У Мінску судзяць грамадзяніна Латвіі, бо «не спадабаліся паведамленні, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі»

У Мінскім гарадскім судзе 15 снежня працягваецца разгляд крымінальнай справы грамадзяніна Латвіі Дзмітрыйса Міхайлоўса. Яго абвінавачваюць паводле шэрагу пратэсных артыкулаў, паведамляюць праваабаронцы.

_dort___plot___zycce___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas.jpg_logo.crdownload

Судовы працэс пачаўся 14 снежня, яго вядзе суддзя Святлана Чарапанава.

44-гадовага грамадзяніна Латвіі, які быў часова зарэгістраваны ў Мінскай вобласці, абвінавачваюць у закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.2 арт. 130), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразе прэзідэнта (ч. 1 і ч.2 арт. 368).

Дзмітрыйса Міхайлоўса затрымалі 1 сакавіка 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 у Мінску.

Вядома таксама, што ў кастрычніку Дзмітрыйс Міхайлоўс быў уключаны ў «Спіс асоб, дачычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Там было пазначана, што Міхайлоўс праходзіць абвінавачаным па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Таксама было ўказана, што грамадзянін Латвіі быў часова зарэгістраваны ў Мінскай вобласці.

«Цяпер затрыманы адзін грамадзянін Латвіі. Яго тэлефон праверылі, і ўладам не спадабаліся паведамленні, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі. Яго змясцілі пад варту, — паведаміла парламенцкая сакратарка МЗС Латвіі Занда Калніня-Лукашэвіча. — Калі супрацоўнікі консульства хутка прыбылі на сустрэчу з затрыманым, то яго ўжо не заспелі, паколькі яго на месяц змясцілі ў закрытую псіхіятрычную бальніцу для правядзення экспертыз».