Што рабіць, калі ў дзіцяці атыт? Спытайце ў педыятра
У вашага дзіцёнка баліць вуха? Хутчэй за ўсё гэта атыт. Якія бывацюь атыты, чым яны небяспечныя і ці магчыма прафілактыка? Тлумачыць доктар Мая Церакулава.
Анатамічна вуха чалавека дзеліцца на тры часткі: вонкавае, сярэдняе і ўнутранае.
Ад вушной ракавіны да барабаннай перапонкі — гэта вонкавае вуха; ад барабаннай перапонкі да спецыяльных анатамічных структур — гэта сярэдняе вуха. Малаточак, стрэмечка, кавадлачка, улітка і іншыя цуды — гэта ўнутранае вуха. Яно складана і выдатна ператворыць дэцыбелы ў нервовыя імпульсы, захворванні яго рэдкія і своеасаблівыя, мы пакінем яго вузкім спецыялістам.
Сярэдні і вонкавы атыты
Пагаворым пра тое, што напэўна сустрэнецца нам у жыцці — а гэта патэнцыйна небяспечны атыт сярэдняга вуха і вельмі непрыемны вонкавы атыт.
Вонкавы атыт — гэта запаленне скуры слыхавога праходу. Звычайна гэта адбываецца праз бактэрыяльную або радзей грыбковую інфекцыю. Можа выглядаць як фурункул або як эрозія, як мокнучая рана. Вуха пры гэтым чырвонае, ацёклае і баліць. Цалкам верагодна нешта будзе з яго цячы. Дыягназ звычайна ставіцца з першага позірку. Лечыцца усялякага роду мазямі і кроплямі, антыбактэрыйнымі або супрацьгрыбковымі.
Сярэдні атыт складаней і цікавей. Па-першае, у дзяцей ён у асноўным вірусны. Але часам і бактэрыяльны. А яшчэ бывае, што спачатку вірусны, а потым бактэрыяльны. Да таго ж, да яго бывае схільнасць. Але бываюць і прышчэпкі ад яго.
Чаму дзеці часта хварэюць на атыт?
Дзіцячая ўзроставая схільнасць да атытаў выклікана анатамічнай пабудовай насаглоткі і кароткай еўстахіевай трубой. Еўстахіева труба злучае поласць сярэдняга вуха з насаглоткай, каб зраўнаваць атмасферны ціск унутры вуха і звонку — для законаў фізікі. У дзяцей гэтая труба кароткая, таму інфекцыя лёгка перацякае з носа ў вуха.
Праз запаленне і ацёк у насаглотцы еўстахіева труба можа перакрывацца, паветра ў вуха не паступае, там складваецца адмоўны ціск і выпат вадкасці з сасудаў. Карацей, праз законы фізікі пры перакрытай еўстахіевай трубе ў сярэднім вуху назапашваецца вадкасць, што выклікае адчуванне закладзенасці вуха. А калі вадкасці назапашваецца шмат — то і вострай хваравітасці. Тэмпература пры гэтым — хутчэй сімптом ВРВІ, на фоне якой здарыўся атыт.
Акрамя таго, у дзяцей яшчэ часта бываюць павялічаныя адэноіды. Праз вялікі аб'ём лімфоіднай тканіны ў насаглотцы еўстахіева труба таксама можа перакрыцца. І зноў у сярэднім вуху назапасіцца вадкасць, а значыць, здарыцца атыт.
Што рабіць?
Калі інфекцыя, якая прывяла да закаркоўвання еўстахіевай трубы і развіцця сярэдняга атыту — вірусная, то наша справа па магчымасці зняць ацёк насаглоткі і пачакаць пакуль арганізм сам справіцца з віруснай інфекцыяй. Гэта значыць атыты, выкліканыя ВРВІ, мы лечым сасудазвужальнымі кроплямі ў нос і тыднем чакання.
Але пакуль у вуху закаркаваная вадкасць, у ім могуць пачаць размнажацца бактэрыі. Бактэрыі любяць размнажацца ў вадкасці. У сярэдняе вуха яны могуць патрапіць з носа, у носе ў нас ва ўсіх шмат розных бактэрый. І гэты момант важна не празяваць, тут трэба прызначаць антыбіётыкі — у вялікай дазіроўцы і толькі ўнутр, таблеткамі. Капаць антыбіётыкі звонку на герметычную барабанную перапонку бессэнсоўна.
Як любое бактэрыяльнае запаленне, гнойны сярэдні атыт суправаджаецца падвышанай тэмпературай цела. Хваравітасць гаворыць пра вялікую колькасць сакрэту ў сярэднім вуху. Гнойны атыт небяспечны, таму што калі гэтыя бактэрыі з іх гнояродным працэсам трапяць у сярэдняе вуха, то там ім і да мозгу недалёка. Вельмі небяспечна, так і памерці можна.
Таму атыты трэба паказваць лекару з атаскопам. Праз празрыстую барабанную перапонку лекар зможа ацаніць ступень празрыстасці сакрэту ў сярэднім вуху.
Празрысты, прыкмет запалення няма — значыць, атыт сакраторны; вадкасць — проста выпат, лячыць сасудазвужальнымі кроплямі ў нос. Вадкасць у сярэднім вуху каламутная — значыць, там ужо адбываецца гнояродны працэс і патрэбныя антыбіётыкі.
Якая прафілактыка?
Ёсць добрая навіна: вакцыны. Часцей за ўсё, гнойныя атыты выклікаюцца пнеўмакокам і гемафільнай палачкай. Спецыяльна для таго, каб гэтага не адбывалася, у паліклініцы дзецям робяць прышчэпкі ад гэтых бактэрый. Калі ў вас ёсць да іх імунітэт, рызыка небяспечных гнойных атытаў нашмат зніжаецца.
Ёсць яшчэ адзін сімптом, які пэўна сведчыць пра атыт: калі з вуха нешта цячэ. Барабанная перапонка тонкая і крохкая, яна можа перфараваць як пад ціскам чыстага выпату ў сярэднім вуху, так і праз лізіс — расплаўленне барабаннай перапонкі бактэрыямі. Тады з вуха будзе цячы гной. Перфарацыя барабаннай перапонкі — стопрацэнтнае паказанне да прызначэння антыбіётыкатэрапіі. Нават калі цячэ не гной, то бактэрыям звонку патрапіць у вуха, не абароненае герметычнай барабаннай перапонкай, — як у госці прагуляцца. Пасля перфарацыі барабаннай перапонкі вуха трэба берагчы: напрыклад, не хадзіць з ім у басейн два месяцы (або пакуль не дазволіць лекар).
А калі з вуха нічога не цякло, то ў басейн хадзіць можна адразу пасля атыту.