«Тры дні не ведалі, што з дзецьмі». Што вядома пра справу школьнікаў, якія спрабавалі патушыць Вечны агонь

У Гродне двое падлеткаў паспрабавалі патушыць Вечны агонь, а супраць іх распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства, здзейсненае групай асоб») і паказальна затрымалі ў актавай зале школы. Да суда змясцілі ў СІЗА. «Б*лсат» паразмаўляў са знаёмым сям’і аднаго са школьнікаў і даведаўся, як адбывалася затрыманне хлопцаў і колькі яны прабудуць пад арыштам.

1666521373_221023132249.png

На мінулым тыдні праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, паведаміў, што ў Гродне затрымалі школьнікаў 14 і 15 гадоў. Сцвярджаецца, што яны 15 кастрычніка пагасілі газіроўкай Вечны агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у парку Жылібера, а пасля нібыта выклалі ў інтэрнэт відэазапіс. Далей быццам бы міліцыянты ўбачылі відэа, затрымалі хлопцаў і змясцілі іх у ізалятар. Але насамрэч усё было не зусім так.

Як распавёў знаёмы сям’і аднаго з затрыманых, першапачаткова міліцыя забрала падлетка з урокаў раніцай 21 кастрычніка па іншай справе: «Забралі, бо ў іх нейкая бойка з хлопцамі адбылася, і яго забралі, каб паказанні ўзяць. Потым міліцыянты пачалі правяраць тэлефон, і там было гэтае відэа».

Пазней сілавікі пераслалі гэтае відэа сабе і ўжо потым яно трапіла ў інтэрнэт, але самі падлеткі нічога не выкладалі. У допісе праўладнага тэлеграм-канала пазначана, што падлеткі нібыта самі выклалі відэа ў інтэрнэт: «Адзін з іх заліў напоем агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў, другі зняў на мабільнік і выклаў у сеціва».

Спачатку падлеткаў даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна з нагоды бойкі, а калі міліцыянты знайшлі відэа, забыліся пра бойку і адвезлі іх у РУУС Ленінскага раёна.

Да школьнікаў паспелі прыехаць бацькі, яны прысутнічалі на допыце затрыманых хлопцаў. Пасля допыту бацькі былі ўпэўненыя, што дзяцей адпусцяць дадому, але сілавікі вырашылі затрымаць тых на 72 гадзіны і павезлі ў ізалятар. У гэты час бацькам не паведамлялі, як іх дзеці, не давалі звязвацца з імі. Толькі 24 кастрычніка патэлефанавалі і сказалі, што вырашылі падлеткаў трымаць пад вартай даўжэйшы тэрмін — да суда.

«Гэтыя тры дні мы наогул не ведалі, дзе і як яны былі, ні тэлефона не далі, ні адвакатаў, нікога. Следчы нічога не казаў. Толькі потым, у панядзелак, патэлефанавалі і сказалі: "Прыязджайце, будзем арыштоўваць". Да гэтага наогул не ведалі, што з імі і дзе яны будуць», — распавядае знаёмы сям’і.

Пасля затрымання падлеткаў сілавікі вырашылі зладзіць паказальнае затрыманне ў школе. У праўладным тэлеграм-канале тады напісалі: «Хайпажорам арганізавалі хвіліну славы па месцы вучобы. Школьнікам распавялі пра «подзвіг» іх таварышаў і адказнасць за падобныя «прыколы». Весела і смешна ўжо нікому не было».

«Усе ў шоку ад таго, што зладзілі гэтую паказуху. Дзяцей яны не навучылі, а толькі больш узлавалі. Дзеці ўвесь дзень потым плакалі хадзілі, перажывалі за хлопцаў», — дзеліцца знаёмы сям’і.

Адміністрацыя школы цяпер таксама спрабуе дапамагчы затрыманаму школьніку.

Усяго ў тым інцыдэнце ўдзельнічалі чатыры падлеткі, аднаму з іх 13 гадоў — ён праходзіць у якасці сведкі. У той вечар хлопцы вярталіся з дыскатэкі, па дарозе зайшлі ў краму і пасля пайшлі праз парк, дзе і быў Вечны агонь. На апублікаваным відэа бачна, што хлопцы спрачаюцца, ці магчыма пагасіць агонь, аператар падбухторвае хлопца з бутэлькай паспрабаваць гэта зрабіць. Выказванняў пра тых, каму прысвечаны Вечны агонь, на відэа не чуваць. Ці быў пашкоджаны Вечны агонь газіроўкай, не паведамляецца.

«Я разумею [жаданне] пакараць, але не гэтак жа. Яны ж нават не ўсведамляюць, не зразумелі, што гэты агонь азначае, і толкам не разумеюць. Побач ішлі і зачапіліся за яго, потым спалохаліся і ўцяклі. Я не апраўдваю, але ж гэта ўсё па дурасці зрабілі. Яны нават не ведалі і не думалі, што ён можа патухнуць, не збіраліся яго тушыць. Нават спрачаліся паміж сабой, што ён не можа патухнуць», — кажа знаёмы сям’і.

Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу за «злоснае (групавое) хуліганства» паводле арт. 339 КК РБ. Паводле часткі 2 школьнікаў («групу асоб») могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Адказнасць за гэты артыкул наступае з 14 гадоў.

Цяпер затрыманыя застаюцца ў СІЗА да суда. Родным казалі, што справу будуць расследаваць два месяцы, але з іншых крыніц вядома, што следчыя будуць весці яе тры месяцы. «Мы нічога не ведаем пра гэта. Што следчыя збіраюцца высвятляць тры месяцы, незразумела», — каментуе знаёмы сям’і аднаго з хлопцаў.

Родныя ўжо змаглі перадаць затрыманым падлеткам харчы і цёплыя рэчы, але пагаварыць або пабачыцца з імі да суда яны не змогуць.