Суд ідзе. «Беларуськалій» будзе патрабаваць ад «Літоўскай чыгункі» кампенсацыі страт з-за скасавання дамовы

У сувязі з тым, што «Літоўскія чыгункі» з 1 лютага скасоўваюць дамову з уключаным у санкцыйныя спісы ЗША «Беларуськаліем», апошні заявіў пра намер запатрабаваць кампенсацыі ўсіх магчымых страт з-за гэтага, піша delfi.lt.

belaruskalij_89099981.jpg

«ЛЧ» пацвердзіла, што атрымала ліст «Беларуськалія» з патрабаваннем выконваць дагаворныя абавязацельствы.

«Беларуская кампанія паказвае, што ў тым выпадку, калі «ЛЧ» парушыць дамову, яна пакідае за сабой права патрабаваць поўнага пакрыцця панесеных страт, уключаючы і прамыя страты, і магчымыя кампенсацыі прамым і ўскосным партнёрам ва ўсіх краінах свету, і ўпушчанай выгады. Аб тым, на якія сумы будуць пазовы і дзе яны будуць выстаўленыя, у лісце не згадваецца», — зазначыла «Літоўская чыгунка».

«Беларуськалій» апошнім часам не рэагуе на запыты літоўскіх журналістаў і не адказвае на зададзеныя яму пытанні, гаворыцца ў публікацыі балтыйскага выдання.

«ЛЧ» на мінулым тыдні паведаміла, што 17 студзеня афіцыйна інфармавала «Беларуськалій» аб пастанове ўрада з 1 лютага скасаваць дамову паміж кампаніямі. Урад спадзяецца, што яго рашэнне дапаможа пазбегнуць асабліва вялікіх страт, калі «Беларуськалій» прад'явіць пазовы ў судах.

Былы кіраўнік «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка казаў, што скасаванне дамовы з «Беларуськаліем» пагражае прадпрыемству пазовамі на сотні мільёнаў еўра і нават банкруцтвам.

У адпаведнасці з падпісанай у 2018 годзе і дзеючай да канца 2023 года дамовай, «ЛЧ» перавозіць у год каля 11 млн тон калійных угнаенняў. Згодна з дагаворам, яго можна скасаваць, паведаміўшы аб гэтым другому боку за 12 месяцаў.

8 снежня мінулага года ўступілі ў сілу санкцыі ЗША для «Беларуськалія», аднак ўгнаенні па-ранейшаму транспартуюцца праз Літву. 1 красавіка ўступяць у сілу уведзеныя ў пачатку снежня мінулага года санкцыі ЗША і для «Беларускай калійнай кампаніі».