Свініна часоў СССР

Беларусь сапраўды выказала сябе як спадкаемца Савецкага Саюза. Для гэтага спатрэбілася істэрыка з нагоды з’яўлення ў Беларусі свінога грыпу A(H1/N1).



8c00dee24c9878fea090ed070b44f1ab.jpg

Беларусь сапраўды выказала сябе як спадкаемца Савецкага Саюза. Для гэтага спатрэбілася істэрыка з нагоды з’яўлення ў Беларусі свінога грыпу A(H1/N1).
У той час, як панічныя чуткі пра дзесяткі ці нават сотні смерцяў ад свінога грыпу множыліся, беларускія ўлады і медыкі казалі, што ў нас «усё нармальна» і ніякіх праблемаў няма. Для таго, каб пазбегнуць панікі, дактарам забаранілі казаць пра выпадкі захворвання, нават бралі ў іх нейкія падпіскі аб неразгалошванні, і зноў нам цвердзілі — без лічбаў, фактаў, а проста на словах: «Няма ў нас свінога грыпу!»
Але гэтыя заклінанні толькі ўзмацняюць страх і ажыятаж сярод беларусаў. У суседніх з Беларуссю краінах лютуе хвароба, абвешчаны каранцін, і толькі ў Беларусі, маўляў, усё спакойна? Аднак у аптэках скончыліся лекі ды марлевыя павязкі. І нават сама марля для вырабу такіх павязак у хатніх умовах.
Пра сапраўдныя настроі грамадства можна было даведацца 2 лістапада з беларускага тэлебачання — а канкрэтна, з праграмы «Выбар» на ОНТ. Тады гледачам было зададзенае пытанне: сапраўды сітуацыя драматызуецца або сённяшняя сітуацыя з грыпам патрабуе тэрміновага рэагавання. 93 працэнта тэлегледачоў выказаліся за неадкладнае рэагаванне.
Але ўлада ніяк не адрэагавала. «Сітуацыя па прастудных захворваннях, вірусных інфекцыях і грыпе ў нашай краіне не крытычная, але напружаная», — заявіў 3 лістапада міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў звароце да насельніцтва, які прагучаў у эфіры праграмы «Панарама» Першага канала.
«Калі параўноўваць яе з папярэднімі гадамі падчас піку эпідэміі грыпу, якая штогод назіраецца ў зімовы перыяд, — і мы чакаем таксама ў снежні або студзені, што будзе эпідэмія грыпу, — у некалькі разоў захворванне на ВРВІ і прастудныя захворванні ніжэйшае. Сёння мы рэгіструем штодзённа ад 12 да 15 тысяч захворванняў гэтымі відамі ВРВІ і грыпам у лячэбных установах, а ў перыяд эпідэміі грыпу даходзіць да 30, гэта значыць ідзе зніжэнне», — сказаў Жарко.
«Мы да такой сітуацыі, калі шчыра сказаць, былі не гатовы, — зазначыў міністр, — хоць да эпідэміі грыпу і да сезоннага захворвання мы рыхтаваліся пачынаючы з красавіка, калі распрацавалі комплексны план, і цяпер выконваюцца ўсе пункты гэтага плана».
Вам гэта нічога не нагадвае? Мне, і не аднаму мне, — нагадвае. Літаральна такая ж сітуацыя была ў нас падчас СССР. А дакладней, у 1986 годзе, калі выбухнуў Чарнобыль: чуткі, што нешта адбываецца; супакойванне, што гэта не ў нас, а на Украіне; у нас усё нармальна; прыхаваная ці яўная паніка людзей. У выніку — ад чвэрці да траціны тэрыторыі Беларусі былі забруджаныя радыяцыяй...
Больш за тое, улады не дадумаліся да нічога лепшага, як абвінаваціць ва ўсіх грахах прэсу. Міністэрства інфармацыі мае намер спыняць «любыя спробы дэзінфармаваць грамадзян» пры асвятленні СМІ сітуацыі з захворваннем на грып, заявіла першы намеснік міністра Лілія Ананіч 3 лістапада ў эфіры беларускіх тэлеканалаў.
«Той інфармацыйны псіхоз, які назіраецца на старонках асобных газет і інтэрнэт-парталаў, проста нікуды не варты і сведчыць пра тое, што асобныя СМІ спрабуюць нейкім чынам «разварушыць» сітуацыю», — сказала Ананіч. «Мы павінны найперш казаць пра тое, што прафілактыка здароўя — гэта не момант для спекуляцый на праблемах, якія сёння ёсць. Сапраўды, суседнія краіны… такая карціна непрыгожая, і аб’яўлена жорсткая эпідэміялагічная сітуацыя. Але ў Рэспубліцы Беларусь нічога не адбываецца такога, што было б непадуладна нашай медыцыне. Так, ёсць хворыя, так, ёсць сёння праблемы з перабоямі ў лекавых сродках, але калі сёння сродкі масавай інфармацыі выклічуць усіх грамадзян нашай краіны ў аптэкі, то можна сабе ўявіць, што будзе з гэтымі аптэкамі. Няма ніякай патрэбы бегчы ў аптэкі скупляць лекі», — лічыць Ананіч.
Варта б спадарыні Ананіч ведаць, што, калі забараніць прэсе пісаць пра тое, што «ёсць сёння праблемы з перабоямі ў лекавых сродках», то ажыятажны попыт, наадварот, узмоцніцца. Народ жа ў нас не дурны. Калі ўлада нешта хавае — значыць, ёсць што хаваць. І дзейнічае адпаведна.
А вось каму свіны грып не страшны — гэта апазіцыі. 31 кастрычніка ў Палацы культуры МТЗ прайшоў Устаноўчы з’езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Ён прыняў рашэнне аб юрыдычным стварэнні партыі, а таксама зацвердзіў яе статут і праграму.
За гэта рашэнне аднагалосна прагаласавалі ўсе 311 дэлегатаў з’езда, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск. Назіралі за гэтым працэсам каля 300 гасцей і каля 30 журналістаў. З’езд таксама абраў кіраўніцтва партыі. БХД узначалілі чатыры сустаршыні: Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі і Георгій Дзмітрук, якія з’яўляліся сустаршынямі аргкамітэта па стварэнні гэтай палітычнай структуры.
1 лістапада апазіцыя правяла сваё традыцыйнае шэсце на Дзяды. У ім прынялі ўдзел ад 700 да 1000 чалавек, якія прайшлі па маршруце: праспект Незалежнасці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі. Удзельнікі акцыі рухаліся выключна па тратуарах, пераходзілі дарогу на зялёнае святло, выконвалі ўсе патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ, якія, у сваю чаргу, арганізоўвалі бяспечны пераход людзей цераз праезную частку.
Шэсце, як заўсёды, атрымалася прыгожым і мірным. Таму 8 лістапада, нягледзячы на свіны грып, пройдзе і другая акцыя КХП-БНФ — на гэты раз шэсце ў Лошыцкі яр. Збор удзельнікаў запланаваны на 8 лістапада ў 11:30 ля Палаца культуры камвольнага камбіната (вуліца Маякоўскага). А 12-й — пачатак шэсця. Удзельнікі акцыі дойдуць да Лошыцкага яра, дзе правядуць жалобны мітынг, паведаміў прэс-сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал.
«У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Мінску адмяняць акцыю мы не маем намеру», — сказаў Буйвал.
Пагадзіцеся, зайздросная мужнасць: збіраць масавыя мерапрыемствы, калі захворванняў усё больш і больш. Так што апазіцыя, наадварот, паказвае прыклад таго, што яна не панікуе. Каб такім жа чынам дзейнічалі ўлады...