Страх і рэпрэсіі: «Лукашэнка не думаў, што сотні тысяч выйдуць на вуліцы»

За апошні месяц стала вядома мінімум пра сем аблаў у гарадах Беларусі. Дакладная колькасць затрыманых невядомая, але не менш за 25 чалавек. Пасля выбараў 2020-га прайшло больш за тры гады. Чаму праз столькі часу ўлады працягваюць зачысткі, нягледзячы на сотні тысяч людзей, якія з’ехалі, і тысячы людзей за кратамі? Пра што сведчыць такі ціск і ці можа ён спыніцца найбліжэйшым часам, разважае «Люстэрка».

img_0735_logo_2.jpg

«Гучыць матыў таго, што нельга расслабляцца»

Рэпрэсіўны апарат працуе цяпер у зададзеным некалькі гадоў таму рэжыме, лічыць палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. У такіх умовах сілавікі маюць пэўную самастойнасць: вызначаюць рэгіёны «адпрацоўкі», спісы тых, каго затрымаць.

— Натуральна, у іх ёсць і зацікаўленасць выканаць пастаўленую задачу ўзорна, паводле сваіх крытэраў, зарабіць нейкую ўзнагароду ці зорачку на пагоны, — кажа ён. — Але галоўная прычына ў тым, што ў 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка быў шакаваны маштабам пратэстаў. Зверху была спушчана ўстаноўка падтрымліваць высокі ўзровень страху ў грамадстве. Думаю, Лукашэнка ў глыбіні душы разумее, што, хоць пратэсты ўжо закатаны ў асфальт, залаты век для яго прайшоў і новага ўсплёску народнай любові не будзе. А паколькі ён не хоча аддаваць уладу, застаецца толькі трымаць грамадства ў страху. Такім чынам, няма відавочных прычын зменшыць або спыніць рэпрэсіі. Для гэтага патрэбна адмашка зверху, але Лукашэнка, мабыць, баіцца, што, калі пачаць адкручваць гайкі, сітуацыя зноў выйдзе з-пад кантролю. Таму можна сказаць, што рэпрэсіўная палітыка — новая норма для сістэмы, якая заўсёды была аўтарытарнай, а пасля дваццатага года ўжо набывае таталітарныя рысы.

Класкоўскі адзначае, што рэпрэсіі будуць працягвацца, бо наперадзе яшчэ некалькі палітычных падзей — гэта і адзіны дзень галасавання ў 2024 годзе, і стварэнне Усебеларускага народнага сходу, і прэзідэнцкія выбары 2025 года.

— Мы бачым, што Лукашэнка ўвесь час праводзіць сустрэчы, і ў яго гучыць матыў таго, што расслабляцца нельга, ворагі не дрэмлюць, — дадае аналітык. — Гэта таксама ўскосны заклік працягваць рэпрэсіўную палітыку. Але не таму, што кагосьці яшчэ трэба зачысціць, а проста для падтрымання атмасферы страху. Каб людзі былі проста паралізаваныя і нічога не рабілі. Я думаю, гэта цяпер галоўная задача. Бо ў Беларусі больш няма палітычнай дзейнасці, акрамя афіцыйнай. Але наверсе разумеюць, што хай людзей запалохалі, але мазгі ім не замянілі, і выбух дваццатага года не прайшоў бясследна. Калі хтосьці, напрыклад, проста перастаў чытаць палітычныя навіны, ён не стаў прыхільнікам рэжыму. У кабінетах улады гэта разумеюць, і таму для іх рэпрэсіі — адзіны інструмент, які дазваляе трымаць усё пад кантролем. Каб людзі баяліся нават вылазіць з-пад плінтуса, як кажа Лукашэнка. Тым больш што калі раней ён быў папулістам, які прэтэндуе на ролю народнага прэзідэнта, то ў апошнія пару гадоў гучала, што «дарма мы не адмянілі выбары прэзідэнта, яго мусіў выбіраць Усебеларускі народны сход». Ён ужо змірыўся з тым, што страціў масавую падтрымку, а таму яго стратэгія заключаецца менавіта ў захаванні высокага ўзроўню страху ў грамадстве.

Глядзіце таксама

Масавыя рэпрэсіі, якія працягваюцца далей, на думку аналітыка, могуць быць звязаны і з адсутнасцю камунікацыі паміж уладай і грамадзянамі. У такой сітуацыі сістэма аддае перавагу таму, каб «перастрахавацца».

— Вядома, ёсць справаздачы спецслужбаў пра настроі ў грамадстве, ёсць закрытая сацыялогія. Але я думаю, што Лукашэнка камплексуе, бо не ведае сапраўднага настрою людзей, — лічыць Класкоўскі. — У дваццатым годзе ён, вядома, рыхтаваўся да таго, што будзе «Плошча». Нездарма перад выбарамі ездзіў па вайсковых часцях, асабліва ўнутраных войскаў. Але ён не думаў, што сотні тысяч выйдуць на вуліцы. І таму для яго гэта было шокам, ён дагэтуль пад уражаннем.

Таму варыянт, пры якім рэпрэсіі пачнуць змяншацца, уявіць складана, лічыць эксперт. На яго думку, прычын для гэтага цяпер проста няма.

— Тэарэтычна можна змадэляваць упэўненую перамогу Украіны над Расіяй, калі Маскве будзе не да падтрымкі свайго беларускага саюзніка, — прыводзіць прыклад спікер. — Тады эканамічная сітуацыя пагоршыцца і пачнецца хваляванне нават у апалітычных пластах грамадства. Плюс у дэмакратычных сіл будзе моцны баявы складнік. Але ўсе гэтыя фактары вельмі няўстойлівыя, бо ўкраінскі наступ застопарыўся, а Захад трохі стаміўся падтрымліваць Украіну. Таму, наадварот, сёння Пуцін і Лукашэнка паціраюць рукі і бачаць, што іх сістэмы аказаліся мацнейшымі, чым яны думалі. Вядома, можа прыляцець чорны лебедзь, бо вайна ў рэгіёне — гэта заўсёды дынамічная і непрадказальная сітуацыя. Але наўрад ці заўтра нешта адбудзецца.

Глядзіце таксама

«Улады не ведаюць, што адбываецца, а ў страху вочы вялікія»

Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у аблавах не бачыць нічога новага і падкрэслівае, што рэпрэсіі доўжацца ўжо тры гады. Як прычыны таго, чаму зачысткі ўсё яшчэ працягваюцца, эксперт вылучае некалькі пунктаў.

— З аб’ектыўных прычын улады баяцца паўтарэння падзей 2020 года. Траўма, якую тады атрымала ўлада, ніяк не гоіцца. Таму, каб кампенсаваць гэта, арганізуюцца ўсё новыя і новыя аблавы на людзей, затрыманні, арышты, суды і пакаранні, — адзначае аналітык.

Акрамя таго, на думку суразмоўцы, рэпрэсіі не могуць пайсці на спад, калі наперадзе адзіны дзень галасавання — 25 лютага 2024 года. Тут Карбалевіч таксама спасылаецца на адсутнасць зваротнай сувязі паміж беларусамі і сістэмай, якая проста не ведае, якія настроі ў людзей.


Глядзіце таксама

— Улады не ведаюць, што адбываецца, і перабольшваюць: у страху вочы вялікія, — мяркуе ён. — Але галоўная прычына нават не ў гэтым. Адбылася эвалюцыя рэжыму, і ён пераходзіць у таталітарную сістэму. А пры таталітарызме рэпрэсіі — неабходны складнік яго існавання. Карпянкоў невыпадкова паведамляе, што ствараюцца ўсё новыя і новыя падраздзяленні ўнутраных войскаў. А калі яны створаны, то з імі трэба нешта рабіць. І ГУБАЗіК, і іншыя падраздзяленні мусяць быць загружаны працай. Менавіта таму сілавікі вяртаюцца да тых гарадоў, якія, здавалася б, ужо зачысцілі, да тых людзей, якія ўжо выйшлі. Пакуль існуе гэты рэжым, рэпрэсіі будуць працягвацца. А вось вяртання да таго, што было да 2020 года, больш не будзе.

img_0843_1_logo_1_logo.jpg

«Без рэпрэсій улады не могуць адчуваць сябе ў бяспецы»

Пра трансфармацыю беларускай сістэмы ў таталітарную гаворыць і аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін. Ён падкрэслівае: у такіх умовах рэпрэсіі ўжо сталі новай сутнасцю рэжыму.

— Калі раней яны насілі характар прэвентыўнага папярэджання і пакарання тых, хто адкрыта займаецца палітыкай, то пасля 2020 года распаўсюдзіліся на значна шырэйшае кола людзей, — тлумачыць эксперт. — А палітычная дзейнасць у разуменні ўлад пашырылася на абсалютна ўсе сферы жыцця, аж да чытання навін. Гэта таксама стала забароненым фарматам, які пагражае, з пункту гледжання ўлад, іх рэжыму. І без рэпрэсій яны не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. Гаворка не пра нейкі часовы статус, калі вакол небяспека ці трэба адказаць на нейкую пагрозу, а пра доўгатэрміновую і ўсвядомленую змену ўнутранай сутнасці.

На думку Слюнькіна, запалохванне людзей у такіх рэаліях — не мэта: сэнс не ў тым, каб апаненты проста баяліся, а ў тым, каб паказаць, што любая крытыка або незадаволенасць можа каштаваць вельмі дорага.

— Гэта праява новай сутнасці рэжыму, таго, якім ён хоча, каб яго ўспрымалі ўласныя грамадзяне, — кажа суразмоўца. — Помслівым ці небяспечным для тых, хто робіць нешта супраць улад. І таму яны павышаюць градус нянавісці да патэнцыйна незадаволеных, спрабуюць умяшацца ў максімальную колькасць сфер. Напрыклад, чалавек ідзе па крэдыт у банк, і калі ён нейкім чынам прадэманстраваў сваю нелаяльнасць, яму гэты крэдыт могуць не даць. Гэта тое, чаго не было раней. Але яно патрэбна рэжыму, каб захавацца, бо ў папярэдняй форме яго выжыванне аказалася немагчымым. І калі раней Лукашэнку магло падавацца, што ён усё кантралюе і можна дазволіць адносна ліберальныя ўмовы, то цяпер ён усведамляе, што варта дазволіць, а што не.

Глядзіце таксама

Пры гэтым аналітык падкрэслівае, што праз тры гады страху сярод прадстаўнікоў улады стала нашмат менш. На думку суразмоўцы, калі ўжо яны чагосьці і баяцца, то хутчэй пазіцыі Вашынгтона ці Бруселя, Варшавы ці Масквы ў розных пытаннях. А зусім не беларускага грамадства.

— Гэта суб’ектыўнае адчуванне, але мне не здаецца, што ім ёсць чаго баяцца, — разважае Слюнькін. — Яны ж правялі рэферэндум у 2022 годзе, і той паказаў, што няма ніякай небяспекі. Наперадзе парламенцкая кампанія. І я таксама моцна сумняваюся, што для ўлад гэта патэнцыйны пункт вялікага напружання. Натуральна, яны будуць перастрахоўвацца, каб ні ў якім разе не дазволіць праяў незадаволенасці. Але гэта не значыць, што захоўваецца рызыка, якая вісела над рэжымам у 2020-м і ў пачатку 2021 года. Таму жаданне трымаць людзей у страху не тлумачыцца тым, што ўлады баяцца, яны проста ўсведамляюць, што без гэтага ўжо нельга.

Што да таго, на чыёй ініцыятыве трымаюцца рэпрэсіі, працягвае Павел, то ў рэжыме такога тыпу, як выбудаваў Лукашэнка, ініцыятыва не асабліва заахвочваецца. Усё поле для манеўру абмяжоўваецца загадам.

— Я думаю, што яшчэ даўно сілавікам далі карт-бланш на жорсткасць, на бясконцыя аблавы. Але калі б яны ў нейкі момант перайшлі дапушчальныя рамкі ці ўладам спатрэбілася гэта прыпыніць, за лічаныя дні ўсё б знікла, — упэўнены эксперт. — Натуральна, розныя выканаўцы могуць па-рознаму праяўляць сваю ініцыятыву або жорсткасць. Хтосьці можа папярэдзіць чалавека, што па яго хутка прыйдуць, каб той з’ехаў з краіны, а хтосьці будзе здзекавацца і катаваць. Гэта асабісты ўзровень, і спыніць такіх заўзятых выканаўцаў ніхто не можа. Але гэта не значыць, што такая актыўнасць непадкантрольная.