Школа павінна фармаваць эліту, альбо Што не так з вынікамі PISA-2018
Беларусь упершыню паўдзельнічала ў аўтарытэтным міжнародным даследаванні ўзроўню сярэдняй адукацыі PISA-2018. Яго вынікі былі прэзентаваныя 3 снежня 2019 года, і Міністэрства адукацыі паспела назваць іх «вышэйшымі за сярэднія». Але ці сапраўды гэта так?
Што такое PISA
Мэта Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (англ. Programme for International Student Assessment, PISA) — ацэнка і параўнанне нацыянальных адукацыйных сістэм у краінах-удзельніцах. У рамках даследавання ацэньваюцца веды і ўменні, якія набываюць 15-гадовыя падлеткі да моманту заканчэння базавай школы, з пункту гледжання вырашэння шырокага дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах.
Заказчыкам даследавання з'яўляецца Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) у кансорцыуме з вядучымі міжнароднымі навуковымі арганізацыямі, пры ўдзеле нацыянальных цэнтраў. Даследаванне праводзіцца з 2000 года з перыядычнасцю раз у тры гады.
Па выніках PISA-2018 Беларусь заняла агульнае 36-е месца з 79 краін. Разам з тым нашыя вучні набралі ніжэйшы за сярэдні паказчык АЭСР у галіне чытання, матэматыкі і прыродазнаўства. Чытацкая пісьменнасць стала асноўным напрамкам даследавання PISA у 2018 годзе. Па ім навучэнцы з Беларусі набралі 474 балы.
Беларускіх вучняў «падцягвалі» на вынік
Вынікі даследавання паспрабавала асэнсаваць экспертная супольнасць падчас круглага стала, арганізаванага Таварыствам беларускай школы з удзелам Сусветнага банка і EdcampBelarus.
Эксперты кажуць: дадзеныя PISA — нагода задумацца і паглядзець, дзе ў нас ёсць правалы. Калі на сярэдніх узроўнях наша краіна выглядае больш-менш някепска, то па самых высокіх 5 і 6 узроўнях — вялікія пытанні. Гэтыя заданні выканалі толькі 4 адсоткі беларускіх вучняў. Найлепшыя вынікі паказалі ліцэісты і гімназісты.
Мадэратарка круглага стала Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы падкрэслівае: у PISA даследуюцца не кампетэнцыі, а тое, наколькі праз іх вучні гатовыя да выклікаў сучаснага грамадства, а таксама якасць сістэмы адукацыі.
Павел Фунцікаў з Сусветнага банку адзначыў, што беларускія школьнікі паказалі лепшыя вынікі, чым іх равеснікі ў краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі з аналагічным даходам. Але Беларусь адстае ў параўнанні з развітымі краінамі Еўропы, ЗША, некаторымі краінамі Лацінскай Амерыкі.
Сацыяльна-эканамічны статус Беларусі вельмі моцна адлюстроўваецца на паспяховасці дзяцей: вучні з сем’яў з лепшым сацыяльна-эканамічным становішчам паказваюць лепшыя вынікі. Гэтакжа ў гарадскіх школах вынікі аказаліся лепшымі, чым у вясковых. Таксама больш высокія рэзультаты паказалі дзяўчынкі, чым хлопчыкі.
Паводле вынікаў даследавання, Сусветны банк склаў шэраг рэкамендацый для беларускай адукацыйнай сістэмы. Па-першае, неабходна прыарэтызаваць роўнасць паміж рэгіёнамі, гарадскімі і сельскімі ўмовамі і сацыяльна-эканамічнымі групамі, павялічыўшы ўключанасць уразлівых груп насельніцтва і знізіўшы сегрэгацыю школьнікаў. Па-другое, варта пашыраць доступ і праводзіць далейшае паляпшэнне якасці дашкольнай адукацыі для ўсіх вучняў, асабліва з уразлівых груп. І, нарэшце, трэба ўмацаваць выкарыстанне дадзеных ацэнкі якасці і праводзіць доказную адукацыйную палітыку.
«У Беларусі была іншая мэта правядзення даследавання, чым у астатніх краінах. Настаўнікі і вучні ў школах ведалі, што ў іх будзе даследаванне. Доўгі час з імі займаліся па вечарах і «падцягвалі» на вынікі. Таму, калі ў дэмакратычных краінах мэта PISA — зрабіць зрэз дадзеных для аналізу, то ў Беларусі імкнуліся менавіта паказаць найлепшы вынік», — зазначыла Тамара Мацкевіч.
З якога боку мы «сярэдненькія»?
Кандыдат педагагічных навук Кацярына Куксо ў сваім выступе ўзняла пытанне таго, што сярод беларускіх школьнікаў амаль няма «адукацыйнай эліты», якая можа выканаць заданні вышэйшых 5 і 6 узроўняў.
«Калі ў нас курс на сацыяльную роўнасць, мы адмяняем гімназіі, то што мы можам прапанаваць такім дзецям?» — задаецца пытаннем даследчыца.
Таксама яна звярнула ўвагу на тое, што роўнасць у адукацыйным працэсе — не раўно «ўраўнілаўка». Па яе словах, у беларускай сістэме адукацыі ўсе «сярэдненькія», але разам з тым існуе высокі ўзровень сегрэгацыі.
Дарэчы, даследаванне паказвае, што выніковасць і эфектыўнасць сістэмы адукацыі наўпрост залежыць ад інвестыцый у яе. Калі для Беларусі гэта каля 50 тысяч долараў у сярэднім на аднаго вучня за ўвесь перыяд навучання, то сярэдні паказчык па АЭСР — каля 90 тысяч.
Між тым неабыякавы бацька Дзмітрый Івановіч высветліў, што насамрэч у рэйтынгу АЭСР Беларусь знаходзіцца ніжэй за сярэдні вынік. Чаму тады Міністэрства адукацыі адрапартавала адваротнае? Адказ просты: калі ўлічыць краіны, якія не ўваходзяць у АЭСР, у тым ліку афрыканскія, то Беларусь, сапраўды, знаходзіцца ў рэйтынгу крыху вышэй за сярэдні ўзровень.
Агулам Беларусь істотна адстае не толькі ад такіх лідараў, як Кітай, Паўднёвая Карэя, Японія і Эстонія, але і ад блізкіх Расіі і Польшчы. На некалькі пунктаў ніжэй за нас з суседзяў у рэйтынгу аказалася хіба Украіна, якая таксама ўпершыню ўдзельнічала ў PISA ў 2018 годзе.
Балючыя кропкі беларускай адукацыі
На думку выкладчыка, перакладчыка і грамадскага дзеяча Лявона Баршчэўскага, апошнім часам абвастрылася праблема разумення тэкста. Рэзкае абмежаванне літаратурных дысцыплін і якасці тэкстаў уплываюць на тое, што сучасныя дзеці не ўспрымаюць тэксты з лексікай высокага ўзроўню. Апроч таго ў вучняў 13 – 15 гадоў падае ўменне чытання тэкстаў уголас.
З іншага боку, цяпер дзякуючы інтэрнэту дзеці ствараюць значна больш тэкстаў, чым раней. Але кампетэнцыя на гэтым не павышаецца.
Каб вырашыць гэтую праблему, неабходная капітальная рэформа філалагічнага кампанента адукацыі. Асноўная ўвага павінна быць накіраваная не на тое, каб пісаць правільна, а на крэатыўнае стварэнне і разуменне тэкста.
Эксперт Грамадскага Балонскага камітэту прафесар Уладзімір Дунаеў зазначыў, што адукацыйная палітыка — гэта баланс трох складнікаў: якасці, даступнасці і кошту. Калі грошай няма, даводзіцца ахвяраваць альбо якасцю, альбо даступнасцю. Але Беларусь узяла на сябе яшчэ адно абавязальніцтва: забяспечыць інклюзіўнасць адукацыі на ўсіх узроўнях. Аднак цяпер, напрыклад, колькасць выпускнікоў сельскіх школ сярод студэнтаў утрая ніжэйшая, чым агульная іх колькасць. Хто гэтыя маладыя людзі з сельскай мясцовасці, якія не могуць трапіць у вышэйшую школу? Каля 90% школьнікаў у вёсках навучаецца на беларускай мове. Такім чынам, маем не толькі дыскрымінацыю сельскай моладзі, але яшчэ і дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы.
Таксама Уладзімір Дунаеў зазначае, што за апошнія гады скарацілася доля студэнтаў з інваліднасцю і сірот. Паводле яго, ніводзін дакумент не рэгулюе адукацыйную палітыку ў Беларусі. Адзіны суб’ект, якія вызначае гэтую палітыку, — кіраўнік дзяржавы.
Мінадукацыі выдала Канцэптуальныя напрамкі развіцця адукацыі да 2030 года. Пры гэтым ніводнай задачы, якая была б прысвечаная роўнаму доступу да вышэйшай адукацыі, там няма. Атрымліваецца, для беларускай дзяржавы сацыяльнага вымярэння ў сістэме адукацыі проста не існуе, кажа прафесар Дунаеў.
«Мы маем справу з экстрэмальна несправядлівай сістэмай адукацыі. Сацыяльная несправядлівасць — характэрная рыса беларускай сістэмы адукацыі. І калі мы хочам нешта змяніць, трэба ўлічваць гэтую велічэзную хібу», — падсумаваў эксперт.
Даследаванне PISA выявіла і шэраг іншых праблему беларускай адукацыі. Так, у параўнанні з многімі краінамі, у беларускіх школах сустракаецца менш праяваў булінгу і лепшая дысцыпліна, але разам з тым і менш кааперацыі і канкурэнцыі. І калі ў краінах АЭСР 63% вучняў маюць мысленне, якое развіваецца, то ў Беларусі гэта толькі 55%. То-бок, 45% 15-гадовых дзяцей у нашай краіне перакананыя, што яны не могуць паўплываць на карціну навакольнага свету.
Што рабіць?
Прадстаўнік Нацыянальнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча Павел Церашковіч прызнаўся, што чакаў нашмат горшых вынікаў PISA. Ён звярнуў увагу на такі паказчык як школьныя вакацыі, якія засталіся нам у спадчыну ад савецкай школы, а тая пераняла яе ад школы часоў Расійскай імперыі. Напрыклад, восеньскія канікулы ў свой час былі неабходнымі, таму што праз бездарожжа вучні нярэдка не маглі дабрацца да школ. А летам, у час пасеву і збору ўраджаю, школьнікі мінулых стагоддзяў былі занятыя на бацькоўскіх палетках. Але калі паглядзець на лідараў PISA, становіцца зразумела, што гэта краіны з надзвычай інтэнсіўнай адукацыяй, якія не маюць такой раскошы, як тры месяцы летніх вакацый.
Прафесар Мікалай Запрудскі з Акадэміі паслядыпломнай адукацыі перакананы, што сучасныя вучэбныя праграмы моцна перагружаныя, таму проста не застаецца часу на выкананне дзецьмі кампетэнтасна арыентаваных заданняў. А яны неабходныя для таго, каб дзеці ўмелі прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы.
«Увесь свет пераходзіць на змяшанае навучанне, адзін з варыянтаў — перакулены ўрок, калі дзеці самастойна дома чытаюць параграф ці глядзяць ролік, а потым на ўроку абмяркоўваюць прычытанае ці ўбачанае», — прапанаваў альтэрнатыву прафесар.
Яго калега Алена Радзевіч лічыць, што трэба змяніць адукацыйную філасофію выкладання, каб ацэньваць перадусім не веды, а ўзровень разумення і крытычнага мыслення. І пачынаць гэтую працу трэба з падрыхтоўкі педагогаў.
«Калі педагогам усё спускаюць зверху, навошта думаць над мэтай урока, калі яна ўжо напісаная? Некаторым настаўнікам гэта зручна», — мяркуе яна.
Таксама варта было б разгрузіць настаўнікаў, зняць з іх абавязкі па выхаванні дзяцей па-за школай, адмяніць рэйтынгі.
«Дзяржава бярэ на сябе функцыю фармавання такіх грамадзян, якія ёй патрэбныя. А ёй не трэба людзі з крытычным мысленнем, адказныя, з нацыянальнымі каштоўнасцямі і ідэалогіяй, адрознай ад той, якая ім прапаноўваецца. Гэтую сістэму трэба ламаць і ўводзіць механізм, каб грамадства, бацькі, студэнты, працадаўцы маглі ўплываць на фармаванне адукацыі. Школа павінна фармаваць эліту. Толькі ад 3 да 7% вучняў у Беларусі здольныя ўжываць веды на практыцы. Навошта мы вучым астатніх?» — задаецца пытаннем Тамара Мацкевіч.
Яна нагадала, што якасць школ не бывае лепшай за якасць настаўнікаў. А пакуль што, як сведчыць даследаванне PISA, нашыя настаўнікі, паводле сваёй кваліфікацыі, паказваюць ажно другі вынік з канца.