Пасля таго, як пасадзілі банкіра Касцючэнку, «Прыёрбанк» усё ж стаў спонсарам хакейнага клуба «Дынама»
У партнёры хакейнага клуба «Дынама» ціха дадалі «Прыёрбанк», заўважыла «Тр*буна». Выданне нагадвае, што новы сезон КХЛ стартуе ўжо на гэтым тыдні — у суботу мінскае «Дынама» прымае казахстанскі «Барыс».
А на мінулым тыдні гендырэктар клуба Сяргей Сушко расказваў пра планы на сезон: пра тое, што каманда павінна не толькі выйсці ў плэй-оф, «але і там пашумець», а таксама пра тое, што з грашыма ў клуба ўсё ў парадку — бюджэт будзе прыблізна такім жа, як у мінулым сезоне.
У канцы жніўня высветлілася, што ў клуба з'явіўся новы партнёр. Ім зрабіўся «Прыёрбанк». Характэрна, што кіраўніцтва банка прасілі паўдзельнічаць у лёсе «Дынама» і раней. Пра гэта пісала «Н*ша Ніва» пасля затрымання кіраўніка «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнкі ў сакавіку 2022 года.
Гэтае затрыманне
адразу назвалі палітычным. Паводле звестак выдання, напярэдадні затрымання да
Касцючэнкі звяртаўся Дзмітрый Баскаў, былы кіраўнік Федэрацыі хакея і адзін з
імаверных удзельнікаў падзей на «Плошчы пераменаў», у выніку якіх
загінуў Раман Бандарэнка. А яшчэ Баскаў — трэнер хакейнай каманды
Аляксандра Лукашэнкі. Баскаў нібыта прасіў Касцючэнку дапамагчы «Дынама», але банкір адмовіў і неўзабаве апынуўся за кратамі.
Летам Сяргея Касцючэнку асудзілі на 3,5 гады за ўхіленне ад
выплаты падаткаў, а «Прыёрбанк» зрабіўся партнёрам «Дынама».