вайскова-патрыятычныя клубы: 2007 год — «Дружына» ў Шчучыне, 2009 год — «Славяне» ў Гродне. У 2011-м у епархіі таксама былі створаны клубы «Ваявода» і «Белая Русь».
Там дзяцей вучылі карыстацца зброяй, ладзілі заняткі рукапашнага бою і фізічнай падрыхтоўкі. У 2015-м «Наша Ніва» апублікавала расследаванне, якое сведчыла пра сувязь гэтых клубаў з прарасійскімі актывістамі, дзеючымі сілавікамі і казакамі. І ў 2017 годзе Павельчука пераводзяць у Мінск: спачатку на некалькі месяцаў у храм Афанасія Брэсцкага, а потым — у Свята-Елісавецінскі манастыр.
Што да другога высланага беларуса, то ў мясцовых медыя пішуць, што гаворка пра Уладзіміра Банько — фатограф з такім іменем рабіў здымкі богаслужэнняў, размешчаныя на сайце падворка.
Расійская амбасада выказала з гэтай нагоды пратэст у заяве: «Падкрэсліваем, што адказнасць за імклівую дэградацыю двухбаковага ўзаемадзеяння ляжыць цалкам на балгарскім баку».