Беларускаму ксяндзу прысудзілі штраф. Ён сказаў, што заплаціць, але Украіне

Ксяндзу Анджэю Бульчаку беларускі суд прысудзіў сёння штраф у памеры 960 рублёў, паведамляе «Хрысціянская візія».

Ксёндз Анджэй Бульчак. Фота: katolik.life

Ксёндз Анджэй Бульчак. Фота: katolik.life

Беларускі ксёндз Анджэй Бульчак, грамадзянін Польшчы, які з-за пагрозы пераследу вымушаны быў выехаць з Беларусі, атрымаў позву ў суд па вайберы. Яго выклікалі на судовае пасяджэнне ў суд Пастаўскага раёна на 11.00 13 траўня ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па арт. 19.11 (ч.2) за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». На сённяшнім пасяджэнні ксяндза прызналі вінаватым і прысудзілі яму штраф у памеры 960 рублёў. Ксёндз сказаў, што заплаціць, але Украіне.
Гэта ўжо не першая спроба прыцягнуць ксяндза Бульчака да адміністрацыйнай адказнасці — першы суд павінен быў адбыцца 25 сакавіка 2022 года. Падставай да пераследу святара стаў размешчаны 7 сакавіка на ютуб-канале прыхода відэаролік «Ліст», у якім у выглядзе ліста веруючай дзяўчыны сваім сябрам у Польшчу на польскай мове тлумачыцца, што беларусы насамрэч выступаюць супраць вайны ва Украіне і пратэстуюць. На адным з фотаздымкаў пратэстаў, якія дэманстраваліся ў відэа, быў лагатып тэлеканала, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, а таксама бел-чырвона-белыя сцягі. Тады суд не адбыўся, бо дакументы былі адпраўленыя на дапрацоўку.
З-за пагрозы пераследу ксёндз, які пражыў у Беларусі 14 гадоў і на той момант з'яўляўся настаяцелем храма Езуса Міласэрнага ў Паставах, вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, бо таксама тэрмін яго спецыяльнага дазволу на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці завяршаўся.