Суддзя Брычкоў, які прызначыў штраф брату Дар'і Домрачавай у 2020-м, сышоў у адстаўку
Згодна з фармулёўкай указа, Аляксандр Брычкоў больш не будзе суддзёй у Фрунзенскім раённым судзе Мінска «па ўласным жаданні», піша «Е*рарадыё».

Згодна з падлікамі ініцыятывы «З*бр», за час сваёй працы
Брычкоў прызначыў па палітычных артыкулах штрафаў як мінімум на 3680 рублёў, а
таксама 84 суткі арышту.
Адной са спраў, якую разглядаў Брычкоў, была справа супраць
брата алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай — Мікіты Домрачава. Яго затрымалі
11 кастрычніка 2020-га. Мужчына ехаў па набярэжнай Свіслачы — па яго словах,
адведаць маці. Домрачава сцягнулі з ровара і моцна збілі. З РУУС яго забрала
хуткая. У выніку яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў акцыі і аштрафавалі на 20
базавых.
«Яны проста павалілі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць, — распавядаў пра сваё затрыманне Мікіта Домрачаў. — У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар — ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі. Я спрабаваў вырвацца, каб зберагчы яго. Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, ткнулі дубінкай. Ад удараў і крыві на твары я нічога не бачыў. У нейкі момант я думаў, што аслеп, і прасіў выклікаць хуткую. Аднак мне казалі, што выклікаць яе не будуць, доктар будзе ў РУУС. Акрамя таго, мне пераціснулі рукі кайданкамі, яны анямелі, але на мае просьбы аслабіць сілавікі толькі смяяліся і абражалі мяне. Яны рыліся ў маіх асабістых рэчах, кашальку, але ніякай сімволікі там не было».

Многія тады чакалі нейкай уцямнай рэакцыі на затрыманне брата ад самой Дар'і Домрачавай. Спартсменка адрэагавала на гэта толькі праз два дні, напісаўшы ў фэйсбуку ў пост у стылі «і вашым, і нашым».
«Нешта робячы, прадпрымаючы нейкія крокі, важна разлічваць на вынік. Я абсалютна дакладна разумею, што мой публічны гнеў не вырашыць грамадскіх праблем. Магчыма, гэта дапаможа самасцвярдзіцца ў вачах іншых, атрымаць чыёсьці адабрэнне, магчыма, на душы стане лягчэй, але да мэты дакладна не прывядзе, — напісала Домрачава. — Мы ўсе бачым, што ў краіне праблемы, і каб дапамагчы іх вырашыць, бессэнсоўна скалынаць паветра агрэсіўнымі словамі з аднаго боку і абсалютна дакладна — бессэнсоўна з другога боку звальняць, арыштоўваць і дубасіць людзей на вуліцах... Не важна, выпадкова яны апынуліся ў «гарачых» месцах або наўмысна. Твае гэты, чые-небудзь блізкія ці не — усё аднолькавыя. Пакуль відавочна, што ўсе такія дзеянні толькі яшчэ больш раз'юшваюць супрацьлегласці, пагаршаюць сітуацыю і абвастраць абстаноўку. На дадзены момант я пакуль не бачу таго свайго кроку, здзейсніўшы які, змагу па-сапраўднаму дапамагчы вырашэнню праблем у краіне.А вось з боку дзяржаўных органаў, каб урэгуляваць сітуацыю і вырашыць праблемы людзей, павінны знайсціся ідэі цікавей, чым «завалілі / арыштавалі / звольнілі». Не ў першабытныя ж часы жывём... Людзі хочуць быць пачутымі. Трэба ўсім супакоіцца і ўсё абмеркаваць. Магчыма, гэта наблізіць да запаветнай мэты — справядлівай, мірнай, спакойнай, прыгожай краіны, якая развіваецца... Ва ўсіх жа гэтая мэта такая?».