Зварот беларусаў Харкава да сваіх суайчыннікаў

Харкаўскае гарадское нацыянальна-культурнае аб’яднанне беларусаў «Сябры» звярнулася да Беларусі з заклікам не ўдзельнічаць у расійскай вайне ва Украіне.

Васіль Астаповіч

Васіль Астаповіч


«На працягу чатырох сутак мая другая Радзіма, горад Харкаў, як і ўся Украіна, перажывае цяжкія часы. Расійскія агрэсары знішчаюць інфраструктуру горада, рушаць жылыя будынкі, дзіцячыя садкі, школы, лякарні. Гінуць мірныя жыхары горада, дарослыя і дзеці.
Да нас даходзіць інфармацыя пра тое, што Беларусь можа накіраваць сваё войска на тэрыторыю Украіны. Беларусы Украіны супраць такога рашэння.
Гісторыя не ведае выпадкаў калі з тэрыторыі маёй Радзімы — маёй роднай Беларусі, вяліся баявыя дзеянні супраць братняй, міралюбівай Украіны. Гэта будзе ганьбай для ўсяго беларускага народа на многія гады.
Дарагія суайчыннікі!
Дарагія землякі, сваякі, сябры!
Я звяртаюся да ўсіх Вас, мае дарагія, рабіце ўсё, што ў Вашых сілах і што залежыць ад Вас, каб Вашы дзеці, якія праходзяць зараз службу ў беларускім войску, не перайшлі беларуска-украінскую мяжу. Гэта будзе іх апошні пераход за мяжу.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!»
Старшыня праўлення Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў «Сябры»Васіль Астаповіч