Суд над Мікалаем Аўтуховічам адклалі на два дні

Суд над Мікалаем Аўтуховічам перанеслі з 16 на 18 траўня, паведамляюць праваабаронцы. Працэс будзе праходзіць у памяшканні для суда ў турме.

279075472_177966661236412_4566165893521920260_n.jpg


Па справе Аўтуховіча праходзяць 12 чалавек. Яны абвінавачваюцца па 11 артыкулах, у тым ліку аб акце тэрарызму, здрадзе дзяржаве, замаху на захоп улады, нагадвае REFORM.by.

Аўтуховіча і шэраг іншых людзей затрымалі 1 снежня 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якою кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць. 20 траўня 2021 года яго ўжо асудзілі паводле арт. 366 Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі), на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аднак 29 снежня 2021 года з Гундара знялі абвінавачванні ў тэрарызме, замяніўшы іх абвінавачваннямі ў стварэнні злачыннай арганізацыі і змове з мэтай захопу ўлады.

Спачатку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Напачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, з’явіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

Да гэтага затрымання Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.