На віцебскага арт-менеджара, магчыма, завялі крымінальную справу

Віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі, імаверна, затрыманы ДФР. Праваабаронцы не выключаюць, што супраць яго заведзеная крымінальная справа паводле артыкула аб нясплаце падаткаў.

bulavskij.jpg

Раніцай 14 снежня ў Віцебску былі затрыманыя трое асобаў, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Праваабаронцы паведамляюць. што гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя.

Паводле меркаванняў наведнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, яна жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, верагодна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы.

Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Найверагодней, што артменеджэара Уладзіміра Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску, таксама затрымалі ў межах гэтай справы.

Пра затрыманне Уладзіміра Булаўскага стала вядома 15 снежня. Гэта ўжо пятае затрыманне музыкі  з 2020 года. Так, апошнім разам яго затрымлівалі 6 ліпеня ў Сянно Віцебскай вобласці, дзе віцебскі музыка мусіў выступіць на канцэрце «Купальскае кола» з гуртом «Гук». Тады ён правёў за кратамі 30 сутак.

А перад гэтым, у лютым 2022-га, прысудзілі 15 сутак арышту нібыта за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У верасні 2020 года Уладзіміра асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).

У лістападзе 2021 года пакаралі 7-сутачным арыштам за «распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП.