Навіны дня. Пяты дзень расійскага нападу на Украіну, вынікі рэферэндума, міжнародныя санкцыі і затрыманні ў Мінску
Расказваем галоўнае, што адбылося сёння, 28 лютага, у Беларусі і ў свеце.
Апошні дзень каляндарнай зімы мог бы прынесці мір ва Украіну, але не прынёс. Завяршыўся першы раўнд перамоў паміж Расіяй і Украінай. Перамовы праходзілі на беларускім Палессі і доўжыліся некалькі гадзін. Па іх выніках было заяўлена толькі пра наступны раўнд.
Беларускі ЦВК агучыў «вынікі» так званага «рэфрэндума». За папраўкі ў Канстытуцыю прагаласавала нібыта 82% выбаршчыкаў, а ўсяго ўчасткі наведалі, паводле даных ЦВК, звыш 5 млн. чалавек.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заклікаў беларусаў выйсці на прывакзальныя плошчы сваіх гарадоў. У Мінску людзі сабраліся ля чыгуначнага вакзала. Амаль адразу пачаліся затрыманні.
Міністэрства абароны Беларусі адказала на запыт занепакоеных беларусаў пра магчымы ўдзел у вайне ва Украіне. Паводле прэс-службы ведамства, «у спецыяльнай вайсковай аперацыі» на тэрыторыі Украіны беларусы не ўдзельнічаюць.
Сёння пачаўся суд над палітзняволенымі супрацоўнікамі «НН» — галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам і кіраўніком аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэем Скурко. У залу суду пусцілі ўсяго 12 чалавек. Першае пасяджэнне было збольшага фармальным.
Расійскія войскі абстралялі Харкаў з сістэм залпавага агню. Пашкоджаныя 87 жылых дамоў, 9 чалавек загінулі, 40 атрымалі раненні.