Трэшачок года. Чатыры пазіцыі, радасць ад санкцый, АМАП супраць цэн
Вось і сышоў год 2022-гі — драматычны, трагічны, гаротны. Год вайны і яе ахвяр. Год крамлёўскай агрэсіі, украінскага гераізму, лукашэнкаўскага саўдзелу і заходняй салідарнасці. Мы яшчэ доўга будзем падводзіць яго вынікі і спазнаваць яго сапраўдную цану. А пакуль — вынікі іншага кшталту. Сабралі самыя адчайныя прыклады фірмовага крынжу.
Вайна. Лукашэнка так феерычна схлусіў, што патрапіў у вікіпедыю
Вайна, вядома, страшная рэч, але без напаміну пра варварскую расійскую агрэсію ва Украіне не абыдзецца аніякае падвядзенне вынікаў года. І добра, што нават у такія часы людзі даюць рады жартаваць і смяяцца. У Беларусі цудоўную нагоду для гэтага даў Лукашэнка.
У сакавіку, чарговы раз прыехаўшы ў Маскву да Пуціна, ён сказаў літаральна бессмяротныя словы: «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях — чатыры пазіцыі, я зараз пакажу карту, прывёз — яны б атакавалі нашы войскі, Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях. Таму не мы развязалі гэтую вайну, у нас сумленне чыстае».
Хлусня крамлёўскага сатэліта была настолькі відавочнай, што адразу стала такім мемам, як і незабыўныя Нік і Майк. Завірусілася так, што гай шумеў не толькі ў сеціве. Нават на стадыёне ў Казахстане, куды прыехала гуляць зборная Беларусі, заўзятары расцягнулі банер з той мудрай лукашэнкаўскай цытатай. Ды што тут распавядаць, вы самі ўсё выдатная памятаеце. А калі не, то вікіпедыю вам у дапамогу. Так-так, «чатыры пазіцыі» ад Лукашэнкі патрапілі ў і сусветную інтэрнэт-энцыклапедыю — то-бок фактычна ў вечнасць.
Знешняя палітыка. Лаючыся на «калектыўны Захад», зруйнавалі польскія могілкі
Як вядома, пасля сфальсіфікаваных у 2020 годзе выбараў і наступнага за імі гвалту знешняй палітыкі ў Беларусі амаль не засталося. Еўрапейскія краіны дыстанцыянаваліся ад душнага мінскага рэжыму і ўвялі санкцыі. Тое ж самае зрабілі ЗША, Канада і іншыя дзяржавы заходняй цывілізацыі. Краіны, так бы мовіць, нейтральныя таксама неяк спакваля адмежаваліся ад Беларусі. У трэндзе фактычна засталася адна Расія, хаўрусніцтва з якой у выніку давяло Лукашэнку да вайны.
Рэжым ад самага пачатку адказвае Захаду сіметрычна — называе ворагам, лялькаводам, пляжыць у прапагандзе. На асаблівым рахунку тут, канечне, Польшча, якая, паводле слоў лукашэнкаўцаў, і ядзерную зброю рыхтуе для нападу, і кавалак Украіны хоча забраць, і наогул сусветнае зло. Дзяржаўная нянавісць да ўсяго польскага з часам разраслася да такіх памераў, што ў нейкі момант беларускія ўлады пачалі ваяваць з мёртвымі. Цягам гэтага года ў Беларусі было знішчана 13 польскіх пахаванняў, у асноўным месцаў апошняга спачыну жаўнераў Арміі Краёвай. Пахаванні тыя нікому не перашкаджалі, людзі ў вёсках і мястэчках іх стараліся даглядаць — а потым прыязджаў бульдозер і нішчыў крыжы. Здаровага сэнсу ў гэтым не адшукаеш — адное толькі помслівае бязглуздства і іспанскі сорам.
Эканоміка. Цэнам загадалі не расці
Пра гэта, канечне, ужо шмат было сказана, але ў кантэксце эканомікі «высачайшую» забарону на падвышэнне коштаў у крамах не абмінуць. Кафка як ён ёсць. Гэта няхай у іншых краінах з інфляцыяй змагаюцца складанымі механізмамі, макра- і мікрапараметрамі, усялякімі там індэксамі, попытам-прапановай, імпартам-экспартам… Ды ну яго: тут нядоўга і галаву зламаць. Лепш проста: цэны — стаяць, аць-два. І ўсё, нясіце сюды Нобеля па эканоміцы.
Смешна гэта ўсё, вядома. Не трэба мець вышэйшую профільную адукацыю, каб разумець: з аднолькавым поспехам можна забараніць расці як цэнам, так і фікусу ў вазоне. І цэны, і фікус не паслухаюцца, бо прыроду не падманеш, колькі АМАПу на парушальнікаў не насылай.
Зразумела, што эксперымент з цэнамі ў Беларусі праваліўся — з трэскам і пад рогат грамадства.
Схамянуўшыся, цемрашальскую пастанову Лукашэнкі спачатку ціха адкруцілі назад, а пасля пачалі памалу спускаць на тармазах. А цэны, атрымаўны каманду «вольна», працягваюць расці.
Грамадства. Вітанне «Жыве Беларусь» прызналі «нацысцкім»
Унутры Беларусі ў 2022 годзе працягнуўся галоўны трэш — масавыя палітычныя рэпрэсіі. Колькасць палітычныя зняволеных пастаянна расце, заканадаўства папаўняюць усё новыя рэпрэсіўныя законы, дайшло ўжо да завочных судоў і прысудаў.
«Разынкай» на гэтым выпаленым полі стала, бадай, лістападаўскае рашэнне МУС аб прызнанні «нацысцкім» вокліча «Жыве Беларусь». Вядома, з нюансамі — з адказам «Жыве» і ў суправаджэнні «паднятай рукі з распрастанай далонню». Логіка ў рэжыму тут такая, што ў часы Другой сусветнай вайны гэткім чынам віталіся калабарацыяністы. Але ж відавочна, чаму насамрэч дзяржаўныя ідэолагі дабраліся да словаў, якімі карыстаўся яшчэ Янка Купала, а ў 2020-м гукалі шматтысячныя пратэстоўцы. Гэта частка зачысткі ўсяго нядобранадзейнага, чым рэжым займаецца ўжо трэці год. І што, канечне, не адолее, бо «Жыве» жыве і будзе жыць.
Адукацыя. Вертыкальшчыкі знішчылі прыватныя школы
Атрымаўшы ў 2020 годзе моцную псіхалагічную траўму, Лукашэнка вырашыў заціснуць гайкі паўсюль і дабраўся з гаечным ключом нават да дзяцей. У дзяржаўныя школы пачалі рэгулярна прыходзіць сілавікі са сваімі няхітрымі прапагандысцкімі акцыямі. Узмацніліся захады па ўцягванні вучняў у БРСМ ды розныя мілітарызаваныя «патрыятычныя» клубы. Вучэбную праграму таксама адкарэктавалі ў ідэалагічна правільны бок, ужо ледзьве не гімн спяваць прымушаюць перад кожным урокам.
А вось недзяржаўныя школы амаль усюды закрылі. Павыдумлялі розныя атэстацыі-ліцэнзаванні, назвалі расаднікамі «змагарства», дый, як любіць казаць Лукашэнка, выразалі. Амаль пад корань. У дадатак да ўсяго — з традыцыйнай грацыяй слана ў краме з посудам, бо за ліквідацыю прыватнай сярэдняй адукацыі ўзяліся пасля пачатку новага вучэбнага года. У выніку вучні апынуліся фактычна на вуліцы і былі вымушаны экстрана ўладкоўвацца ў дзяржаўныя школы па месцы прапіскі.
Што праз такую дурасць пагоршыцца ўзровень адукацыі ў краіне, нікога з вертыкальшчыкаў, вядома, не турбуе. Затое павысіцца, як яны думаюць, узровень лаяльнасці да рэжыму. Гэта цяпер галоўнае. Прыярытэты пазначаныя: ты можаш быць дурнем, абы ўхваляў уладу.
Спорт. Апынуліся ў ізаляцыі, разняволіліся і атрымліваюць асалоду
Яшчэ ў першай палове лютага беларускія спартсмены ўдзельнічалі ў Алімпіядзе, якая праходзіла ў Пекіне, а літаральна праз некалькі тыдняў аказаліся пад татальным міжнародным банам. Такім натуральным чынам спорту адгукнула прыналежнасць да дзяржавы-суагрэсара. У выніку ад той пары і дагэтуль галіна перажывае апакаліптычныя часы.
Свет праводзіць чэмпіянаты свету — без беларусаў (і, вядома, расійцаў). Еўропа праводзіць першынствы Еўропы — без беларусаў. Кубкі свету, Гран-пры, іншыя прэстыжныя старты — без беларусаў. Так і жывём, і невядома, як доўга будзе доўжыцца змрок.
Добра там, дзе нас няма? А вось і не. Рэакцыя беларускіх спартыўных чыноўнікаў паказала, у якім паралельным сусвеце яны жывуць і які «трэшачковы» светапогляд маюць. «Несправядлівым» санкцыям яны раптам пачалі радавацца. Маўляў, гэта толькі зробіць нас мацнейшымі, а самотна спаборнічаць сам-насам з расійцамі — найлепшае задавальненне. Нават узнікла было пытанне: калі ізаляцыя гэта супер, то чаму б яе не ўзаконіць раз і назаўсёды? Чаму б не папрасіць яшчэ санкцый, не запатрабаваць дабаўкі?
Асабліва нахвальвае санкцыі міністр спорту Сяргей Кавальчук — у мінулым супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі і палкоўнік-артылерыст. Напрыклад, у траўні ён сказаў, што ў выніку санкцый «спаборніцтваў высокага ўзроўню з удзелам нашых зорак ува ўсіх рэгіёнах Беларусі стане нашмат больш», і адпаведна, «папулярнасць, аўтарытэт і ўзровень усіх відаў спорту ў краіне шматкроць узрастуць».
Наколькі з траўня вось гэта ўсё сапраўды ўзрасло — пытанне рытарычнае. А ўвогуле ў старым анекдоце гэта называлася — «разняволься і атрымлівай асалоду». Вось яны і стараюцца, як могуць. Жывуць у анекдоце, Кафку робяць быллю, і ўсё ім божая раса.