Суд над рэдактарамі НН працягнецца 2 сакавіка
Сёння ў судзе Заводскага раёна прайшоў першы дзень працэсу над журналістамі-палітвязнямі Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко.
![Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч](/img/v1/images/jagor_andrej1_220228_ptowd.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч
Як паведамляе НН, у залу суда пусцілі 12 чалавек, з іх 6 сваякоў. На суд прыйшлі таксама замежныя дыпламаты.
Ягор выглядаў бадзёрым, нават энергічным. Андрэй — больш зясяроджаным і спакойным.
![Ягор Марціновіч Ягор Марціновіч](/img/v1/images/jagor_andrej3_220228_wjrpm.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ягор Марціновіч
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай н*вы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме. «Мінскэнерга» адклікала іск і прэтэнзій да іх не мае.
![Андрэй Скурко Андрэй Скурко](/img/v1/images/jagor_andrej2_220228_3xjn2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Скурко
Паседжанне суда на сёння завершанае. Працяг будзе ў сераду аб 11-й. Максімальнае пакаранне, якое пагражае нашаніўцам — да пяці гадоў абмежавання альбо пазбаўлення свабоды.
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Яны трапілі пад каток рэпрэсій, які прайшоўся ці не па ўсіх незалежных выданнях Беларусі.