Справу Мікалая Аўтуховіча накіравалі ў суд. Яго вінавацяць у тэрарызме

Мікалаю Аўтуховічу і іншым фігурантам справы «інкрымінаваныя акты тэрарызму і іншыя дзеянні супраць грамадскага парадку і дзяржавы», гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры. Дата суда пакуль невядомая.

autuhovich_2_16_1_1_1.jpg

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» стала вядома 8 снежня 2020 года. Паводле дзяржаўных СМІ, група пад яго кіраўніцтвам падпаліла дом міліцыянта ў Ваўкавыску і падарвала аўтамабіль міліцыянта ў Гродне. Таксама ў дзяржСМІ паведамлялася, быццам Аўтуховіч закупляў ва Украіне зброю і перавозіў яе ў Беларусь.

Паводле КДБ, па «справе Мікалая Аўтуховіча», апроч яго самога, праходзяць 12 чалавек: у тым ліку святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад сілавікоў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозвішчаў астатніх сяброў «групы» не называлі.

26 кастрычніка беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве прызналі палітвязнямі фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, Галіну Дзербыш, Сяргея Разановіча, Любоў Разановіч і Паўла Разановіча.