«Суд працягваўся 1,5-2 хвіліны» — затрыманы пасля Маршу на «Дзяды» прыгадвае, як гэта было

1 лістапада 2020 года адбыўся Марш на Курапаты, пасля якога ўлады вырашылі распачаць крымінальныя справы на ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных сходаў. Нягледзячы на такую дадатковую пагрозу, Марш адбыўся, а затрыманых пратэстоўцаў сапраўды абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Разгон акцыі на Дзяды. 1 лістапада 2020 года

Разгон акцыі на Дзяды. 1 лістапада 2020 года

 З адным з затрыманых 1 лістапада «В*сна» паразмаўляла пра ўмовы, у якіх яго ўтрымлівалі, пра падрабязнасці першых спробаў крымінальнага пераследу за ўдзел у Маршы за 2020 год, а таксама пра прычыны ад'езду з Беларусі. З меркаванняў бяспекі мы не пазначаем імя і прозвішча суразмоўцы.

Затрыманне

— Мяне затрымалі, калі я сыходзіў з Марша. Да мяне падбеглі ззаду, надзелі ззаду звязкі і паклалі на падлогу ў бусе. Нанеслі некалькі ўдараў дубінкай па нагах і ягадзіцах, знайшлі тэлефон, разблакавалі «па твары». Змесціва пры мне праглядалі ўжо ў Цэнтральным РУУС — вывучалі фотастужку, чаты з сябрамі і сваякамі, распытвалі пра фатаграфіі. Пытанні здаваліся цыклічнымі, я чуў, як іх жа па спісе задавалі і іншым затрыманым: пыталіся, чаму ходзім на Маршы, былі ўпэўнены, што толькі каб папрасіць потым палітычнага прытулку. Перад мной паставілі камеру і, мабыць, хацелі, каб я папрасіў прабачэння, але я казаў, што ішоў у кірунку мітынгу піць гарбату да дзяўчыны, шкадую, што затрымалі.

Гэта быў не першы месяц пратэстаў, таму я разумеў, што мяне могуць арыштаваць. Але ў РУУС, дзе я правёў каля 4-5 гадзін, большасць затрыманых не верылі, што будзе крыміналка. Мы сядзелі там у вялікім пакоі з аднымі дзвярыма і суцэльнай лаўкай усцяж сцяны — каля 50 чалавек. Наогул людзі пачуваліся нармальна, але ў аднаго хлопца было разбітае вока. На выхадзе з аўтазака ў РУУС сілавік біў усіх каленам у жывот, а гэты хлопец закрыў твар рукамі, каб унікнуць удару, — тады яго стукнулі каленам у твар.

Як толькі мы прыехалі ў Жодзіна, нас сустракаў калідор з амапаўцаў, якія білі ўсіх, хто праходзіў, дубінкамі па нагах. Больш фізічны гвалт да мяне не ўжываўся. У Жодзіне 12 чалавек сядзелі ў камеры, разлічанай на шасцярых. На ложках не было матрацаў, вокны былі зацемненыя жалезнымі фіранкамі — як быццам адмыслова, каб не было зразумела, які цяпер час сутак. Таму ж у камеры ўвесь час было уключанае святло. Нам не давалі спаць больш за чатыры гадзіны: я прыехаў каля другой ночы, а калі паспрабаваў заснуць, напэўна, у сілавікоў скончылася змена, і яны пачалі біць дубінкамі па прутах. 


Суд і ад'езд

— Таму, калі мяне выклікалі на «суд», я не разумеў, які час сутак, хаця судом гэта было складана назваць.

Пасля сутак у Жодзіне мяне вывелі ў суседнюю камеру, дзе знаходзіўся суддзя чамусьці Крупскага раёна — у яе загадзя практычна на ўсіх ужо былі падпісаныя гатовыя вынесеныя прысуды паводле арт. 23.34 КаАП. Ва ўсіх маіх сукамернікаў быў адзін і той жа штраф — каля 10 базавых. Увесь «суд» працягваўся 1,5-2 хвіліны. Жанчына проста ўпісвала тваё прозвішча ў гатовы прысуд. Яшчэ ў РУУС мне сказалі, што я падазраваны паводле арт. 342 КК, як і ўсе затрыманыя ў той дзень, але азнаёміцца з дакументамі мне не далі.

Пазней мяне спрабавалі выклікаць яшчэ паводле арт. 23.4 КаАП у суд Крупскага раёна, але я не пайшоў. Пазней мне даслалі ліст дзіўнага зместу, што справа прыпыненая, бо пачалі разглядаць крымінальную. Але фактычна ўсе тры справы былі за адно затрыманне. Тэлефон мне так і не вярнулі — сказалі, гэта доказ у крымінальнай справе.

Разгон акцыі на Дзяды. 1 лістапада 2020 года

Разгон акцыі на Дзяды. 1 лістапада 2020 года

Пасля суду я хацеў з'ехаць, але атрымалася не адразу. У снежні 2020 года мяне не прапусцілі праз расійска-ўкраінскую мяжу, таму што быў забаронены выезд з Беларусі. Пару месяцаў я правёў у Расіі: думаў, будзе прасцей выехаць адтуль. Але потым вярнуўся ў Мінск і восем месяцаў жыў з усведамленнем таго, што мяне могуць затрымаць кожны дзень. У нейкі момант гэтае адчуванне робіцца фонавым, і ты перастаеш ставіцца да гэтага сур'ёзна. Але калі сілавікі прыйшлі па мяне на фактычнае месца пражывання, я вырашыў, што трэба з'язджаць, і нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую мяжу і падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы.

Тут у мяне атрымалася знайсці працу ў сумежнай з маёй сферай спецыяльнасці. Я не шкадую пра тое, што здарылася. Нават калі б мне нічога не пагражала ў Беларусі, мне было б некамфортна знаходзіцца там цяпер, і я б усё адно з'ехаў. Калі сітуацыя ў краіне зменіцца, я б хацеў вярнуцца дадому — прынамсі, наведаць блізкіх.