Прама на працоўным месцы. Затрымалі чарговага банкіра

Затрыманы намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка Віталь Крук. Як адзначае «Н*ша Ніва», прыярытэтнай версіяй затрымання сярод супрацоўнікаў лічыцца нібыта створаная Круком схема, у якой пераможцамі рэкламнай гульні банка з буйнымі прызамі станавіліся асобы, блізкія да банкіра.

000021_575470_big_p8ema.jpg

Затрыманы Віталь Крук быў на сваім працоўным месцы.

Прыярытэтная версія затрымання, якая цыркулюе ў калектыве, — нібыта створаная Круком схема, па якой пераможцамі рэкламнай гульні банка «Юбілейны ўраджай прызоў» станавіліся блізкія да банкіра асобы.

Затрыманне Крука па часе супала з выхадам з СІЗА былога старшыні і віцэ-старшыні Белаграпрамбанка Уладзіміра Падкавырава, якога затрымлівалі напачатку 2021-га.

Таксама вядома пра затрыманне некаторых блізкіх да Крука асоб.

Топ-прызамі ў «Юбілейным ураджаі прызоў» былі кватэры і машыны. Для ўдзелу ў гульні трэба было быць укладчыкам банка.

Гэта не першае затрыманне кіраўнікоў у банкаўскай сферы за апошні час. У жніўні стваральніку Прыёрбанка Сяргею Касцючэнку далі тры з паловай гады калоніі. Яго судзілі за «ўхіленне ад сплаты падаткаў», хаця паводле абазнаных крыніц справа мела палітычнае адценне. Касцючэнка адмаўляўся спансаваць хакейнае «Дынама», якое курыруе трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі, былы старшыня Федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў. Той самы, які ў 2020 годзе захапляўся зразаннем бел-чырвона-белых стужачак у мінскіх дварах і прысутнічаў на мінскай «Плошчы перамен» у той вечар, калі там забілі Рамана Бандарэнку.