Школьнікам у 4-й чвэрці скароцяць вучэбную праграму
Вясновыя канікулы ў школьнікаў працягнулі на два тыдні, пры гэтым навучальны год павінен скончыцца 30 траўня, як і планавалася. З-за гэтага гадзіны на вывучэнне пэўных тэмаў настаўнікам давядзецца скарачаць. Такія рэкамендацыі апублікаваў Нацыянальны інстытут адукацыі.
Вясновыя канікулы ў школьнікаў павінны былі прайсці з 30 сакавіка па 5 красавіка. Пасля гэтага яны двойчы падаўжаліся — праз сітуацыю з каронавірусам. У выніку чацвёртая чвэрць будзе доўжыцца шэсць тыдняў замест стандартных васьмі.
Нацыянальны інстытут адукацыі апублікаваў метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, якія выкладаюць у пачатковых і старэйшых класах, каб за гэты час прайсці ўсе тэмы і выканаць навучальныя праграмы. З гэтых рэкамендацый вынікае, што на адны тэмы варта вылучыць менш гадзін, чым планавалася, іншыя трэба будзе аб'яднаць і вывучыць за адзін урок. Таксама прыйдзецца адмовіцца ад некаторых кантрольных работ, а таксама ад заняткаў па сістэматызацыі і абагульненні вывучанага матэрыялу.
Вось некаторыя прыклады:
— вучням 7-х класаў прыйдзецца вывучыць раздзел фізікі «Работа. Магутнасць. Энергія » за 8 гадзінаў замест прадугледжаных 12;
— школьнікам, якія вучацца ў 8-х класах, не прыйдзецца пісаць кантрольную работу па тэме «Сістэмы і сукупнасці квадратных няроўнасцей»;
— вучням 9-х класаў трэба будзе за адзін урок вывучыць будову мочавыдзяляльнай сістэмы і будову нефрона, што звычайна вывучаецца за дзве гадзiны;
— вучні 10 класа павінны вывучыць тэму «Уладзімір Караткевіч» (беларуская літаратура) за сем гадзінаў замест запланаваных васьмі;
— тэмы, якія датычацца дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў, іх утварэння і ўжывання, а таксама прыслоўяў, іх утварэння і ступеняў параўнання (беларуская мова) рэкамендуюць вывучыць на адным ўроку.
Паводле tut.by