Выказванне Лукашэнкі пра «чатыры пазіцыі», адкуль «рыхтаваўся напад», мае асобную старонку ў вікіпедыі
Камічнае выказванне Лукашэнкі пра «чатыры пазіцыі», адкуль «рыхтаваўся напад», спачатку пераўтварылася ў сапраўдны вірусны мем, а потым трапіла ў вікіпедыю. У сусветнай інтэрнэт-энцыклапедыі яно мае старонкі на дзевяці мовах, уключаючы англійскую. На беларускай, дарэчы, старонкі пакуль няма.
Словы, з дапамогай якіх Лукашэнка паспрабаваў няўклюдна апраўдаць расійскую агрэсію ва Украіне, ён вымавіў у сакавіку падчас візіту ў Маскву, сустракаючыся з Пуціным.
«А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І
калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях
— чатыры пазіцыі, я зараз пакажу карту, прывёз — яны б атакавалі нашы войскі,
Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях. Таму не мы развязалі гэтую вайну, у
нас сумленне чыстае. Добра, што пачалі. Біялагічная зброя, самыя вялікія электрастанцыі
атамныя — і ўсё гэта былі гатовыя падарваць», — як кажуць, на блакітным воку сказаў Лукашэнка.
Літаральна праз пару дзён гэты выступ стаў інтэрнацыянальным мемам. Пачытаць пра яго ў вікіпедыі можна па спасылцы.