Зноў затрыманы музыка Уладзімір Булаўскі
Затрыманы віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі, паведамляюць праваабаронцы.

Падрабязнасці і падставы арышту пакуль невядомыя.
Гэта ўжо пятае затрыманне Уладзіміра Булаўскага з 2020 года. Так, апошнім разам яго затрымлівалі 6 ліпеня ў Сянно Віцебскай вобласці, дзе віцебскі музыка мусіў выступіць на канцэрце «Купальскае кола» з гуртом «Гук». Тады ён правёў за кратамі 30 сутак.
А перад гэтым, у лютым 2022-га, прысудзілі 15 сутак арышту нібыта за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У верасні 2020 года Уладзіміра асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).
У лістападзе 2021 года пакаралі 7-сутачным арыштам за «распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП.
