Што могуць зрабіць беларусы ў змаганні за мову?
У сацыяльных сетках узмацніліся спрэчкі паміж праціўнікамі і прыхільнікамі беларускай мовы – наконт штодзённага яе ўжывання.

Дастаецца і Таварыству беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якому нядаўна споўнілася 30 гадоў. Яно скарацілася за гэтыя гады больш чым на 23 тысячы.

Былы дырэктар беларускага народнага музею ў Русінах Міхась Бернат лічыць, што метады працы ТБМ састарэлі і іх наспеў час мяняць. Пра гэта ён распавёў “Радыё Рацыя”:
— Трэба мяняць форму, дзесьці клубы па інтарэсах, спартовыя клубы трэба нейкія, трэба нейкія вандроўкі па гістарычных мясцінах, — кажа Міхась Бернат.
З чым не згодны намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Мікалай Падгайскі.

Ён лічыць, што нягледзячы на супраціў з боку ўладаў, іх праца мае свае плады:
— Робіцца нешта, у Баранавічах чуецца змаганне за беларускасць, людзі падтрымліваюць. Усё гэта выбіваецца лістамі, зваротамі. Патрэбен час, вялікая рэальная праца.
Паводле Мікалая Падгайскага, паціху мяняюцца назвы вуліц, з’яўляюцца беларускія шыльды ў дзяржаўных установах, адчыніліся беларускія класы, пастаянна праходзяць культурніцкія мерапрыемствы нацыянальнага кшталту і многа чаго іншага.
Паводле Беларускае Радыё
Рацыя