«Медыйны рэзананс». Чаму сілавікі ўсё часцей ладзяць аблавы

Звычайна аблава — гэта метад палявання, пры якім звяроў, а часам і птушак, выганяюць на месцы, дзе стаяць паляўнічыя. У сучаснай Беларусі гэтае слова ўсё часцей сустракаецца ў паведамленнях СМІ аб масавых палітычных затрыманнях, якія праводзяць сілавікі. І такіх затрыманняў апошнім часам становіцца ўсё больш.

gomel_oblava_2023_2.jpg

Так, 11 лістапада ГУБАЗіК зладзіў аблаву ў Баранавічах, падчас якой затрымалі не менш за дзесяць чалавек. Да гэтага 8 лістапада былі масавыя затрыманні ў Рэчыцы, а яшчэ раней — у Шчучыне. Навошта сілавікі праводзяць аблавы і ці былі яны раней? Пра гэта «Люстэрка» спытала ў прадстаўнікоў BYPOL і BELPOL.

«ГУБАЗіК не праводзіў ніякія аблавы да 2020-га»

Галоўным органам, які займаецца палітычнымі затрыманнямі ў Беларусі, застаецца Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Як правіла, затрыманні праводзяць супрацоўнікі гэтага ведамства, ім могуць дапамагаць і іншыя, да прыкладу, АМАП і САХР.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, які доўгі час працаваў у ГУБАЗіК, кажа, што за час яго службы такі метад затрымання як аблава практычна не выкарыстоўваўся:

— ГУБАЗіК ніколі не праводзіў ніякія аблавы да 2020-га. Я памятаю толькі адну справу пра арганізацыю незаконнай міграцыі і выкарыстання працы мігрантаў у Мінску, калі каля 200 выхадцаў з Сярэдняй Азіі працавалі на розных беларускіх прадпрыемствах. Тады быў задзейнічаны практычна ўвесь асабісты склад ГУБАЗіК, паколькі трэба было адначасова правесці ператрусы па ўсіх месцах жыхарства і працы гэтых мігрантаў. За ўсю маю практыку такое было толькі адзін раз.

Не ўзгадвае актыўнага выкарыстання аблаў у працы міліцыі і Уладзімір Жыгар, прадстаўнік BELPOL, які раней працаваў оперупаўнаважаным раённага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Мазыра.

— Зразумела, што калі трэба было правесці затрыманні наркаманаў ці нейкіх сапраўды сур'ёзных злачынцаў, то такое можа быць, — кажа Жыгар. — Але ўсё, што тычыцца шараговых для Беларусі злачынстваў (напрыклад, крадзяжу або махлярства), то ніякіх аблаў для затрыманняў ніколі не выкарыстоўвалі.

«Выкарыстоўваюцца для таго, каб праца сілавікоў была прыкметная»

Актыўна выкарыстоўваць аблавы для затрыманняў беларускія сілавікі пачалі пасля падзей 2020 года. Аляксандр Азараў лічыць, што робіцца гэта з практычных меркаванняў.

— Паехаць у маленькі горад, правесці там адзін ператрус і кагосьці затрымаць-гэта не так эфектыўна, як у выпадку аблаў, — лічыць Азараў. — Куды зручней некалькі месяцаў збіраць матэрыялы, пачакаць, пакуль назапасіцца вялікая колькасць людзей, якіх трэба абшукаць або затрымаць, і зрабіць гэта адразу з усімі, а не марнаваць час на кожнага паасобку.

Але галоўная мэта правядзення аблаў, як лічыць Азараў, — гэта шуміха, якая ўзнікае ў медыя пасля такога роду мерапрыемстваў.

— Аблавы выкарыстоўваюцца для таго, каб праца сілавікоў была прыкметная ў СМІ, — кажа былы супрацоўнік ГУБАЗіК. — Калі яны паедуць да аднаго чалавека, правядуць у яго ператрус і затрымаюць, то гэта пройдзе незаўважна. А калі такое ж зрабіць адначасова з 10-15 людзьмі, то гэта адразу выклікае грамадскі рэзананс, інфармацыя распаўсюджваецца ўсімі СМІ, а ГУБАЗіК менавіта гэта і трэба.


Глядзіце таксама

«Калі прыбраць з дзейнасці ГУБАЗіК палітычны складнік, то апынецца, што структура не патрэбная»

Былыя сілавікі лічаць, што медыйным рэзанансам ад палітычных аблаў супрацоўнікі ГУБАЗіК вырашаюць адразу некалькі задач, якія стаяць перад гэтым ведамствам.

Па-першае, гэта спрыяе павелічэнню ўзроўню страху і ўпадніцкіх настрояў у грамадстве — чым часцей чалавек чытае навіны пра тое, як кагосьці затрымалі за палітычную актыўнасць, тым менш актыўным яму хочацца быць самому.

Па-другое, такім спосабам ГУБАЗіК нагадвае кіраўніцтву пра важнасць сваёй арганізацыі і неабходнасць яе захавання ў структуры МУС.

— Калі сёння прыбраць з дзейнасці ГУБАЗіК палітычны складнік, то апынецца, што, па вялікім рахунку, структура не патрэбная ў Беларусі, — лічыць Уладзімір Жыгар. — Так было да выбараў 2020 года, калі досыць актыўна хадзілі сур'ёзныя чуткі пра тое, што ГУБАЗіК будзе расфармаваны. Такой колькасці арганізаванай злачыннасці, як было ў момант зараджэння гэтай структуры, у Беларусі ўжо няма, і таму яна не патрэбная. Менавіта пасля падзей 2020 года ГУБАЗіК заняў сваю нішу ў дзейнасці так званых праваахоўных органаў.

«Сістэма ўладкаваная так, што кожны месяц трэба раскрываць усё больш і больш злачынстваў»

Былыя сілавікі кажуць, што палітычныя справы не дадаюць дадатковых сум да заробкаў, але дазваляюць супрацоўнікам захаваць іх на існуючым узроўні.

— Вядома, асноўныя паказчыкі, якія для іх важныя, — гэта выяўленне палітычных «злачынстваў», калі ты не будзеш іх знаходзіць, то цябе пазбавяць прэміі, — тлумачыць Аляксандр Азараў. — Ніякіх дадатковых прэмій за палітычныя затрыманні ў ГУБАЗіК няма. Але для таго каб падтрымліваць сваю нармальную зарплату і атрымліваць квартальныя выплаты, неабходна выконваць паказчыкі. Сістэма ўладкованая так, што кожны месяц трэба раскрываць усё больш і больш злачынстваў. Таму супрацоўнікі ГУБАЗіК не могуць сказаць свайму кіраўніцтву, што яны перамаглі злачыннасць і таму ў кастрычніку затрымалі менш экстрэмістаў, чым у верасні. У беларускай карнай сістэме гэта немагчыма.

Аляксандр Азараў лічыць, што такая матывацыя для правядзення палітычных аблаваў будзе і далей захаваюцца ў ГУБАЗіК, таму затрыманні апанентаў беларускай улады працягнуцца.

— Беларусы павінны разумець, што сілавікі з кожным месяцам будуць «выяўляць» усё больш і больш «палітычных злачынстваў». Некаторыя думаюць, што перачакаюць, пакуль сілавікі затрымаюць усіх, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, і на гэтым усё скончыцца. Нічога не скончыцца. ГУБАЗіК будзе па другім коле затрымліваць тых, каго затрымліваў год-два таму, тых, хто нядаўна вызваліўся з турмаў. Паверце, яны знойдуць, за што пасадзіць паўторна.