З Уладзіміра Гундара знялі абвінавачанне паводле «акту тэрарызму», аднак вылучылі новыя

Дачка Уладзіміра Гундара Інга Стромская распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што сёння, 18 студзеня, атрымала ад бацькі ліст.

photo_2021_05_08_14_54_04.jpg

 Ліст ад Уладзіміра Гундара быў датаваны 2 студзеня. Інга Стромская піша:

 «Тата распавёў, што ж адбывалася 29.12.2021, калі адваката ў тэрміновым парадку выклікалі ў Гродна для перавыдзвіжэння абвінавачванняў. З ліста мы сёння даведаліся, што арт. 289 частка 2 з таты знялі за адсутнасцю доказаў. Хацелася б радавацца, але яны так проста не прызнаюць сваёй няправаты. Таму тату 29.12.2022 былі вылучаныя новыя абвінавачванні паводле арт. 285 ч. 1 і арт. 357 ч. 2».

Такім чынам, Гундара цяпер не абвінавачваюць паводле артыкула 289 — акт тэрарызму. Аднак з’явіліся новыя абвінававанні — арт. 285 ч. 1 «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраванне ёй» (караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі) і  арт. 357 ч. 2 «Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў).

Дачка Уладзіміра Гундара таксама піша , што бацька ў сваім лісце «перадае прывітанне ўсім людзям добрай волі і дзякуе за падтрымку. Па сябе асабліва нічога не распавядае, адзінае, што ў яго ўсё нармальна».


Нагадаем, пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Паводле КДБ Беларусі, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.