Невялікая размова з жыхаркай Кіева
Колькі слоў пра тое, як жыве зараз Кіеў ва ўмовах вайны.
Гук нестабільны, глушыцца то з таго боку, то з гэтага.
«Мы вось зараз размаўляем, а тут паветраная трывога. Сволачы, я толькі капусту квасіць наладзілася! Сядзім ля ванны з сабакамі (у яе малінуа ды французскі бульдог. — Дз. Дз.) і чакаем.
Шмат ракет трапляе ў грамадзянскія будынкі. Хто хоча — хаваецца ў бомбасховішчах, а нам лепей дома. Пасядзім, пачакаем. Тут натуральны сюр! Калі б мой дзед, які прайшоў Другую сусветную, гэта пабачыў, то ён бы памёр зноў! Рускія бамбяць Кіеў! Ці можа гэта ўсвядоміць?
Але ж народ, простыя людзі тут вельмі злыя зараз. Ніхто не трымаў Расію за ворага, але ж яна сама сябе так паставіла... Ну ладна! Мы вытрымаем і пераможам. Рознае перамагалі — і гэтае таксама пераможам.
Некалькі фактаў, якіх не ведаюць.
Хлопчык 13 гадоў уцёк з дзіцячага дому і спрабаваў запісацца ў атрад тэрытарыяльнай абароны і забіваць акупантаў. Паўсюль адмаўлялі і казалі, каб ішоў дадому. Ён прайшоў амаль усе раёны Кіева! Хто ведае — гэта вельмі шмат! Хлопчык! 13 гадоў! Хоча забіваць! Расія, што ты робіш?
На Траешчыне (раён Кіева. — Дз. Дз.), у якой нават і ў мірны час хадзіць было не вельмі бяспечна, бабулька ўбачыла дыверсанта, які нешта маляваў на слупе. Божухна, калі пад'ехалі вайскоўцы, то яны літаральна яго выратавалі. 80-гадовая бабулька яго збіла да непрытомнасці звычайнай скалкай! Насамрэч скалка ў руцэ ўкраінскай бабулі небяспечней за той жа "Іскандэр".
Я сама патрулюю свой раён з сабакам, дзень таму заўважылі падазроную групу, і мой сабака сам пашыхтаваў іх і сцярог да прыезду вайскоўцаў. Я яго такому пакуль не вучыла, хоць і рэгулярна займаемся з ім у кінолага. Адкуль гэта вось?
Карацей, мы трымаемся. Мы здолеем перамагчы ўсю гэтую навалач!
О! Паветраная трывога скончылася. Капуста чакае! Абдымаем вас!»