Ва ўдавы Зельцэра, відаць, псіхічны разлад пасля забойства мужа
Прынамсі, такія высновы напрошваюцца з таго, што Марыю Успенскую будуць судзіць як бессвядомую. Закрыты суд над ёй пачнецца 31 траўня.
Удаву
забітага пры перастрэлцы з сілавікамі праграміста Андрэя Зельцэра будуць
судзіць як «асобу, якая здзейсніла грамадска-небяспечны ўчынак», прынамсі, гэта
вынікае з удакладнення на сайце суд. Н*ша Ніва звярнула ўвагу, што, згодна з
п.13 арт. 6 УПК, такая фармулёўка выкарыстоўваецца, калі асуджанага судзяць як
бессвядомага. Пры гэтым стан бессвядомасці можа быць як у момант здзяйснення
злачынства, так і, як кажа закон, у выпадку, калі асоба захварэла на псіхічны
разлад пасля.
У такіх выпадках выносіцца не прысуд, а пастанова з тэрмінамі лячэння. Або, калі чалавек захварэў на псіхічны разлад пасля затрымання, яго павінны будуць пераасудзіць пасля таго, як ён адужае.
На пачатку снежня 2021-га стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспертызу.
Судовы працэс будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч. Марыю абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса.
У Марыі Успенскай ёсць непаўнагадовы сын ад першага шлюбу.